Хоць яна для Лукашэнкі і зусім не камфортная, але ён склаў усе яйкі ў адзін кошык. І калі для самога Лукашэнкі гэта асабістая драма, то для Беларусі можа стаць трагедый.
Сьцісла:
- Расейская эліта прызнае, што эканамічныя санкцыі Захаду падрываюць намаганьні Масквы паставіць пад свой кантроль дзяржавы былога СССР, а таксама перашкаджаюць наладжваньню эканамічных сувязяў з глябальным Поўднем.
- Краіны Цэнтральнай Азіі імкнуцца «інтэгравацца без Расеі». І гэта вялікі выклік для Масквы.
- Апошнім часам прыкметна дыстанцыюецца ад РФ Закаўказьзе (Армэнія, Азэрбайджан). З 2021 году Малдова пасьлядоўна аддаляецца ад Расеі.
- Ва ўмовах вайны і санкцый эканоміка Расеі перажывае вялікія цяжкасьці і яе магчымасьці дапамагаць саюзьнікам рэзка зьмяншаюцца. У выніку стымулы да эканамічнага саюзу з РФ зьніжаюцца.
- Расея лічыць Беларусь самым пасьпяховым прыкладам расейскага ўплыву.
- Калі ўсе іншыя краіны імкнуцца дыстанцыявацца ад Расеі, Беларусь, наадварот, ідзе на ўсё большую інтэграцыю зь ёй. Бо падтрымка з боку Масквы дапамагла Лукашэнку ўтрымаць уладу ў 2020 годзе. А далей спрацавала сіла палітычнай інэрцыі.
З пачаткам агрэсіі супраць Украіны Расея стала больш актыўна пазыцыянаваць сябе ў якасьці авангарду Глябальнага Поўдня ў барацьбе з «аднапалярным сьветам», з «імпэрыялістычным Захадам», з былымі калянізатарамі, якія, маўляў, працягваюць эксплюатаваць народы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.
Аднак міжнародная рэальнасьць, у якой апынулася Масква, моцна адрозьніваецца ад згаданай прапагандысцкай карцінкі. Гэта вымушаны прызнаваць і расейскія эліты.
Закрыты даклад пра эўразійскую інтэграцыю
Выданьне Financial Times змагло азнаёміцца са зьместам закрытага дакладу, які быў прадстаўлены на стратэгічнай сэсіі аб эўразійскай інтэграцыі пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна ў красавіку мінулага году. Галоўная выснова гэтага дакумэнта палягае ў тым, што Расея зьмяншае свой уплыў на краіны постсавецкай прасторы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Вайна з Украінай, востры канфлікт з Захадам, эканамічныя санкцыі падрываюць намаганьні Масквы паставіць пад свой кантроль дзяржавы былога СССР, а таксама перашкаджаюць наладжваньню эканамічных сувязяў з глябальным Поўднем.
Тут можна згадаць, што РФ паступова страчвае тыя пункты апоры, якія існавалі раней. Найбольш красамоўны прыклад — крах рэжыму Башара Асада ў Сырыі.
У дакладзе адзначаецца, што, у прыватнасьці, краіны Цэнтральнай Азіі вымушаныя (ва ўсялякім разе, афіцыйна) выконваць санкцыі, каб ня трапіць пад другасныя абмежаваньні. Больш за тое, саюзьнікі Расеі атрымалі выгаду ад санкцый, выціснуўшы расейскія прадпрыемствы са сваёй юрысдыкцыі, узяўшы пад кантроль імпартныя і экспартныя плыні, зарабляючы на кантрабандзе падсанкцыйных тавараў. У гэты рэгіён рэлякуецца расейскі капітал.
У дакладзе прызнаецца, што краіны Цэнтральнай Азіі імкнуцца «інтэгравацца без Расеі» у такія групы, як Арганізацыя цюрскіх дзяржаў. Яны «зьмянілі свой сьветапогляд», «пераасэнсаваўшы агульную гісторыю», прасоўваючы ангельскую ў якасьці другой мовы замест расейскай і пераходзячы на заходнія стандарты адукацыі, а таксама адпраўляючы сваю эліту вучыцца на Захад. Аўтары дакладу прызнаюць, што Расеі давядзецца «гуляць на пэрспэктыву», каб утрымаць краіны Цэнтральнай Азіі ў сваёй арбіце.
Постсавецкія краіны дыстанцыююцца ад Расеі
Тут можна дадаць, што ў Расеі праблемы ня толькі ў адносінах з краінамі Цэнтральнай Азіі. Прыкметна дыстанцыюецца ад РФ Закаўказьзе. Армэнія замарозіла свой удзел у АДКБ. 9 студзеня 2025 году армянскі ўрад ухваліў праект закону «Аб пачатку працэсу ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз». 14 студзеня сёлета Армэнія і ЗША падпісалі пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве.
Апошнім часам літаральна на вачах разбураюцца адносіны Азэрбайджану з Расеяй з прычыны зьбітага расейскімі сіламі супрацьпаветранай абароны азэрбайджанскага самалёта.
З 2021 году Малдова пасьлядоўна аддаляецца ад Расеі. На рэфэрэндуме летась краіна замацавала курс на інтэграцыю ў ЭЗ. Больш за тое, Прыднястроўе, якое было, здавалася, надзейным пляцдармам РФ, застаўшыся без расейскага газу, пачало атрымліваць яго з Эўропы. Што, можна меркаваць, паслужыць моцным стымулам для паступовага перагляду геапалітычнай арыентацыі гэтай тэрыторыі.
Крызісныя праблемы ў ЭАЭС
У згаданым дакладзе гаворыцца, што разьвіцьцё Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) сутыкаецца з «сыстэмнымі праблемамі». З гэтым можна пагадзіцца, і таму ёсьць відавочныя прычыны.
Паколькі асноўным рухавіком эўразійскай інтэграцыі зьяўляецца Расея, гэты працэс у вырашальнай ступені залежыць ад таго, у якім стане знаходзіцца РФ. Усе члены ЭАЭС уступілі ў саюз, каб атрымаць ад Расеі некаторыя льготы ў выглядзе зьніжаных цэнаў на энэргарэсурсы, свабоднага доступу тавараў і працоўнай сілы на вялікі расейскі рынак і інш.
Але высьветлілася, што Расея крыху не разьлічыла сваіх сілаў. Пачынаючы стварэньне ЭАЭС як геапалітычны праект, у Маскве не да канца палічылі, колькі за гэта давядзецца плаціць. Бо, каб праект разьвіваўся, Расея павінна несьці эканамічныя выдаткі. За статус імпэрыі трэба плаціць. Але высьвятляецца, што гэта для Расеі цяжкі і эканамічна непасільны цяжар. Пераводзіць біржавыя тавары (такія як нафта, газ), паслугі, ці транзыт энэрганосьбітаў (напрыклад, з Казахстана ў Беларусь) у рэжым агульнага карыстаньня Расея ня хоча.
Цяпер, ва ўмовах вайны і санкцый, эканоміка Расеі перажывае вялікія цяжкасьці і яе магчымасьці дапамагаць саюзьнікам рэзка зьмяншаюцца. У выніку стымулы да эканамічнага саюзу з РФ зьніжаюцца. Іншыя сябры ЭАЭС пачалі шукаць новыя крыніцы падтрымкі.
Яшчэ адзін чыньнік. У сваім выступе напярэдадні нападу на Ўкраіну Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея не прызнае вынікаў распаду СССР, межы, якія былі зафіксаваныя ў 1991 годзе. І заяўляе пра сваё гістарычнае, маральнае, а значыць, і палітычнае права пераасэнсаваць тое, што неаднаразова называлася «геапалітычнай катастрофай».
