Сьцісла:
- Улада ставіць за мэту паставіць цэрквы пад яшчэ большы кантроль дзяржавы.
- Для Лукашэнкі аказалася нечаканасьцю, што царква — гэта ня ўладная «вэртыкаль».
- Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак заўсёды бярэ ўдзел у пасяджэньнях сыноду Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага парыярхату.
- Дзяржава глядзіць як на «сваю» толькі на праваслаўную царкву. Іншыя такой прывілеі ня маюць.
— 10 лютага Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі розных рэлігійных канфэсіяў. Падчас спатканьня ён шмат разоў імкнуўся паказаць, што паміж уладай і канфэсіямі існуюць ледзь не ідэальныя адносіны. Наколькі гэта адпавядае рэальнасьці?
— У выказваньнях Лукашэнкі яўна гучала хваляваньне: ён заклапочаны тым, каб не паўтарыліся падзеі 2020 году. Прайшло ўжо пяць гадоў, а ён падчас сустрэчы некалькі разоў зьвяртаўся да гэтай тэмы — відавочна, што для яго гэта важны пункт адліку. «Не атрымалася ў мяне дастукацца да вас, і гэта адна з прычынаў, якую выкарысталі нашы праціўнікі», — сказаў Лукашэнка.
Ён узгадвае, што ў 2020 годзе нават сьвятары выйшлі на пратэсты. І ўлады зрабілі ўсё, каб дабіцца замены кіраўнікоў асноўных канфэсіяў: і праваслаўнага мітрапаліта Паўла, і каталіцкага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
— Многія сьвятары апынуліся за кратамі, а кіраўнікі канфэсіяў на сустрэчы з Лукашэнкам не выказвалі ніякага абурэньня з гэтай нагоды ці нават згадак. Ці можна сказаць, што рэлігійныя кіраўнікі таксама па-свойму «засвоілі навуку 2020 году» і не рызыкуюць выступаць супраць улады?
— Так, новыя кіраўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфэсіяў былі прызначаны пасьля жніўня 2020 году. Ужо ў момант прызначэньня яны былі больш ляяльнымі да рэжыму. Яны, напэўна, лічаць сябе такімі вялікімі палітыкамі, бо ім ўдаецца з уладаю мірна суіснаваць. Яны дбаюць пра сваю сыстэму, пра тое, як бы ўлада лепш да іх ставілася. Магчыма, яны мяркуюць, што калі будуць максымальна пагаджацца з уладай, то ўдасца вызваліць тых сьвятароў, якія зараз за кратамі.
— Як у цэлым зьмяніўся характар адносінаў дзяржавы і рэлігійных арганізацыяў за апошнія гады?
— Лукашэнка адметна выказаўся падчас гэтай сустрэчы: маўляў, каб будаваць лепшыя адносіны з цэрквамі, патрэбна дысцыпліна. А дысцыпліны ў цэрквах няма. І для Лукашэнкі аказалася сюрпрызам, што царква — гэта не «вэртыкаль». Адна рэч — паразмаўляць, паабдымацца і дамовіцца пра нешта зь мітрапалітам, і зусім іншая — думкі і дзеяньні звычайных вернікаў.
Цяпер улада думае, як яшчэ больш паставіць пад кантроль цэрквы. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак заўсёды прымае ўдзел у пасяджэньнях сыноду Праваслаўнай царквы. Гэта нагадвае сытуацыю ў Расейскай імпэрыі, калі сынодам кіравала сьвецкая асоба, прадстаўнік улады.
Мала гэтага, зь сьвятарамі «працуюць» высокапастаўленыя чыноўнікі. Напрыклад, зь імі пэрыядычна сустракаецца Натальля Качанава. Тлумачыць, як трэба дзейнічаць у рэчышчы дзяржаўнай ідэалёгіі. У новай рэдакцыі закону аб свабодзе сумленьня канкрэтна запісана, што ад усіх царкоўных структураў патрабуецца, каб яны адпавядалі дзяржаўнай ідэалёгіі. Усё робіцца дзеля таго, каб узмацніць і паглыбіць кантроль дзяржавы над царквой.
— Што гэта за прапанова, якую агучыў на сустрэчы Лукашэнка — каб былі «створаныя цэнтры прыцягненьня для ўсіх рэлігіяў» на тэрыторыі Беларусі? Гэта нейкая манілаўшчына ці ўлады рэальна нешта ў гэтым кірунку будуць рабіць?
— І тое, і тое. Тут найперш улада ўлічвае палітычны чыньнік. У рэальнасьці дзяржава цісьне на рэлігійныя структуры, але для замежжа ёй трэба паказаць, як усё добра, як усё квітнее, якая гармонія. Так рабілі і пры савецкай уладзе, калі замежных турыстаў вазілі ў Тройца-Сергіеву лаўру.
Так і тут. Мэта — уладкаваць нейкае месца, дзе ўсё будзе выглядаць гарманічна: маўляў, царква квітнее,— і так для кожнай канфэсіі. Каб было што паказаць: гэткую «пацёмкінскую вёску».
Ёсьць і ўнутраная мэта паглыбіць уплыў дзяржавы на царкву — ня толькі на кіраўніцтва, але і на звычайных вернікаў. Каб зь людзей, якія будуць працаваць у такіх цэнтрах, фармаваць сваіх надзейных прыхільнікаў, ведаць настроі звычайных людзей.
— Ці можна казаць, што, заяўляючы пра роўнасьць усіх канфэсіяў, улада аддае прыярытэт праваслаўнай царкве? У чым гэта праяўляецца?
— Фармальна, паводле заканадаўства, усе канфэсіі абвешчаныя роўнымі. Аднак паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай падпісана адпаведнае пагадненьне. З каталікамі такога дакумэнту дагэтуль няма, нягледзячы на тое, што размовы пра гэта ішлі яшчэ 20 гадоў таму.
У гэтым сэнсе праваслаўная царква ў лепшым становішчы. Дазволы на будаўніцтва, нейкія штрафы, іншыя бюракратычныя працэдуры — ува ўсім гэтым дзяржава глядзіць на праваслаўную царкву як на «сваю», да іх стаўленьне больш спрыяльнае і мяккае.
Іншыя канфэсіі ня маюць такой магчымасьці. Напрыклад, у каталікоў няма дазволу працаваць у войску, у турмах, у сілавых структурах, у школах. Кандрусевіч спрабаваў гэта зьмяніць, наладзіць сустрэчы, напрыклад, у Вайсковай акадэміі, але прайшоў час, і нічога не ўдалося, ім гэтага не дазволілі. Лукашэнка ж адкрыта кажа, што будзем рабіць рэформу «нашай» царквы. І ён заўсёды пры гэтым мае на ўвазе праваслаўную царкву.
Форум