Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не зьмяніў прысуду журналістцы, пазбаўленай волі за супрацу зь нямецкім СМІ


Вольга Радзівонава.
Вольга Радзівонава.

Вярхоўны суд 7 лютага не зьмяніў вынесенага 10 сьнежня мінулага году выраку журналістцы Вользе Радзівонавай: 4 гады пазбаўленьня волі за «перадачу замежнаму СМІ для артыкулаў зьвестак экстрэмісцкага характару», паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў, піша «Позірк».

Паводле сьцьвярджэньня Генэральнай пракуратуры, Радзівонава «з мэтай атрыманьня грашовага ўзнагароджаньня падрыхтавала і перадала замежнаму СМІ — прадстаўнікам нямецкай штодзённай газэты Die Tageszeitung — шэраг артыкулаў з выказваньнямі, накіраванымі на ўзбуджэньне нацыянальнай і сацыяльнай варожасьці..., дыскрэдытацыю рэспублікі, а таксама паклёп».

«Артыкул Радзівонавай апублікаваны ў свабодным доступе для ўсеагульнага агляду на старонцы інтэрнэт-рэсурсу названай штодзённай газэты», — пісала пракуратура.

Акрамя таго, паводле нагляднага ведамства, з Радзівонавай па пастанове суду «спагнаны даход, атрыманы злачынным шляхам», гэта значыць ганарары за артыкулы. Згодна з прысудам яна была аштрафаваная на 100 базавых велічынь (4 тыс. рублёў).

Радзівонаву абвінавачвалі па ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці»), ч. 1 і 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта») і арт. 3691 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») Крымінальнага кодэксу.

Журналістку затрымалі 7 сакавіка 2024 году. У пэрыяд утрыманьня ў сьледчым ізалятары яе адпраўлялі на псыхіятрычную экспэртызу.

Маці асуджанай больш за 80 гадоў, яна мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.

Да 2020 года Радзівонава працавала ў інтэрнэт-выданьні KYKY. org, у якасьці фрылансэра супрацоўнічала з беларускімі і замежнымі СМІ.

31 кастрычніка 2024 году праваабарончая супольнасьць прызнала Радзівонаву палітзьняволенай.

  • Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зьняволеньні знаходзіцца 41 супрацоўнік беларускіх СМІ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG