У ведамстве ўдакладнілі, што МЗС Літвы праінфармавала беларускі бок адпаведнай нотай, што Сейм Літвы дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня і папярэджваньні ўхіленьня ад выплаты падаткаў у дачыненьні да падаткаў на даходы.
Пагадненьне перастане дзейнічаць 1 студзеня 2026 году.
Згодна з дамовай аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня даходаў і фіскальных парушэньняў любы з бакоў дамовы можа спыніць яе дзеяньне, накіраваўшы пісьмовае паведамленьне другому боку праз дыпляматычныя каналы ня менш як за шэсьць месяцаў да заканчэньня любога каляндарнага году.
- Прапанову аб дэнансацыі гэтай дамовы ў Сейм Літвы ўнёс 16 верасьня 2024 году прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа.
- Урад Літвы ўхваліў дэнансацыю дамовы зь Беларусьсю аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня 14 студзеня 2025 году.
- У паведамленьні ўраду Літвы адзначалася, што што Літва ўжо некалькі гадоў «практычна не супрацоўнічае зь Беларусьсю і не абменьваецца інфармацыяй у падатковых мэтах».
- У сакавіку 2024 году Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову № 164 «Аб пытаньнях падаткаабкладаньня», якая, сярод іншага, прыпыніла да канца 2026 году «выкананьне палажэньняў міжнародных пагадненьняў аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня» з 27 «недружалюбнымі краінамі»: сярод іх Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Гішпанія, Данія, ЗША, Ірляндыя, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Паўночная Македонія, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя, Эстонія. Пад абмежаваньні трапілі тры палажэньні пагадненьня — аб дывідэндах, аб працэнтах, а таксама аб даходах ад адчужэньня маёмасьці. Некаторыя краіны ў адказ прыпынілі адпаведнае пагадненьне зь Беларусьсю.
- Дэнансацыя пагадненьня з боку Літвы не азначае, што Беларусь таксама аўтаматычна адмаўляецца ад такіх дамоўленасьцяў зь Літвой. Для гэтага адпаведнае рашэньне павінны прыняць беларускія ўлады.
- Пакуль Беларусь скасавала дамову аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня толькі з Украінай.
Форум