Паштовая сыстэма Беларусі нібыта атрымала новыя сьпісы асуджаных, каму забаронена перасылаць грошы, паведамілі праваабаронцы з MAYDAY.TEAM. Паводле зьвестак крыніцы, праблемы з адпраўкай грашовых сродкаў вязьням пачаліся прыкладна з 16 студзеня 2025 году.
«Асуджаныя, якім яшчэ напрыканцы сьнежня сумы даходзілі без праблем, цяпер апынуліся ў „чорным сьпісе“. Супрацоўнікі паштовых аддзяленьняў не хаваюць, што сьпісы прыйшлі зь Менску і тычацца палітычных вязьняў», — паведамляюць праваабаронцы.
Зьвесткі ад праваабаронцаў часткова пацьвердзілі сваякі двух палітвязьняў, імёнаў якіх не называем, каб ім не нашкодзіць.
Кацярына, жонка палітвязьня М., які знаходзіцца ў СІЗА, пакуль не ўступіў у сілу новы прысуд, дагэтуль ня ведае, ці дайшлі да мужа грошы, якія яму адпраўлялі летась.
«Яго маці адпраўляла 100 рублёў і мая сяброўка адпраўляла 200 рублёў, гэта ўсё было дакладна да 16/01, але ў мяне да гэтага часу няма пацьверджаньня, што ён грошы атрымаў», — расказала Кацярына.
Паводле жанчыны, летась зь перасылкай грошай мужу ў калёнію праблем не было, не перашкаджалі і траціць грошы ў атаварцы.
«Замаўляў атаварку, гэта дакладна. А што будзе цяпер, ня ведаю. Не выключаю, што ў новай калёніі пачнуцца абмежаваньні», — мяркуе Кацярына.
Дачка палітвязьня І. Паліна сказала, што таксама турбуецца за грошы, якія адправілі тату.
«Два лісты яму ўжо адправілі з пачатку году, а адказу няма, і ня ведаем, ці дайшлі грошы. Баімся, а раптам і яго ўключылі ў гэты „чорны сьпіс“? Бо раней ужо праз два дні ведалі, што грошы дайшлі, а цяпер больш за месяц — нічога. Праўда, можа ён зноў у „санаторыі“? Тады будзем чакаць, як выйдзе і напіша. Альбо грошы вернуцца. Але пакуль няма ні грошай, ні лістоў», — кажа Паліна.
Яе тата ў турме ўжо больш за два гады. Раней грашовыя пераводы на ягонае імя даходзілі рэгулярна, але траціць у турэмнай краме ён мог толькі адну базавую велічыню ў месяц.
А вось жонка другога палітвязьня, былога журналіста Д., паведаміла Свабодзе, што ў іх праблем з грашовымі пераводамі на пачатку году ня ўзьнікла.
«У нас такіх праблемаў няма. Напрыканцы студзеня дасылалі мужу грошы, ён напісаў, што дайшлі. Але ж ён „экстрэміст“, у яго абмежаваньне: на атаварку толькі адна базавая. Але на рахунак можна колькі заўгодна дасылаць. Іншыя грошы можа патраціць на тое, каб выпісаць газэты, часопісы, набыць кнігі», — расказала жонка палітвязьня Д.
Былы палітзьняволены, праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка згадаў, што ў калёніі «Віцьба-3», дзе ён адбываў пакараньне, толькі вязьні з чырвонай біркай «тэрарыста» былі пазбаўленыя права атрымліваць грошы на рахунак.
«Такіх у нас было прыкладна 1 на 100. Ім увогуле грошы забаранялася дасылаць. А „экстрэмістам“ можна было, толькі ў іх былі абмежаваньні на атаварку», — згадаў Леанід Судаленка.
Зьвесткі пра тое, што зь сярэдзіны студзеня ўлады дапоўнілі «чорныя сьпісы» на атрыманьне грошай, Леанід Судаленка лічыць падобнымі да праўды.
«Ведаю, што ўлады і раней рэгулярна карэктавалі гэтыя сьпісы. Некага вызваляюць ці пераводзяць на іншы рэжым, некага, наадварот, саджаюць, заносяць у „тэрарысты“ і, адпаведна, уключаюць у сьпіс тых, каму пераводы забароненыя. А яшчэ ж ёсьць тыя палітвязьні, якіх трымаюць у рэжыме „інкамунікада“, як Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку. Мяркую, яны таксама ў гэтых „чорных сьпісах“. Падобна, што на пачатку году гэта карэктуецца», — сказаў праваабаронца Леанід Судаленка.
З 1 студзеня 2025 году базавая велічыня ў Беларусі — 42 рублі, летась была 40 рублёў. На адну базавую велічыню ў беларускай вязьніцы можна набыць некалькі ўпаковак кавы, печыва, цукеркі і шакаляд, у летні сэзон — яшчэ і некалькі кілё яблыкаў, цыбулі ці агуркоў.
Сваякі палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай расказвалі ў 2024 годзе пра яе скаргі, што на дазволеную ёй адну базавую велічыню ў месяц яна ня можа набыць дастаткова прадуктаў, каб адчуваць сябе сытай, між тым звычайную ежу ў сталоўцы прымаць ня можа па стане здароўя.
Паводле назіраньняў былых палітвязьняў, да 10% зьняволеных у калёніях хоць і не пазбаўленыя права атрымліваць грашовыя пераводы, але ня маюць ніякіх грашовых паступленьняў на свае рахункі, бо ім ніхто не дапамагае.
Форум