Такая ідэалягічная канцэпцыя разбурае аснову постсавецкай інтэграцыі, якая апрыёры грунтавалася на прызнаньні дзяржаўнасьці, незалежнасьці ўсіх краін, створаных пасьля распаду СССР. І вайна супраць Украіны паказала, што пуцінскія развагі — гэта ня проста тэарэтычная канструкцыя, а цалкам рэальная пагроза сувэрэнітэту. Бо цяпер усе лідэры постсавецкіх краін зь вялікім недаверам ставяцца да любой прапановы Расеі «паглыбіць інтэграцыю» або стварыць наднацыянальныя органы.
Беларусь як выключэньне
Але ў гэтым шэрагу расейскіх «сыстэмных праблем» ёсьць і выключэньні. Даклад называе Беларусь самым пасьпяховым прыкладам расейскага ўплыву. У якасьці ілюстрацыі прыводзіцца эвалюцыя пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі. Так, у 2018 годзе ён заклікаў да эканамічнай дывэрсыфікацыі — зьніжэньня залежнасьці Беларусі ад Расеі і пашырэньня гандлёвых сувязяў зь іншымі краінамі. Праз шэсьць гадоў Лукашэнка выступае з заявай пра тое, што «мы заўсёды будзем адзіныя з Расеяй».
Значыць, Беларусь знаходзіцца ў поўным супрацьходзе з тымі трэндамі, якія дамінуюць ня толькі ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы, але і на прасторах Эўразіі. Калі ўсе іншыя краіны імкнуцца дыстанцыявацца ад Расеі, якая загнала сябе ў зацяты і зацяжны канфлікт з Захадам, афіцыйны Менск, наадварот, ідзе на ўсё большую інтэграцыю зь ёй. Бо падтрымка з боку Масквы дапамагла Лукашэнку ўтрымаць уладу ў крытычны момант супрацьстаяньня з уласным народам у 2020 годзе. А далей спрацавала сіла палітычнай інэрцыі. Зацягнуты ў вір вайны з Украінай, Лукашэнка ўжо ня можа выскачыць з гэтай пасткі.
Калі краіны Цэнтральнай Азіі «зьмянілі свой сьветапогляд», «пераасэнсавалі» агульную з Расеяй гісторыю, прасоўваюць ангельскую ў якасьці другой мовы замест расейскай, адпраўляюць сваю эліту вучыцца на Захад, пераходзяць на заходнія стандарты адукацыі, то ў Беларусі ўсё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот. Варожасьць да ўсяго заходняга спадарожнічае зацьвярджэньню расейскага погляду на беларускую гісторыю, капіяваньню ўсіх ідэалягічных канструктаў, якія насаджае Масква.
Вось цяпер пасьля апошняй прэзыдэнцкай кампаніі беларускі ўладар не хавае сваёй радасьці. Маўляў, бачыце, увесь народ мяне падтрымаў. Калі сапраўды так, калі ён упэўнены, што атрымаў апору ўнутры краіны, то неабходнасьць у вонкавай падтрымцы моцна зьменшылася. У такім выпадку, паводле лёгікі, варта было б дыстанцыявацца ад Расеі, веславаць ад «Тытаніка», які нясецца няведама куды і лёгка можа разьбіцца аб рыфы ці айсбэргі.
Аднак праблема ў тым, што рэжым Лукашэнкі дыстанцыявацца ад Расеі ўжо ня ў стане. Кіпцік захрас — усёй птушачцы канец. За гэтыя чатыры з паловай гады залежнасьць ад Расеі стала такой татальнай, што вылузнуцца зь яе немагчыма. Хоць яна для Лукашэнкі і зусім не камфортная. Але ён склаў усе яйкі ў адзін кошык. І калі для самога Лукашэнкі гэта асабістая драма, то для Беларусі можа стаць трагедыяй.
Форум