ЗША вызваляць расейца Аляксандра Віньніка ў абмен на вызваленага 11 лютага амэрыканца Марка Фогеля. Пра гэта паведамляюць Reuters і The New York Times са спасылкай на прадстаўнікоў адміністрацыі Дональда Трампа. Інфармацыю пра вызваленьне расейца пацьвердзіў францускі адвакат Віньніка Фрэдэрык Бэла.
Аляксандар Віньнік — адзін з кіраўнікоў біржы крыптавалют BTC-e, якой ужо не існуе. У ліпені 2017 году яго затрымалі ў Грэцыі на запыт ЗША, дзе яго абвінавацілі ў адмываньні ня менш як чатырох мільярдаў даляраў.
У 2020 годзе Віньніка выдалі Францыі, дзе яго асудзілі да 5 гадоў пазбаўленьня волі за адмываньне грошай. Француская юстыцыя абвінавачвала яго ва ўзломе электроннай пошты некалькіх тысяч карыстальнікаў і вымагальніцтве ў іх грошай. У жніўні 2022 году Віньніка вярнулі ў Грэцыю, дзе ён падаваў запыт на палітычны прытулак, але неўзабаве яго экстрадавалі ў ЗША.
Прысуд па ягонай справе ў ЗША яшчэ ня вынесьлі. У 2024 годзе Віньнік заключыў угоду з пракуратурай і прызнаў віну ў змове з мэтай адмываньня грошай. Ягоны адвакат Аркадзь Бух удакладняў, што Віньнік прызнаў віну «па абмежаванай колькасьці артыкулаў». Абарона разьлічвала, што яму ў ЗША дадуць менш за 10 гадоў.
Журналіст Андрэй Захараў указвае, што Віньнік, паводле некаторых зьвестак, кантралюе кашалёк, дзе знаходзяцца 80 тысяч біткоінаў, скрадзеных зь японскай біржы ў 2011 годзе. «80 тысяч біткоінаў. 8 мільярдаў даляраў. 2% даходаў фэдэральнага бюджэту на 2025 год. Сардэчна запрашаем дадому!» — напісаў ён.
Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў у размове з журналістамі 12 лютага пацьвердзіў, што ў Расею са зьняволеньня ў ЗША ў абмен на Фогеля вернецца расеец. Пры гэтым Пяскоў заявіў, што імя вызваленага стане вядомае толькі тады, калі ён ужо будзе ў Расеі.
11 лютага Расея вызваліла са зьняволеньня амэрыканскага настаўніка і былога супрацоўніка амбасады ЗША ў Расеі Марка Фогеля. Ён ужо вярнуўся ў ЗША. Як паведамляў белы дом, Фогеля вызвалілі ў рамках абмену, але на каго менавіта яго абмянялі, не ўдакладнялася.
Улетку 2022 году расейскі суд асудзіў Марка Фогеля да 14 гадоў калёніі па справе аб кантрабандзе наркотыкаў. Амэрыканца затрымалі ў жніўні 2021 году ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева, дзе ў яго знайшлі марыхуану. Паводле паведамленьня прэс-службы суда, ён цалкам прызнаў віну і сказаў, што ўжываў марыхуану паводле мэдыцынскіх паказаньняў пасьля апэрацыі на хрыбетніку, гэта пацьвярджаецца запісам у яго мэдыцынскай карце. Паводле Фогеля, ён ня ведаў пра існую ў Расеі забарону на мэдыцынскую марыхуану.
- У жніўні 2024 году Расея, ЗША і іншыя краіны правялі найбуйнейшы абмен вязьнямі з часам заканчэньня халоднай вайны, вызваліўшы 16 чалавек, у тым ліку журналістку Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Алсу Курмашаву.
Форум