Палітвязьня, які заплаціў уладам 31 біткоін кампэнсацыі і зьняўся ў фільме БТ, асудзілі яшчэ на 9 гадоў
Палітзьняволенага айцішніка Аляксандра Зіязэтдзінава восеньню 2022 году ўжо асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) да трох гадоў калёніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL.
У сярэдзіне кастрычніка 2023 году яго зьнялі ў прапагандысцкім фільме, дзе ён распавёў, што пакрыў шкоду за новы выяўлены эпізод і напісаў прашэньне аб памілаваньні. Але негледзячы на гэта, у лютым 2024 года ў Менскім гарадзкім судзе яго зноўку пачалі судзіць. Айцішніка абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці).
Праваабаронцам стала вядома, што судзьдзя Алена Шылько вынесла прысуд — дзевяць гадоў зьняволеньня.
Адміністратару пабліку «Подслушано Глубокое» прызначылі 2 гады «хіміі»
Як даведалася Беларуская асацыяцыя журналістаў, у судзе Глыбоцкага раёну 7 лютага паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу Беларусі асудзілі Ігара Шкетава.
Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Тарасевіч. Ён прызначыў Ігару Шкетаву два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хіміі»).
Ігар Шкетаў быў адміністратарам інфармацыйнага пабліку «Подслушано Глубокое», папулярнага сярод жыхароў раённага цэнтру. У сацыяльнай сетцы «Укантакце» на яго падпісана больш за 26 тысяч чалавек. Плятформа пазыцыянуе сябе як супольнасьць для зносінаў і абмену інфармацыяй па-за палітыкай і рэлігіяй.
5 жніўня 2024 году Ігара Шкетава ўжо судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасьля, у сярэдзіне верасьня 2024 году, яго затрымліваў Віцебскі ГУБАЗіК падчас так званай «зачысткі экстрэмістаў» у горадзе, сілавікі зьнялі зь ім «пакаяльнае» відэа.
Мужчына знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА да суду 5 месяцаў, а знаходжаньне там павялічвае адбыты тэрмін удвая, а значыць, зь ягонага тэрміну абмежаваньня волі будзе вылічана 10 месяцаў.
У Лепелі мужчыну асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» за сарваны дзяржаўны сьцяг
У судзе Лепельскага раёну паводле арт. 370 КК («зьдзек з дзяржаўных сымбаляў») прысудзілі 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») 41-гадоваму Аляксею Маладыку. Прысуд вынес Міхаіл Юрчанка, паведамляе «Вясна».
Агулам у Беларусі паводле артыкула 370 КК асудзілі ўжо як мінімум 215 чалавек.
72-гадовага палітвязьня Дземідовіча будуць судзіць дзявяты раз
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў судзе Смалявіцкага раёну 20 лютага будуць разглядаць ужо дзявятую крымінальную справу супраць пэнсіянэра Васіля Дземідовіча, якому 72 гады.
Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Справу будзе весьці судзьдзя Аляксандар Казлоўскі.
Агулам Васіля асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зьняволеньні Васіля Дземідовіча трымаюць амаль 3 гады.
Цяпер Дземідовіч адбывае тэрмін у івацэвіцкай калёніі № 22. У сувязі з тым, што палітзьняволенага ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераказы. За апошнія гады ён перажыў дзясяткі этапаў.
Форум