Паводле праваабаронцаў «Вясны» Тацяну Францкевіч і Натальлю Лабацэвіч абвінавачваюць паводле 361-4 арт. Крымінальнага кодэкса — гэта «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», ім пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
Тацяну Францкевіч і Натальлю Лабацэвіч затрымалі 19 ліпеня 2024 годe на тэрыторыі Ваўкавыскай калёніі, куды яны прыехалі зь перадачай для палітвязьня Аляксандра Францкевіча. Што дакладна здарылася ў калёніі з жанчынамі, невядома.
Паводле зьвестак з дасьведчаных крыніц, некалькі дзён жанчын трымалі пад вартай у Ваўкавыску, потым выставілі ім абвінавачаньні. Тацяну Францкевіч зьмясьцілі ў СІЗА Віцебску, яе сястры Натальлі Лабацэвіч зьмянілі меру стрыманьня на падпіску. Крыніцы паведамлялі пра Тацяну Францкевіч, што яна стойка вытрымлівае ўсе цяжкасьці, зь якімі сустрэлася ў СІЗА.
Тацяна Францкевіч з Наваполацку. Жанчыне 66 гадоў. Яе сын, Аляксандар Францкевіч — вядомы актывіст анархісцкага руху, які ў 2010-х гадах ужо адбываў пакараньне зьняволеньнем за акцыю пратэсту.
Другім разам Францкевіча затрымалі ў 2020 годзе і асудзілі на 16 гадоў і 9 месяцаў паводле шэрагу абвінавачаньняў, уключна са «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня»
У калёніі № 22 Аляксандру Францкеівчу дадалі яшчэ год зьняволеньня паводле 411 артыкулу КК («грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы») і перавялі ў ПК-11 у Ваўкавыску.
Натальля Лабацэвіч таксама жыве ў Наваполацку, ёй 61 год. Сын Натальлі Ільля — былы палітвязень, у 2020 годзе ён быў асуджаны на 1,5 года зьняволеньня паводле арт. 364 КК («Гвалтоўныя дзеяньні ў адносінах да супрацоўніка міліцыі»).
Паводле паказаньняў Ільлі ў судзе, ён заступіўся за хлопца, якога білі амапаўцы, і сам атрымаў сур’ёзны ўдар па галаве дубінкай. Ільля Лабацэвіч цалкам адбыў пакараньне і ў студзені 2022-га выйшаў на волю.
Судзіць Тацяну Фрацкевіч і Натальлю Лабацэвіч будзе судзьдзя Галіна Бондал.
Форум