Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць журналіста Ігара Ільяша, якога абвінавацілі за інтэрвію незалежным і замежным мэдыя


Ігар Ільяш, архіўнае фота
Ігар Ільяш, архіўнае фота

У Менскім гарадзкім судзе 21 лютага пачынаецца працэс над журналістам Ігарам Ільяшом, якога праваабаронцы прызналі палітвязьнем.

Журналісту выставілі абвінавачаньні ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 2 арт. 361-4 КК). Ігару Ільяшу пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Працэс над Ігарам Ільяшом адкрыты, яго вядзе судзьдзя Сяргей Кацар.

Пра затрыманьне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка 2024 году. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш нібыта займаўся «садзейнічаньнем экстрэмісцкім фармаваньням» — даваў інтэрвію незалежным мэдыя, а таксама нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — праз тое, што ён даваў камэнтары ўкраінскім выданьням.

Пра ход расьледваньня справы Ігара Ільяша, якога ўтрымліваюць у СІЗА ў Калядзічах пад Менскам, вядома няшмат. Дасьведчаная крыніца расказала Свабодзе, што ён «не разгубіўся, трымаецца мужна, цяпер рыхтуецца да сваёй абароны».

Паводле абазнанай крыніцы на ўмовы ўтрыманьня ў новым будынку менскага сьледчага ізалятару Ігар Ільяш ня скардзіцца, лісты і перадачы да яго даходзяць.

«На здароўе таксама не наракае, больш перажывае за здароўе сваякоў і асабліва жонкі», — кажа пра Ігара Ільяша крыніца.

«Мару сустрэць Кацю з калёніі з кветкамі»

Крыніца адзначыла як мужны ўчынак Ігара Ільяша тое, што цягам больш як трох гадоў пасьля свайго апошняга затрыманьня ён мог выехаць зь Беларусі, але застаўся, каб падтрымліваць лістамі і перадачамі палітзьняволеную жонку, журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву).

Кацярына трапіла за краты яшчэ ў лістападзе 2020 году. З таго часу журналістку двойчы судзілі і агулам прызначылі 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.

З кастрычніка 2024 году перадачы і лісты дасылаюць ужо і Ігару Ільяшу. Да гэтага апошняга арышту журналіста затрымлівалі двойчы. У лістападзе 2020 году яму прысудзілі 15 дзён арышту паводле адміністрацыйнага пратаколу, а ўлетку 2021 году пратрымалі на Акрэсьціна яшчэ 10 дзён у рамках крымінальнай справы супраць журналістаў, але адпусьцілі пад падпіску.

Па выхадзе зь вязьніцы Ігар казаў, што ўспрымае нечаканую свабоду як падарунак лёсу, які зьбіраецца прысьвяціць жонцы.

«Зараз ведаю, якое гэта шчасьце, калі выходзіш на волю. Мару сустрэць Кацю з кветкамі з калёніі», — казаў тады Ігар Ільяш. Ён адмаўляўся нават разважаць пра ад’езд з краіны, паколькі жонка заставалася за кратамі. Гэта было каля ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў ліпені 2021 году.

Кацярына Андрэева «трымаецца мужна» і працягвае пісаць вершы

Пра Кацярыну Андрэееву ад іншай абазнанай крыніцы вядома, што яна ў калёніі ў Гомлі таксама трымаецца мужна.

«Паводзіць сябе вельмі разумна, стрымана, канфліктаў у яе няма, працуе. У вольны час чытае і працягвае пісаць вершы. Вось толькі здароўе ня вельмі, але лекі з волі атрымлівае і мэдычную дапамогу таксама», — распавяла крыніца пра журналістку Кацярыну Андрэеву, жонку Ігара Ільяша.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG