На цырымоніі прысутнічалі кіраўнікі і высокапастаўленыя прадстаўнікі больш як 50 дзяржаў. Сярод іх — прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнт Нямеччыны Франц-Вальтэр Штайнмаер, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, кароль Вялікай Брытаніі Карл III, кароль Гішпаніі Філіп VI, кароль Нідэрляндаў Вілем-Аляксандар, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Прадстаўнікоў Расеі з прычыны яе агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны не запрасілі. Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін накіраваў прысутным тэлеграму, у якой падкрэсьліў важнасьць захаваньня гістарычнай памяці аб подзьвігу савецкіх салдатаў. Паводле Пуціна, Расея «зробіць усё, каб абараніць права людзей на этнічную, моўную, духоўную самабытнасьць, не дапусьціць распаўсюду антысэмітызму, русафобіі і іншых расісцкіх ідэалёгій».
На ўрачыстасьцях у Асьвенціме таксама прысутнічала беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Інфармацыі пра тое, ці прадстаўляў нехта ўлады Беларусі, няма.
Сярод гасьцей цырымоніі прысутнічалі больш за 50 былых вязьняў лягеру сьмерці.
Цырымонія пачалася з хвіліны маўчаньня. На экране паказвалі кадры кіна- і фотахронікі з Асьвенціму пад музыку нямецка-габрэйскага кампазытара Джэймса Сімона, забітага ў газавай камэры ў 1944 годзе.
Першае слова далі 98-гадоваму Мар’яну Турскаму. Падлеткам ён быў дэпартаваны ў Асьвенцім з гета ў Лодзі. У лягеры загінулі яго бацька і брат. Турскі дажыў да вызваленьня. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у стварэньне Музэю гісторыі польскіх габрэяў у Варшаве і ўваходзіць у Міжнародную раду Аўшвіца — мэмарыяльную арганізацыю, якая захоўвае памяць аб вязьнях. Турскі расказаў пра неабходнасьць захоўваць памяць пра зьверствы нацызму, каб не дапусьціць яго паўтарэньня ў будучыні. Ён таксама выказаў занепакоенасьць ростам антысэміцкіх настрояў у сучасным сьвеце.
Іншая зьняволеная Асьвенціму Яніна Іванска нагадала, што сярод ахвяраў, акрамя габрэяў, былі і каталікі; як яна, схопленыя пасьля Варшаўскага паўстаньня 1944 году, а таксама тысячы ўдзельнікаў антынацысцкага супраціву з розных краінаў Эўропы і савецкія ваеннапалонныя. Іванска назвала лягер «бязьлітаснай машынай сьмерці».
У супольнай памінальнай малітве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў і рабінату.
Напярэдадні 80-й гадавіны вызваленьня Асьвенціму Антыдыфамацыйная ліга (ADL) апублікавала вынікі дасьледаваньня пра стан антысэмітызму ў сьвеце (The ADL Global 100: Index of Antisemitism). Дасьледаваньне ахоплівае больш за 100 краін і тэрыторый, агулам у межах яго апыталі 58 тысяч чалавек.
Паводле справаздачы, 46% паўналетніх жыхароў плянэты прытрымліваюцца яўных антысэміцкіх перакананьняў (гэта больш за два мільярды чалавек). У краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі гэты паказчык значна вышэйшы і дасягае 70-80%.
23% апытаных сымпатызуюць палестынскай групоўцы ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе. Сярод рэспандэнтаў, маладзейшых за 35 гадоў,, такіх 29%.
Агульны ўзровень антысэмітызму ў Расеі, паводле справаздачы, склаў 30%. Сярод жыхароў Украіны гэты паказчык — 32%, сярод жыхароў Беларусі — 37%.
Сярод краінаў былога СССР самы высокі ўзровень антысэмітызму зафіксаваны ў Армэніі (58%), а самы нізкі — у Эстоніі (22%).
- Лягер у Асьвенціме быў створаны нацысцкай Нямеччынай у акупаванай ёй частцы Польшчы ў 1940 годзе, у ім спачатку ўтрымліваліся палонныя палякі. Праз два гады побач быў заснаваны канцэнтрацыйны лягер для габрэяў. У Асьвенціме, які Польшча і многія іншыя краіны сьвету называюць нямецкай назвай Аўшвіц, забівалі габрэяў, палякаў, цыганаў і людзей іншых этнасаў.
- Апошні раз газавая камэра ў лягеры выкарыстоўвалася ў лістападзе 1944 году. Перад надыходзячымі савецкімі войскамі Нямеччына пачала эвакуаваць вязьняў лягеру ўглыб тэрыторыі Райху. У канцы года немцы спалілі дакумэнты і паспрабавалі сьцерці доказы злачынстваў. Да прыходу савецкіх войскаў у лягеры заставаліся сем тысяч чалавек, у тым ліку 500 дзяцей.
- Ахвярамі Галакосту — нацысцкага генацыду габрэйскага народу — сталі каля 6 мільёнаў габрэяў, галоўным чынам жыхароў Польшчы і былога Савецкага Саюзу. Асьвенцім як найбуйнейшы лягер сьмерці стаў адным з сымбаляў Галакосту.
Форум