Сьцісла:
- Старая сыстэма міжнароднага гандлю страчвае свае пазыцыі. Рэгіянальныя блёкі пераўтварылі глябалізацыю ў рэгіяналізацыю.
- Можна прадбачыць, што ў выніку гандлёвых войнаў на Расею будзе аказвацца большы эканамічны ціск. Адпаведна, яна будзе мець менш магчымасьцяў падтрымліваць беларускі рынак.
- Сусьветная гандлёвая арганізацыя будзе рэфармаваная ці яе могуць зьліквідаваць.
- Лукашэнка рыхтуецца да сытуацыі, калі Кітай і Расея ўжо ня будуць яму дапамагаць так, як раней.
— Да якіх зьменаў у сусьветнай эканоміцы могуць прывесьці тыя намеры, якія ўжо агучыў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, а некаторыя ўжо і пачаў ажыцьцяўляць?
— Першым чынам Трамп зьбіраецца рэфармаваць сыстэму сусьветнага гандлю. Апошнія 20 гадоў мы назіраем магутны рост пратэкцыянізму, па сутнасьці, з усіх бакоў. ЗША тут не зьяўляюцца лідэрам, лідэрамі зьяўляюцца Кітай і Эўразьвяз, якія ўвялі шмат абмежаваньняў на гандаль таварамі, паслугамі, сыравінай. Тут даўно няма свабоднага рынку.
Таму Трамп сёньня канстатуе, што старая сыстэма міжнароднага гандлю не працуе, кожны сам па сабе. Рэгіянальныя блёкі, якіх ужо створана больш за 50, паступова пераўтварылі глябалізацыю ў рэгіяналізацыю.
У такім кантэксьце прэзыдэнт Трамп вымушаны ствараць нешта новае — з пазыцыі таго, што нельга выкарыстоўваць ЗША як крыніцу ўзбагачэньня для іншых краін, асабліва для тых, каго Вашынгтон лічыць сваімі апанэнтамі (як прыклад — Кітай). Праз тарыфную палітыку Трамп хоча зьмяніць тыя рэчы, якія ЗША не падабаюцца.
На нашых вачах будуецца новая архітэктура міжнароднага гандлю, каапэрацыі. Думаю, што Сусьветная гандлёвая арганізацыя будзе рэфармаваная або яе зьліквідуюць. Бо яна страціла свой сэнс і значэньне.
На наш рэгіён гэта таксама будзе мець ускосны ўплыў. Мы бачым, як Трамп ставіцца да Расеі. Аднак гандаль паміж ЗША і Расеяй даволі малы, таму ўсё будзе залежаць ад гандлёвых адносін Кітая і ЗША. Абодва бакі свае «перамоўныя пазыцыі» ўжо агучылі, цяпер будуць дабівацца нейкіх дамоўленасьцяў.
Гэта будзе двухполюсны сьвет, бо Эўразьвяз, на жаль, страціў свае пазыцыі (доля ЭЗ у сусьветнай эканоміцы ўпала з 30 да 20 працэнтаў за апошнія 30 гадоў). Калі Эўразьвяз не рэфармуецца, то працягне страчваць сваю вагу.
Для Кітая самыя важныя адносіны — з ЗША, і ён будзе больш строга ставіцца да іншых, меншых партнэраў, такіх як Расея. Можна прадбачыць, што на Расею будзе аказвацца большы эканамічны ціск. Адпаведна, яна будзе мець менш магчымасьцяў падтрымліваць беларускі рынак. І Лукашэнка пачне думаць, а навошта яму Пуцін, калі ён не дае грошай.
— Вы сказалі: «Мы бачым, як Трамп ставіцца да Расеі». Для многіх гэта невідавочна. Што вы маеце на ўвазе? Як, па-вашаму, Трамп ставіцца да Расеі?
— Трамп на баку звычайных украінцаў, якія гінуць на вайне. Ён ніколі не рабіў нічога, што можна расцаніць як падтрымку Расеі. У гэтым пытаньні шмат дэзынфармацыі.
Трамп — вельмі разумны перамоўнік, і я думаю, што Вашынгтон у найбліжэйшыя тыдні прапануе Маскве ўмовы заканчэньня вайны. Назаву адну дэталь, якая сьведчыць, што Трамп на баку Ўкраіны. Толькі 10 дзён пасьля выбараў не было паставак амэрыканскай зброі Ўкраіне, а цяпер яны аднавіліся.
Аўдыт дапамогі — гэта таксама частка стратэгіі Трампа. Мы бачым, што з тых грошай, якія Кангрэс ухваліў на дапамогу Ўкраіне (звыш 200 мільярдаў даляраў) дэ-факта вайсковая дапамога склала толькі 27 мільярдаў даляраў. Цяпер будзе ажыцьцяўляцца больш прынцыповая палітыка.
— Патэнцыйна тыя зьмены, пра якія вы кажаце, могуць моцна паўплываць на Кітай і Расею, галоўных экспартных партнэраў Беларусі. Які ўплыў можа мець новая сытуацыя (калі яна складзецца) на эканамічныя адносіны Расеі і Кітая зь Беларусьсю?
— Беларусь для Кітая ня мае істотнага гандлёвага значэньня. Экспарт Кітая ў Беларусь — 4 мільярды даляраў, а агульны экспарт Кітая ва ўсе краіны — 3 трыльёны.
Што робіць Лукашэнка ўсе гэтыя гады? Ён будуе схемы, заахвочвае зарабіць у Беларусі расейскіх «фэадалаў», мясцовых кіраўнікоў, Расейскую праваслаўную царкву і ўсіх тых, хто можа мець уплыў на Крэмль. І кажа ім: «Мы ж даём табе зарабіць, я супраць Амэрыкі, я ваш, не чапайце мяне». І яны не чапаюць.
І цяпер ён думае, як забясьпечыць стабільныя плыні для сваёй сям’і. Бо ён рыхтуецца да сытуацыі, калі Кітай і Расея ўжо ня будуць яму дапамагаць так, як раней. І ён, канешне, думае, што будзе пасьля таго, як Пуцін сыдзе. І спрабуе раскладваць яйкі ў розныя кошыкі.
— Беларусь дагэтуль так і не ўступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. І вы заўсёды казалі, што гэта сьведчыць пра антырынкавую накіраванасьць беларускай улады. Аднак цяпер вы кажаце, што СГА ўжо не патрэбна...
— Яна перастала працаваць. Спрэчка паміж ЗША і Эўропай наконт бананаў трывала 40 гадоў. Хто гэта можа сабе дазволіць? Ёсьць шмат палажэньняў у СГА, якія дазваляюць розным краінам праводзіць пратэкцыянісцкую палітыку, і арганізацыя на гэта ніяк не рэагуе. Або разводзіць рукамі — маўляў, усе так робяць.
А Лукашэнку навошта СГА? Ён стаў цалкам моназалежным ад Расеі, і яму больш важныя дамоўленасьці з расейскімі губэрнатарамі, чым інтэграцыя ў сусьветную эканоміку. З Кітаем, Індыяй, Іранам Менск таксама можна дамовіцца асобна.
Ці, напрыклад, ён крытыкуе палітычныя эліты Захаду, а пры гэтым можа хваліць нейкіх асобных бізнэсоўцаў ці Італьянскую гандлёвую палату — маўляў, зь ёй добра сумесна працуецца.
— А як Лукашэнка будзе спрабаваць адрэагаваць, падладзіцца пад тыя зьмены, якія нясе сьвету новая палітыка Трампа?
— Мутная вада сусьветных пераменаў — спрыяльнае асяродзьдзе для Лукашэнкі. Ён разумее, што, пакуль існуе нестабільнасьць, пакуль няма новай жорсткай архітэктуры будучай сусьветнай эканомікі, ён можа дазволіць сабе нейкія вольнасьці.
З другога боку, ён таксама можа пад гэтай маркай пачаць «перабудову», казаць: «Глядзіце, я нешта зразумеў, нам таксама трэба ад чагосьці пазбаўляцца». Магчыма, ён убачыць балянсы пагроз і выгады для сябе, будзе рэагаваць кадрава.
Калі стане відавочна, што Трамп дасьць усю магчымую падтрымку для Ўкраіны, то Лукашэнка ня будзе бараніць Крэмль да апошняга. Будзе дамаўляцца, каб стаць карысным для новай амэрыканскай адміністрацыі, будзе імкнуцца ўплішчыцца ў нейкія перамоўныя працэсы.
Форум