Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія і ЗША адмовіліся падпісаць супольную дэклярацыю аб штучным інтэлекце на саміце ў Парыжы


Падчас саміту па штучным інтэлекце ў Парыжы, Францыя. 10 лютага 2025 году
Падчас саміту па штучным інтэлекце ў Парыжы, Францыя. 10 лютага 2025 году

У Парыжы прайшоў саміт пры ўдзеле больш за 60 краін сьвету, прысьвечаны разьвіцьцю штучнага інтэлекту. Па выніках саміту прынялі сумесную дэклярацыю, якую адмовіліся падпісаць Вялікая Брытанія і ЗША, піша ВВС.

У сумеснай заяве, якую падпісалі 73 краіны, установы і арганізацыі, у тым ліку Францыя, Кітай і Індыя, а таксама Эўракамісія і Рада Эўропы, у якасьці адной з мэтаў называецца «забесьпячэньне адкрытасьці, інклюзіўнасьці, празрыстасьці, этычнасьці, бясьпекі, надзейнасьці і годнага даверу ШІ з улікам міжнародных рамак для ўсіх».

Акрамя таго, у заяве гаворыцца пра неабходнасьць «скарачэньня лічбавай няроўнасьці», заахвочваньня ўкараненьня ШІ, які пазытыўна ўплывае на будучыню «на рынках працы і дае магчымасьці для ўстойлівага росту», а таксама вядзе да «ўмацаваньня міжнароднага супрацоўніцтва». Яшчэ адным прыярытэтам, які згадваецца ў дакумэнце, зьяўляецца неабходнасьць «зрабіць ШІ устойлівым для людзей і плянэты».

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс раней заявіў перад удзельнікамі саміту ў Парыжы, што занадта жорсткае рэгуляваньне штучнага інтэлекту можа «забіць гэтую галіну ў той момант, калі яна толькі набірае абароты». Вэнс заявіў, што штучны інтэлект — гэта «магчымасьць, якую адміністрацыя Трампа не ўпусьціць», і што «палітыка, якая спрыяе росту ШІ», павінна быць прыярытэтнай у параўнаньні зь бясьпекай.

Ягоныя заявы супярэчаць меркаваньню прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, які адстойваў неабходнасьць далейшага рэгуляваньня ШІ. «Нам патрэбныя гэтыя правілы для таго, каб ШІ рухаўся наперад», — заявіў Макрон на саміце.

Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі заявіў, што Францыя зьяўляецца адным з самых блізкіх партнэраў Вялікай Брытаніі ў ШІ, але брытанскі ўрад будзе «падпісвацца толькі пад ініцыятывамі, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Вялікай Брытаніі», піша The Guardian. Крыніца ў брытанскім урадзе сказала выданьню, што дэклярацыя «недастаткова моцная ў пытаньнях бясьпекі і не адлюстроўвае падыход Вялікай Брытаніі».

Вялікая Брытанія раней была прыхільніцай ідэі бясьпекі ШІ, а тагачасны прэмʼер-міністар Рышы Сунак правёў першы ў сьвеце саміт па бясьпецы ШІ ў лістападзе 2023 году.

«Адмаўляючыся падпісваць сёньняшнюю міжнародную Заяву аб дзеяньнях у галіне ШІ, урад Вялікай Брытаніі рызыкуе падарваць свой зь цяжкасьцю заваяваны аўтарытэт сусьветнага лідэра ў галіне бясьпечных, этычных і надзейных інавацыяў у галіне ШІ», — заявіў Эндру Дадфілд, кіраўнік аддзелу ШІ ў арганізацыі па праверцы фактаў Full Fact.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG