Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы абстралялі гарадзкую раду Ізюму і чыгуначнае дэпо ў Днепрапятроўскай вобласьці

абноўлена

Ізюм пасьля расейскай акупацыі ў верасьні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Ізюм пасьля расейскай акупацыі ў верасьні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У Ізюме — пяць чалавек загінулі, больш за 40 атрымалі раненьні. У Днепрапятроўскай вобласьці — без пацярпелых.

Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Ізюме Харкаўскай вобласьці і па Днепрапятроўшчыне.

Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў, расейская балістычная ракета пацэліла ў адміністрацыйны будынак, а таксама ў шматпавярховыя жылыя дамы.

«Ніводнага вайсковага аб’екта ў гэтым горадзе няма. Пяць чалавек загінулі, больш за 20 параненыя», — паведаміў кіраўнік вобласьці адразу пасьля абстрэлу.

Пазьней ён удакладніў, што колькаьць параненых павялічылася да 43 чалавек, у тым ліку 16-гадовая дзяўчына і 6-гадовы хлопчык. 24 параненых шпіталізавалі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў Ізюме ў выніку расейскага абстрэлу зьнішчана частка будынку гарадзкой рады.

«З гэтай жорсткасьцю немагчыма зьмірыцца. Трэба ціснуць на Расею, выкарыстоўваць як мага больш сілы — сілы зброі, сілы санкцый, сілы дыпляматыі, — каб спыніць тэрор і зьберагчы жыцьці», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі аб пашкоджаньні інфраструктуры ў выніку расейскай атакі на чыгуначнае дэпо.

«Чыгуначнікі робяць максымум намаганьняў, каб мінімізаваць уплыў атакі на графік перавозак», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Паводле ўладаў, пашкоджанае памяшканьне дэпо і пасажырскі рухомы склад. Ахвяр і пацярпелых сярод супрацоўнікаў чыгункі і пасажыраў няма.

Расейскія войскі атакуюць на ўсіх лініях фронту і суправаджаюць свае штурмы ўзмоцненымі абстрэламі.

Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, за апошнія содні адбылося 110 баявых сутыкненьняў, у тым ліку 13 — на купянскім кірунку (Харкаўская вобласьць), 12 — на тарэцкім (Данецкая вобласьць), і найбольш — 38 — на пакроўскім кірунку (Данецкая вобласьць).

У зводцы ўкраінскага штабу паведамляецца, што на прыдняпроўскім кірунку расейскія войскі 8 разоў атакавалі пазыцыі ўкраінцаў.

Раней экспэрты паведамлялі, што лінія фронту прасоўваецца ў кірунку Днепрапятроўскай вобласьці.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG