Напярэдадні 104-годзьдзя з дня нараджэньня беларускага пісьменьніка, ураджэнца Хойніччыны Івана Мележа ў гарадзкім парку на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёну» ўшанавалі імя клясыка беларускай літаратуры. Артыкул і здымкі з падзеі апублікавала мясцовае выданьне «Хойніцкія навіны».
Адкрыцьцё памятнай дошкі — адна з падзей, заплянаваных да дня нараджэньня клясыка. Але яе зрабілі на расейскай мове.
У Доме культуры прайшла літаратурна-музычная праграма «Пясьняр палескай зямлі». А ў парку на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёну» ўшанавалі імя клясыка памятным знакам. Летась Мележу надалі званьне «Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёну».
«Нам варта берагчы памяць пра чалавека, які сваёй творчасьцю, любоўю да родных мясьцін натхняў пакаленьні беларусаў. Імя Івана Мележа носяць вуліцы ў гарадах нашай краіны, школы, тэатар і музэй. Сёньня мы аддаём даніну павагі славутаму земляку», — заявіла старшыня раённага аддзяленьня партыі «Белая Русь» Людміла Рудчанка, якая адкрывала памятны знак.
Гэта ўжо ня першы выпадак усталяваньня дошкі ў гонар творцы беларускай культуры, які засьцерагаў землякоў ад русыфікацыі. Раней у Воршы на сярэдняй школе № 3 павесілі расейскамоўную дошку ў гонар іншага клясыка беларускай літаратуры, Уладзімера Караткевіча.
Форум