Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год пракуратура Менскай вобласьці накіравала ў суды звыш тысячы заяваў аб прызнаньні матэрыялаў «экстрэмісцкімі»


Пракурор. Ілюстрацыйнае фота
Пракурор. Ілюстрацыйнае фота

Летась органы пракуратуры Менскай вобласьці накіравалі ў суды 450 заяваў аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі» матэрыяламі, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Паводле заяваў пракурораў Менскай вобласьці ў 2024 годзе суды прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прадукцыю 279 акаўнтаў у TikTok, 109 інстаграм-старонак, 33 тэлеграм-каналаў і чатаў, 11 YouTube-каналаў, пяці акаўнтаў «Укантакце».

«Да прыкладу, пракуратура Менскага раёну выявіла, што ў акаўнце „Угадай“ сацыяльна-забаўляльнай сеткі TikTok, падпісчыкамі якога былі больш за 145 тысяч карыстальнікаў, разьмяшчаліся паведамленьні, фатаздымкі, відэаролікі, якія зьмяшчаюць нэгатыўныя выказваньні, дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, заклікі да распальваньня сацыяльнай варожасьці, да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Усяго ў 2024 годзе пракуроры Меншчыны накіравалі ў суды звыш тысячы заяў аб прызнаньні матэрыялаў «экстрэмісцкімі».

  • Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты час у сьпісе амаль на 1500 старонках пералічаныя тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць.
  • У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
  • З 2020 году ўлады Беларусі выкарыстоўваюць гэты сьпіс для масавых рэпрэсіяў і барацьбы з іншадумствам.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG