Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб не сутыкаліся лбамі». Лукашэнка думае, чым заняць Усебеларускі народны сход


Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе. Менск, 2021
Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе. Менск, 2021

У красавіку мае адбыцца так званы Ўсебеларускі народны сход (УНС). Лукашэнка чарговы раз выказаў перасьцярогі наконт таго, як упісаць УНС у сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, што рабіць з гэтым інстытутам, як не дапусьціць умяшаньня ім «у кампэтэнцыю іншых дзяржаўных органаў».

Сьцісла:

  • Традыцыйна УНС праводзілі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, гэтыя сходы былі складнікам перадвыбарнай кампаніі Лукашэнкі і супадалі з прыняцьцем чарговага пяцігадовага пляну. Гэтым разамУНС правядуць пасьля выбараў.
  • Паколькі на УНС прэм’ер-міністар зробіць справаздачу пра дзейнасьць ураду, то можна прагназаваць, што зь вялікай верагоднасьцю Раман Галоўчанка захавае сваю пасаду.
  • Лукашэнка сам стварыў УНС, надаў яму канстытуцыйны статус, а цяпер ня ведае, як убудаваць у палітычную сыстэму. Калі Лукашэнка перастане быць кіраўніком, то ўся сыстэма кіраваньня, сканструяваная ім, пачне разбурацца. Бо яна разбалянсаваная.

Чаму чарговы УНС улады не правялі напярэдадні выбараў? Пытаньне натуральнае, бо адна з функцый, якая была закладзена першапачаткова ў сам праект гэтай інстытуцыі — спрыяньне Лукашэнку ў электаральнай кампаніі. Першы УНС быў сабраны ім у 1996 годзе напярэдадні лёсавызначальнага рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі. Пазьней такія сходы праводзіліся акурат напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, яны станавіліся складовай часткай выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Так было у 2001, 2006, 2010 гадах. УНС выконвалі ролю галоўнай перадвыбарчай піяр-акцыі, былі кульмінацыяй і завяршэньнем агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі, разглядаліся як усенароднае дабраславеньне яго на цараваньне. І тыя пяцігадовыя пляны, якія зацьвярджаліся на сходах, ён абвяшчаў сваёй перадвыбарнай праграмаў. Маўляў, вось я выконваю наказ народу.

Першы збой адбыўся ў 2015 годзе. Прычына парушэньня традыцыі была даволі важкай. Справа ў тым, што ў той пэрыяд былі катастрафічна праваленыя задачы, пастаўленыя папярэднім УНС. Фактычна ніводзін паказчык праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2011-2015 гады ня быў дасягнуты. Хваліцца перад выбарамі не было чым. Таму УНС перанесьлі на 2016-ы, ён прайшоў ужо пасьля выбараў

А ў 2020 годзе сытуацыя для рэжыму была такая напружаная, што было не да прапагандысцкіх сходаў. УНС правялі толькі на пачатку 2021 году, калі ўсё нібыта супакоілася.

Здавалася б, сёлета нішто не перашкаджала Лукашэнку зрабіць УНС фіналам сваёй перадвыбарнай кампаніі замест канцэрту «Маратону адзінства». Можна было перанесьці яго з красавіка на студзень. Але тут узьнікала праблема. Паводле традыцыі, УНС, прымеркаваны да выбараў, зацьвярджаў пяцігадовы плян. Але паколькі выбары перанесьлі на паўгода раней тэрміну, то зьбіўся альгарытм. Атрымлівалася, што апошні год цяперашняй пяцігодкі (2025-ы) толькі пачаўся. У такой сытуацыі прымаць плян наступнай пяцігодкі (2026-2030 гг.) неяк нелягічна. Традыцыя канчаткова зламалася.

Калі вяртацца да парадку дня чарговага паседжаньня УНС у красавіку, то там прадугледжаны выступ Лукашэнкі з чарговым гадавым пасланьнем. А таксама выступ прэм’ер-міністра са справаздачай аб праведзенай рабоце і выкананьні праграм сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны. Ён таксама акрэсьліць контуры стратэгіі такой праграмы на наступную пяцігодку. Саму гэту праграму прымаць не плянуецца.

Тут узьнікае некалькі пытаньняў. Цяперашні ўрад ужо падаў у адстаўку. Неўзабаве павінна адбыцца інаўгурацыя Лукашэнкі, пасьля чаго трэба прызначаць новы Савет Міністраў. Доўга зацягваць сытуацыю, калі ў краіне працуе часовы ўрад, ненармальна. Калі склад Савету Міністраў, прозьвішча прэм’ер-міністра памяняецца, то атрымаецца, што рабіць справаздачу перад УНС няма каму. Новаму ўраду няма за што даваць справаздачу. Ці яе будзе рабіць экс-прэм’ер — чыноўнік, адпраўлены ў адстаўку? Неяк дзіўна.

Усё становіцца на свае месцы, калі зыходзіць з таго, што ўрад мяняцца ня будзе, а Лукашэнка перапрызначыць цяперашні ўрад на чале з прэм’ерам. З гэтага вынікае, што верагоднасьць захаваньня Раманам Галоўчанкам сваёй пасады рэзка падвышаецца.

Падчас паседжаньня Лукашэнка чарговы раз выказаў перасьцярогі наконт таго, як упісаць УНС у сыстэму дзяржаўнага кіраваньня: «Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампэтэнцыю іншых дзяржаўных органаў. Нельга спарадзіць новыя нарады, перапіску, фармалізм. І галоўнае: не павінна быць сутыкненьня лбамі адных органаў улады зь іншымі і ўсіх разам з Усебеларускім народным сходам».

Калі перафармуляваць пытаньне, то яно выглядае так: што рабіць з гэтым інстытутам, куды яго паставіць, каб не замінаў, ня блытаўся пад нагамі? Лукашэнка сам стварыў новую структуру, надаў ёй канстытуцыйны статус, а цяпер ня ведае, як убудаваць у палітычную сыстэму. Пакуль ён кіруе, то ўсе дзяржаўныя інстытуты Беларусі падпарадкоўваюцца яму. Але вось калі Лукашэнка зьнікне зь якіх-небудзь прычынаў, то ўся палітычная сыстэма, сканструяваная ім, пачне развальвацца, разбурацца. Бо яна разбалянсаваная. Дзяржаўныя інстытуты (прэзыдэнт, парлямэнт, УНС, урад) пачнуць змагацца за ўладу. Новая канструкцыя ўлады канфліктагенная паводле азначэньня. Лукашэнка гэта прадчувае, але што ён можа зрабіць?..

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG