Паводле яго, як заўважыў Reform, перад Новым годам выйшлі на волю палітвязьні Жарло, Грыдзюшка, Бурлакова, Зубкоў, Баярскі. Аднак прозьвішча Жарло ў базе «Вясны» няма.
Самае вядомае прозьвішча сярод вызваленых — Арцёма Баярскага. Менскі гарадзкі суд прысудзіў Арцёму 5 гадоў калёніі. 20-гадовага студэнта БДУ абвінавацілі ў стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем і ўдзеле ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (гаворка пра адміністраваньне тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» і тэлеграм-чату «Я выхожу/МКБ», а таксама ва ўдзеле ў «Маршы народнага ультыматуму»).
Арцёма Баярскага, былога студэнта і чатырохразовага стыпэндыята Фонду прэзыдэнта, падтрымлівалі навукоўцы з розных краін — з адкрытым лістом да Генпракурора Беларусі Андрэя Шведа выступілі расейскія акадэмікі, таксама Арцёма залічылі ў Ковенскі ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага.
Што вядома пра іншых вызваленых?
Аляксандру Грыдзюшку 59 гадоў, у канцы сьнежня 2022 году яму прысудзілі 4 гады калёніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады, незаконных дзеяньнях у дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, абразе Лукашэнкі і распальваньні варожасьці ці звады. КДБ уключыў яго ў «тэрарыстычны сьпіс».
Алене Бурлаковай 25 гадоў. 12 верасьня 2023 году яна была асуджаная судом Шумілінскага раёну паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Зьнявага прадстаўніка ўлады»). Вынік суду невядомы.
Аляксандру Зубкову 56 гадоў. Ён быў асуджаны ў судзе Магілёўскага раёну паводле ч. 1 арт. 367 КК («Паклёп у дачыненьні прэзыдэнта») на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Форум