Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пасьля выбараў заклікала міністраў ЭЗ: ізалюйце Лукашэнку, але падтрымлівайце беларусаў


Сьвятлана Ціханоўская і Каі Калас, Брусэль
Сьвятлана Ціханоўская і Каі Калас, Брусэль

У Брусэлі запэўніваюць, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі эўрапейскіх дзяржаў і пасьля фальшывых выбараў 26 студзеня.

Беларусь па-ранейшаму займае бачнае месца ў эўрапейскім парадку дня. Эўрапейскі Зьвяз працягне падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў. Аб гэтым заявіла вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас перад пачаткам пасяджэньня замежнапалітычнай рады.

«Учора ў нас была добрая сустрэча зь беларускай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай. Мы казалі пра фіктыўныя выбары, якія прайшлі ў Беларусі. І, вядома, мы падтрымліваем Беларусь і яе народ. Беларусь па-ранейшаму займае бачнае месца ў эўрапейскім парадку дня», — сказала яна.

Сьвятлана Ціханоўская вечарам 26 студзеня выступіла перад міністрамі замежных спраў ЭЗ у Бруселі на запрашэньне вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу па замежных справах Каі Калас і пры ўдзеле камісаркі па пытаннях пашырэння ЭЗ Марты Кос.

Як стала вядома Свабодзе, падчас сустрэчы абмяркоўваліся непрызнаньне выбараў 26 студзеня і Лукашэнкі, мірныя перамовы па Ўкраіне, візавыя і легалізацыйныя пытаньні, а таксама падтрымка грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сіл Беларусі.

Ад імя ЭЗ Кая Калас і Марта Кос выступілі з заявай аб непрызнаньні «выбараў» і легітымнасьці Лукашэнкі. Асобныя заявы зрабілі больш за 15 краін ЭЗ, а супольную заяву апублікавала Паўночна-Балтыйская «васьмёрка».

У сваім выступе Ціханоўская заклікала ЭЗ ў выпадку мірных перамоваў па Ўкраіне дамагацца вываду расейскіх войскаў і неўмяшаньня Расеі ў беларускія справы, каб Беларусь ня стала «суцяшальным прызам» для Расеі, прыкласьці ўсе магчымыя палітычныя і дыпляматычныя намаганьні для вызваленьня палітвязьняў, узмацніць ціск і санкцыі з патрабаваньнем спыненьня рэпрэсій, пашырыць і ўмацаваць санкцыі супраць арганізацый, якія аказваюць ваенную падтрымку Расеі і фінансуюць рэпрэсіі.

Апрача таго Ціханоўская заклікала ўвесьці пакет санкцый за парушэньні правоў чалавека, супраць судзьдзяў, прапагандыстаў, сілавікоў і чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі і арганізацыю «выбараў», павялічыць дапамогу незалежным СМІ, праваабаронцам, грамадзянскай супольнасьці, ахвярам рэпрэсій і іх сем’ям, а таксама культурніцкім ініцыятывам. Падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд і міжнародную плятформу для збору доказаў злачынстваў рэжыму.

Ішла размова аб тым. каб забясьпечыць дакумэнты для падарожжаў для беларусаў, якія засталіся без пашпартоў, спрасьціць працэдуры атрыманьня віз і дазволаў на пражываньне для беларусаў, разглядзець прызнаньня статусу новага беларускага пашпарта, падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд аб адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Ціханоўская таксама заклікала Эўразьвяз паказаць беларусам, што Эўропа прапануе альтэрнатыву «рускаму сьвету», і ўключыць дэмакратычную Беларусь у праграмы Усходняга партнэрства.

Падчас дэбатаў выступілі міністры замежных спраў Літвы — Кястуціс Будрыс, Польшчы — Радаслаў Сікорскі, Швэцыі — Марыя Мальмэр Стэнергард, Нідэрландаў — Каспар Вельдкамп, Латвіі — Байба Бражэ, Ірляндыі — Сайман Гарыс і іншыя.

Яны выказаліся ў падтрымку беларускага народа і дэмакратычных сіл, адзначылі неабходнасьць рашучай і прынцыповай пазыцыі па Беларусі, а таксама падкрэсьлілі важнасьць адрозьніваньня Беларусі ад Расеі.

Калас адзначыла, што на пасяджэньні 27 студзеня Эўрапейскай рады ў міжнародных справах будзе ісьці размова аб гібрыдных пагрозах у Балтыйскім моры, чакаецца абмеркаваньне прадаўжэньня санкцый Эўразьвязу супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне.

Акрамя таго, міністры замежных спраў краін ЭЗ абмяркуюць сытуацыю на Блізкім Усходзе, дзе Ізраіль замірыўся з ХАМАС і «Хэзбалой», але пагроза новага збройнага супрацьстаяньня застаецца высокай.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG