У адноўленым будынку валожынскага ешыботу 6 лютага адкрыўся выставачны праект Натыў — Ізраільскага культурнага цэнтру, прысьвечаны 150-годзьдзю Хаіма Вэйцмана, ураджэнца Беларусі, навукоўца з сусьветным імем, які стаў доктарам навук у 30 гадоў, першага прэзыдэнта Ізраілю, заснавальніка навуковага інстытуту.
Пра падзею паведаміў у Фэйсбуку Ізраільскі культурны цэнтар у Менску.
Выстава заснаваная на матэрыялах Інстытуту імя Вэйцмана ў Рэхавоце. Таксама ў выставе былі выкарыстаныя фатаздымкі і асабістыя лісты зь сямейнага архіву Мэера Вэйсгала — памочніка, сябра і паплечніка Хаіма Вэйцмана. Іх даў скарыстаць праўнук Вэйсгала — Ёнатан Амір.
«Гісторыя, асабістыя фатаздымкі, цытаты і ўспаміны, прадстаўленыя на выставе, адкрываюць для гледача шматграннасьць і маштабнасьць асобы простага хлопчыка зь беларускай глыбінкі, які стаў адным з самых вядомых габрэяў сьвету і легендай Дзяржавы Ізраіль», — пішуць арганізатары выставы.
Выстава працягнецца да 1 сакавіка 2025 году.
- Валожынскі ешыбот — унікальны помнік у гісторыі Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 1803 годзе і стаў першай вышэйшай духоўнай вучэльняй ва Ўсходняй Эўропе, якая займалася падрыхтоўкай рабінаў. Валожынскі ешыбот называлі «Маці ешываў», ён стаў узорам для функцыянаваньня многіх ешыботаў сьвету. Тут адначасова навучаліся да 400 будучых рабінаў. Высокая рэпутацыя ешыботу прыцягвала маладых габрэяў зь іншых краін — Англіі, Нямеччыны, Аўстрыі і Паўночнай Амэрыкі. Адсюль выходзілі вялікія габрэйскія пісьменьнікі, рабіны, палітыкі і навукоўцы.
- У 1896 годзе ешыбот афіцыйна закрылі, бо ўлады Расейскай імпэрыі запатрабавалі ўвесьці ў навучальную праграму выкладаньне расейскай мовы і сьвецкіх прадметаў. Рэбэ Бэрлін не пагадзіўся з гэтымі ўмовамі. Зноў ешыбот адкрыўся ў 1899 годзе, але ўжо зь меншай колькасьцю вучняў. Дзейнічаў ён да 1939 году. Савецкія ўлады канчаткова зьліквідавалі навучальную ўстанову юдэяў і зрабілі ў яе будынку рэстаран, а потым кулінарыю.
- У 2000 годзе валожынскія ўлады перадалі будынак ешывы ва ўласнасьць Габрэйскаму рэлігійнаму саюзу Беларусі, у 2022 годзе пачаліся працы над праектам рэканструкцыі. 28 кастрычніка 2024 году ў Валожыне прайшло ўрачыстае адкрыцьцё культурна-адукацыйнага цэнтру і музэю ў будынку былога Валожынскага ешыботу (рэлігійнай школы).
Форум