Пра тое, што пасьля пасьпяховых выпрабаваньняў па рэгуляваньні і сынхранізацыі напружаньня краіны Балтыі падключыліся да эўрапейскай энэргасыстэмы, паведаміў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. У прэс-канфэрэнцыі ў Вільні прынялі ўдзел прэзыдэнты Латвіі, Літвы і Эстоніі, а таксама прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і кіраўніца Эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен.
У латвійскай энэргетычнай кампаніі AST агенцтву LETA пацьвердзілі, што 9 лютага ў 14.05 па мясцовым часе. (15.05 па менскім часе) Эстонія, Латвія і Літва сынхранізавалі свае электрасыстэмы з кантынэнтальнай Эўропай.
Раніцай 8 лютага Літва, Латвія і Эстонія адключылі свае энэргасеткі ад энэргасыстэмы IPS/UPS, якая зьвязвае Расею, Беларусь і расейскі Калінінград.
«Цяпер мы пазбаўляем Расею магчымасьці выкарыстоўваць энэргасыстэму ў якасьці інструмэнта геапалітычнага шантажу», — заявіў AFP міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.
Адключэньне ад расейскай энэргасыстэмы IPS/UPS адбылося на фоне пашкоджаньняў падводных кабэляў сувязі ў Балтыйскім моры ў апошнія месяцы. Уплывовыя заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі, што гэта выпадковыя здарэньні, аднак спэцслужбы і палітыкі ў краінах Балтыі не выключаюць, што гэта маглі быць дывэрсіі, да якіх датычная Расея. Масква гэта адмаўляе.
Мінэнэрга: выхад краін Балтыі не паўплываў на энэргасыстэму Беларусі
Энэргасыстэма Беларусі працягвае «стабільную і надзейную працу» пасьля выхаду краінаў Балтыі з энэргакола зь Беларусьсю и Расеяй, заявіла 8 лютага прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Беларусі.
«8 лютага ў 10.09 адключэньнем лініі электраперадачы 330 кВ Кінгісепская — Балты № 1 завяршыліся ўсе тэхналягічныя апэрацыі па аддзяленьні Літвы, Латвіі і Эстоніі ад паралельнай працы з энэргасыстэмамі Беларусі і Расеі. Беларуская энэргасыстэма працягвае сынхронную працу з энэргасыстэмай Расейскай Фэдэрацыі ў рамках саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Ведамства заяўляе, што ўсе беларускія спажыўцы — «дзякуючы раней рэалізаванаму комплексу мераў па павышэньню ўстойлівасьці» працы энэргасыстэмы, «надзейна і бесьперабойна забясьпечваюцца электрычнай і цеплавой энэргіяй у запатрабаваных аб’ёмах».
Тым часам Мінэнэрга Расеі 8 лютага паведаміла, што Калінінградзкая вобласьць РФ пачала працу ў аўтаномным рэжыме. «Сёньня сумарная магутнасьць калінінградзкіх электрастанцыяў складае 1,88 ГВт, што больш як удвая перавышае пікавае энэргаспажываньне рэгіёну і дае магчымасьць у любых абставінах забясьпечыць энэргазабесьпячэньне грамадзян», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
- Першапачаткова меркавалася, што так званая «Балтыйская сынхранізацыя» адбудзецца ў канцы 2025 году, але яе перанесьлі амаль на 11 месяцаў раней, шмат у чым з прычыны вайны ва Ўкраіне і жаданьня краін Балтыі цалкам пазбавіцца залежнасьці ад патэнцыйнага расейскага энэргетычнага шантажу. Краіны Балтыі перасталі закупляць расейскі газ і электраэнэргію пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, але іх электрасеткі засталіся падлучанымі да Расеі і Беларусі. Гэта зрабіла іх залежнымі ад Масквы ў пляне стабільнага патоку электраэнэргіі.