Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе дамовіліся працягнуць санкцыі супраць Расеі. Вугоршчына зьняла свае пярэчаньні


Эўракамісія ў Брусэлі (Бэльгія). Ілюстрацыйнае фота
Эўракамісія ў Брусэлі (Бэльгія). Ілюстрацыйнае фота

Калі б ЭЗ ня здолеў узгадніць рашэньне да 31 студзеня, законнасьць замарожваньня расейскіх сувэрэнных актываў апынулася б пад пытаньнем.

Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кая Калас паведаміла, што міністры замежных спраў Эўразьвязу дамовіліся аб працягу санкцый супраць Расеі.

«Эўропа выконвае сваё абяцаньне: міністры замежных спраў ЭЗ толькі што пагадзіліся зноў працягнуць санкцыі супраць Расеі. Гэта і далей будзе пазбаўляць Маскву даходаў для фінансаваньня вайны. Расея павінна заплаціць за нанесеную шкоду», — напісала Кая Калас на сваёй старонцы на плятформе Х.

Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк паведаміў, што санкцыі, тэрмін якіх заканчваецца 31 студзеня, вырашылі прадоўжыць яшчэ на шэсьць месяцаў, калі Вугоршчына зьняла свае пярэчаньні.

Вугоршчына пагадзілася падтрымаць працяг санкцый пасьля таго, як камітэт сталых прадстаўнікоў краін ЭЗ (COREPER) узгадніў крокі па падтрымцы энэргетычнай бясьпекі Вугоршчыны і Славаччыны, у тым ліку перамовы з Украінай аб энэргетычным транзыце, паведаміў Радыё Свабода інфармаваны чыноўнік з Эўразьвязу.

Гаворка ідзе пра абавязаньне Эўракамісіі працягваць перамовы з Украінай аб аднаўленьні і стабілізацыі яе энэргетычнай інфраструктуры, а таксама пра забесьпячэньне бесьперабойнага транзыту энэргарэсурсаў па ўкраінскіх трубаправодах у ЭЗ. Да перамоваў павінны залучыць Вугоршчыну і Славаччыну.

Урады Вугоршчыны і Славаччыны пратэстуюць супраць адмовы Ўкраіны працягваць кантракт на транзыт расійскага газу па ўкраінскіх трубах з 2025 году.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі нядаўна заявіў, што Ўкраіна гатовая хутка аднавіць для краін Усходняй Эўропы транзыт праз сваю тэрыторыю прыроднага газу, але не расейскага, а азэрбайджанскага паходжаньня.

У той жа час аналітыкі папярэджваюць, што з улікам невялікай здабычы газу ў Азэрбайджане і імпарту краінай энэрганосьбітаў з Расеі гэта можа азначаць, што пад выглядам азэрбайджанскага ў ЭЗ будзе паступаць расейскі газ.

24 студзеня на сустрэчы ў Брусэлі амбасадары краін ЭЗ не змаглі дамовіцца аб працягу эўрапейскіх санкцый супраць Расеі. Рашэньне заблякавала Вугоршчына, нягледзячы на тое, што да заканчэньня дзеяньня санкцый застаўся тыдзень. Калі б ЭЗ ня здолеў узгадніць рашэньне да 31 студзеня, законнасьць замарожваньня расейскіх сувэрэнных актываў апынулася б пад пытаньнем.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG