Але цяпер Пэшкір, 36-гадовы праграміст, які, як паведамляюць, вядзе раскошны лад жыцьця, стаў цэнтральнай фігурай у паведамленьнях аб тым, што краіне правы кандыдат у прэзыдэнты Кэлін Джарджэску атрымаў выгаду з таемных кампаній уплыву, у тым ліку з Расеі.
Малавядомы Джарджэску стаў нечаканым пераможцам першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі 24 лістапада, калі набраў 23 працэнты галасоў. Яго перамога стварыла ўмовы для другога туру з удзелам празаходняй цэнтрысцкай кандыдаткі Элены Лясконі. Аднак 6 сьнежня Канстытуцыйны суд Румыніі адмяніў вынікі выбараў, даўшы ўраду магчымасьць прызначыць новую дату прэзыдэнцкіх выбараў.
Палітычныя аналітыкі ламалі галовы над ашаламляльным посьпехам 62-гадовага Джарджэску, інжынэра-агранома, які вёў кампанію на прарасейскай і антынатаўскай плятформе. Многія прыпісвалі нечаканы вынік выбараў шмат у чым яго кампаніі ў TikTok, якая прыцягнула галасы шматлікіх маладых людзей і чальцоў румынскай дыяспары.
Паколькі падазрэньні адносна кампаніі ў TikTok расьлі, Вярхоўная рада нацыянальнай абароны Румыніі 4 сьнежня — за чатыры дні да другога туру 8 сьнежня — рассакрэціла разьведвальныя зьвесткі, паводле якіх Джарджэску атрымаў выгаду з скаардынаванай кампаніі ў сацыяльных сетках.
У рассакрэчаных запісах гаворыцца, што каля 25 000 акаўнтаў TikTok выкарыстоўваліся для павышэньня папулярнасьці Джарджэску, а ўплывовыя асобы на гэтай плятформе былі прыцягнутыя для яго публічнай падтрымкі і ўскоснага прасоўваньня з дапамогай пастоў, якія ўключалі хэштэгі, зьвязаныя з кандыдатам. Джарджэску заявіў, што выдаткаваў «нуль» на перадвыбарчую агітацыю.
Паводле інфармацыі выведкі, Пэшкір быў прыкметным арганізатарам гэтай кампаніі.
Выкарыстоўваючы свой псэўданім TikTok «bogpr», як сьцьвярджаецца ў запісах разьведкі, ён «ажыцьцявіў плацяжы на суму 381 000 даляраў ЗША ў пэрыяд з 24 кастрычніка па 24 лістапада 2024 году карыстальнікам некаторых акаўнтаў TikTok, якія ўдзельнічалі ў прасоўваньні кандыдата Кэліна Джарджэску», што ёсьць парушэньнем румынскага заканадаўства.
З тых часоў Пэшкір адмаўляў фінансаваньне выбарчай кампаніі Джарджэску, заявіўшы, што, хоць некаторыя зь яго ахвяраваньняў пайшлі прыхільнікам кандыдата, іншыя пайшлі на дабрачыннасьць, апалітычныя акаўнты TikTok і акаўнты ў падтрымку іншых кандыдатаў.
6 сьнежня ён адказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што ня мае ніякай сувязі з Джарджэску.
«У мяне няма ніякай матэрыяльнай ці асабістай зацікаўленасьці, я проста добраахвотна падтрымліваў яго праз пасты і камэнтары», — сказаў ён у пісьмовым адказе.«У гэтым дакумэнце згадваюцца толькі прыхільнікі [Джарджэску], што падаецца мне абсурдным. Я не заключаў ніякіх пагадненьняў зь людзьмі, што я буду ахвяраваць у падтрымку таго ці іншага кандыдата», — дадаў Пэшкір.
У паведамленьні на Facebook незадоўга да таго, як выбары былі ануляваныя, Пэшкір абвінаваціў СМІ ў перасьледзе і прыгразіў судовым пазовам. Адказваючы на пытаньне ў разьдзеле камэнтароў пра тое, адкуль узяліся грошы, Пэшкір напісаў, што гэта «ня ваша справа».
«Я ня той чалавек, які працуе на дзяржаву або зь дзяржавай, каб публічна дэкляраваць свае даходы», — напісаў ён.
Пост Пэшкіра быў адным зь нямногіх на яго старонцы ў Facebook, сярод якіх былі пасты аб Джарджэску яшчэ ў 2020 годзе.
Тады ён выступаў супраць мер ураду па барацьбе з распаўсюджваньнем COVID-19, які ён назваў «пандэміяй страху і глупства».
У апошнія месяцы акаўнт bogpr стаў вядомы на плятформе за шчодрыя ахвяраваньні стваральнікам кантэнту на TikTok, сабраўшы больш за 191 000 падпісчыкаў і 1,1 мільёна лайкаў.
У сакавіку ён ахвяраваў дзясяткі тысяч эўра выканаўцам манэлі, жанру поп-фолк, які ўзьнік у Румыніі, што выклікала здагадкі аб яго асобе і матывах. Некаторыя карыстальнікі TikTok выказалі вэрсію, што ён можа быць знакамітым сынам багатага бізнэс-магната ці чальцом злачыннага клану.
У лістападзе bogpr пачаў ахвяраваць грошы румынскім інфлюэнсэрам у падтрымку Джарджэску. Паводле рассакрэчанага дакумэнта, атрыманага зь Міністэрства ўнутраных спраў, у гэтым прынялі ўдзел больш за 100 інфлюэнсэраў з агульнай колькасьцю падпісчыкаў больш за 8 мільёнаў. Рэклямныя пасты не былі пазначаныя як частка платнай палітычнай кампаніі.
Нягледзячы на спробы захаваць асобу ў таямніцы, нядаўна румынскі таблоід Gandul выкрыў яе, вызначыўшы «bogpr» як Пэшкіра.
Паводле яго анлайн-профілю, Пэшкір правёў большую частку сваёй кар’еры ў крыптовалютах, у асноўным у кампаніях з тымі ж партнэрамі, уключаючы Габрыеля Прадэнэску, румына, які атрымаў паўднёваафрыканскае грамадзянства ў 1995 годзе.
Адна з гэтых кампаній, румынская фірма BitXATM Technology, была заснаваная 12 гадоў таму і займалася эксплёатацыяй крыптобанкаматаў — прылад, якія дазваляюць купляць крыптавалюту за гатоўку ці, у некаторых выпадках, атрымліваць гатоўку ў абмен на крыптавалюту.
Дакумэнты кампаніі паказваюць, што BitXATM Technology не паведаміла аб супрацоўніках, абароце і прыбытку летась, а таксама паведаміла пра доўг у суме каля 300 000 даляраў.
У падрыхтоўцы гэтага матэрыялу бралі ўдзел журналісты Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Люк Олнат, Сімона-Тэадора Кырлюджа, Джорджэ Кастыцэ, Сяргей Дабрынін і Марк Кротаў
Форум