Такія анкеты раздаюцца для запаўненьня асуджаным і нібыта дапамагаюць вывучэньню ўмоваў іх утрыманьня і абыходжаньня зь імі з боку супрацоўнікаў адміністрацыі. Ранейшая форма анкеты была зацьверджаная пастановай Міністэрства юстыцыі № 76 ад 28 сакавіка 2012 году і таксама ўзгаднялася зь Міністэрствам унутраных справаў.
Паводле ўспамінаў былых палітвязьняў, у месцах зьняволеньня і папраўчых установах адкрытага тыпу ім даводзілася запаўняць падобныя анкеты. Пытаньні ў іх тычыліся наяўнасьці спальных месцаў, наведваньня лазьні, захаваньня прадуктаў, атрыманьня мэдычнай дапамогі і нават таго, ці ўжывалі ахоўнікі гвалт адносна асуджаных.
Зьмены, якія прадугледжаныя паводле новага дакумэнту, праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка ацаніў як неістотныя.
«Прыбралі слова „некаторыя“ ў назьве пастановы, у анкеце да слова „лазьня“ дадалі „душавая і ўмывальны пакой“, прыбралі слова „ларок“, вось і ўсе зьмены», — адзначыў былы палітвязень.
Сам Леанід адбываў пакараньне ў калёніі № 3 пад Віцебскам, а ўсяго за кратамі прабыў больш за 2,5 года.
Паводле Леаніда Судаленкі, ані ў сьледчых ізалятарах, ані ў калёніі яму ніколі не прапаноўвалі запаўняць ананімную анкету аб умовах утрыманьня, падобную да той, якую зацьвердзілі ў Мінюсьце. Пабачыўшы тэкст анкеты на сайце ўстановы, былы вязень толькі згадаў, што на сьценах у калёніі бачыў скрынкі, куды можна было пакласьці сваю скаргу, але ніколі ня бачыў у такіх скрынях ніякіх папераў.
«Не, мне такога ні ў СІЗА, ні ў калёніі не прапаноўвалі. Анкету бачу першы раз», — запэўніў Леанід Судаленка.
Паводле былога зьняволенага ПК «Віцьба-3», зваротная сувязь у калёніі ў пэўным выглядзе была, але фармальна.
«Як у карантыне, так і на „прадоле“ ў атрадзе віселі скрыні для ананімных лістоў да адміністрацыі... Але ж ведаю, што гэта хутчэй для галачкі, бо зэкі гэтай скрыняй не карысталіся».
Леанід Судаленка апісаў, што адбывалася ў калёніі падчас праверкі з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, які кіруе сыстэмай турмаў і калёній.
«Атраднік зьбірае ў пакоі ўвесь атрад і кажа: заўтра да нас едзе генэрал з ДВП, таму тыя, хто не на працы, сядзіце, як мышы, у бараку, а калі завітае генэрал у атрад, маўчыце! Калі якая „б**дзь“ (даслоўна) задасьць пытаньне, адпраўлю пад дах (карцэр) на ўсю зіму!!!» Вось і ўся зваротная сувязь«, — успамінае Леанід Судаленка.
Паводле Судаленкі, кіраўніцтва калёніі час ад часу магло паказаць, што нібыта сапраўды цікавіцца думкай асуджаных пра ўмовы ўтрыманьня, але эфэкт ад гэтага таксама быў мінімальны, бо вязьні баяліся выказваць свае прэтэнзіі.
«Палкоўнік любіў перад атрадам выявіць свой клопат і спытацца: „А якія пытаньні асуджаныя маюць да адміністрацыі?“. Адказ яму быў адным і тым жа: „Няма пытаньняў, грамадзянін начальнік!“ — раўлі хорам, і на гэтым усё заканчвалася».
Леанід Судаленка прыгадаў адзіны выпадак, калі яму давялося зьвярнуцца са скаргай на ўмовы, якія непасрэдна ўплывалі на стан ягонага здароўя. Але, паводле Судаленкі, скарга нават на такую тэму не дала выніку.
«Доктару ў карцары задаю пытаньне: „Холад па начах мучыць, зусім не магу спаць. Што рабіць? Мо хоць бы тэрмабялізну асабістую вярнулі?“. Доктар адказаў: „Захварэеце, тады і будзем лячыць“ — і пайшоў далей выслухваць падобныя скаргі арыштантаў».
Яшчэ адзін красамоўны прыклад рэагаваньня на скаргі вязьняў ад Леаніда Судаленкі тычыўся сытуацыі з прыбіральняй.
«У атрадзе, акрамя чатырох „дзірак“ у падлозе, для малых патрэбаў былі ўсталяваныя яшчэ чатыры пісуары, але тыя не працавалі і даўно не прачышчаліся. У выніку з ранку пасьля пад’ёму ў прыбіральні выстройваліся вялікія чэргі. Бо ёсьць правіла: калі зэк прысеў, побач зь ім „дзірку“ можна заняць толькі па-вялікаму, а калі табе па-малому, дык чакай, пакуль зэк зробіць сваю вялікую справу. Людзі ўвесь час скардзіліся начальніку атраду, той ня мог не дакладаць вышэй, але і па маім вызваленьні тыя пісуары так і не запрацавалі», — абураецца Леанід Судаленка.
Збольшага былы палітвязень вельмі скептычна ставіцца да анкетаваньня ва ўмовах зьняволеньня.
«Нават адміністрацыя разумее, што анкетаваньне — гэта спушчаная з ДВП (Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС) фармальнасьць, і, адпаведна, анкетаваньне праводзяць празь пень калоду. Ведаю толькі пра аднаго атрадніка, які добрасумленна ставіўся да анкетаваньня, ад усіх вязьняў атраду патрабаваў запаўняць анкеты, але іншым, як нашаму, было абыякава. І зразумела, чаму: бо потым гэта не давала ніякага выніку. Ва ўмовах фактычнага палону якое можа быць вывучэньне меркаваньняў? Анкетаваньне мае сэнс толькі ва ўмовах поўнай свабоды і незалежнасьці», — мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.
Форум