«Сёньня была распачатая працэдура адхіленьня прэзыдэнта ад пасады. Гэта неразумны крок, бо я пакідаю пасаду праз некалькі месяцаў пасьля абраньня новага прэзыдэнта. Гэта неабгрунтавана, бо я ніколі, паўтараю, ніколі не парушаў Канстытуцыю», — цытуе ягоныя словы румынская служба Радыё Свабода.
Кляўс Яганіс адзначыў, што гэта «шкодная задума», бо ніхто ад гэтага ня выйграе, а «прайграюць усе». Паводле яго, ніхто з партнэраў не зразумее, чаму ў Румыніі адхіляюць прэзыдэнта пасьля пачатку працэдуры абраньня новага прэзыдэнта.
«Ніхто не зразумее такога падыходу. Мы выставім сябе на сьмех», — заявіў ён.
Прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Яганіса скончыліся 21 сьнежня 2024 году, аднак шостага сьнежня Канстытуцыйны суд Румыніі ануляваў вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў. Паўторныя выбары прэзыдэнта прызначылі на пачатак траўня 2025 году. Пры гэтым Вярхоўны суд Румыніі пастанавіў, што Кляўс Яганіс павінен заставацца на пасадзе да абраньня прэзыдэнта.
Канстытуцыйны суд ануляваў вынікі выбараў пасьля таго, як румынскія спэцслужбы апублікавалі дакумэнты, якія сьведчаць пра дапамогу Масквы ў папулярызацыі ультраправага кандыдата Кэліна Джарджэску, што нечакана перамог у першым туры. Паводле зьвестак спэцслужбаў краіны, палітыка, якога лічаць прарасейскім, у выбарчай кампаніі падтрымлівалі дзясяткі тысяч акаўнтаў TikTok. Сацсетка паведаміла румынскім уладам, што выявіла патэнцыйную сетку карыстальнікаў, якія ўдзельнічаюць у маніпуляваньні грамадзкай думкай у выбарчым кантэксьце, а таксама сетку акаўнтаў, зьвязаных з расейскім дзяржаўным мэдыя Sputnik.
Форум