Прэс-служба ведамства паведаміла, што МАРГ спасылаецца на прынятую ў 2023 годзе Канцэпцыю разьвіцьця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва на 2024–2026 гады.
Гэтая канцэпцыя, адзначае МАРГ, «рэалізуецца ў мэтах усебаковай падтрымкі разьвіцьця культуры» Беларусі. На дасягненьне мэты, мяркуюць у ведамстве, павінны быць скіраваныя «намаганьні ўсіх суб’ектаў, якія фармуюць інфармацыйную прастору краіны».
Адзін з мэханізмаў рэалізацыі канцэпцыі — скарачэньне выкарыстаньня замежных слоў (у тым ліку абрэвіятур) у назвах гандлёвых марак ды інш.
Варта адзначыць, што разьвіцьцё беларускай мовы дзесяцігодзьдзямі было прэрагатывай грамадзкіх ініцыятыў і арганізацый, адзначае «Позірк». Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх улады зьліквідавалі мноства арганізацый і ініцыятыў, якія разьвівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спэцыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускай літаратуры.
Дэ-факта ў краіне праводзіцца палітыка русыфікацыі, адзначае агенцыя. Паводле перапісу насельніцтва, колькасьць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, зьнізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).
Форум