Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай адбыўся форум «Беларусы годныя лепшага»

абноўлена

Форум пачаўся з выступу «Вольнага Хору».

Затым з прамовай выступіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская.

«Беларусь ня будзе цікавая іншым, пакуль яна для нас ня будзе цікавай... Нягледзячы на спробы разьяднаць нас, мы па-ранейшаму застаёмся разам», — адзначыла дэмакратычная лідэрка.

Выступае Сьвятлана Ціханоўская
Выступае Сьвятлана Ціханоўская

Сярод іншага яна падзякавала беларусам, якія застаюцца ўнутры краіны, і тым, хто змагаецца на фронце ва Ўкраіне.

«Дзякуй вам вялікі за працу, якую вы робіце», — падкрэсьліла яна і зазначыла, што «трэба працягваць працу»:

«Гэта наша з вамі адказнасьць — вызваліць людзей з турмаў».

Яна таксама працытавала словы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцы і палітычнага вязьня Алеся Бяляцкага:

«Я не баюся, хай баяцца яны. І пераадолець страх нашмат прасьцей, калі ты не адзін».

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Потым на сцэну выйшаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка і пачаў зь верша Ўладзімера Караткевіча «Можна ўсё: пусьціць каханьне дымам...»:

Можна ўсё: пусьціць каханьне дымам,
Ўзяць і занядбаць мінулы шлях.
Але толькі — не любіць Радзімы
З чорнаю павязкай на вушах,
З чорнаю павязкаю на вуснах,
З чорнаю павязкай на вачах.
Толькі слухаць словы нездрадлівыя,
Толькі не тлуміць яе маной,
Бо адным мы вінны, пакуль жывы,
Перад нашаю вялікай нівай:
Праўдай абавязаны мы ёй.
Ісьцінай.
Адзінаю.
Адной.

Латушка заявіў:

«Некаторыя нам кажуць: давайце адмовімся ад свабоды, каб захаваць уяўную незалежнасьць. Але хто будзе абараняць гэтую незалежнасьць?» — задаўся ён пытаньнем.

«Ня будзе незалежнай Беларусі, калі мы не даб’емся свабоды, — падкрэсьліў ён. — Птушка ў клетцы не сьпявае. Нельга ўявіць свабоду без адказнасьці. Давайце ўявім свабодных людзей, над якімі няма прыгнёту. Такой сытуацыі ня можа быць у жыцьці. Таму мусіць быць адказнасьць».

Латушка заявіў, што быў шчасьлівы бачыць у Варшаве і іншых краінах сьвету столькі беларусаў:

«Усе яны прагнуць свабоды і справядлівасьці.
Дзякуй вам, што вы ёсьць», — сказаў палітык.

«Мы чулі, як нам кажуць: давайце станем на калені.
Але мы ня сталі на калені. І ня станем», — падсумаваў кіраўнік НАУ.

Павал Латушка
Павал Латушка

Пасьля запрасілі выступіць сьпікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву. Яна расказала, што днямі пройдзе дзень выпускнікоў, які яна звычайна вельмі любіла, і расказала, што ёй цяжка асэнсоўваць тое, што яна ня можа быць побач са сваімі знаёмымі ў Беларусі:

«Я не плянавала зьяжджаць з краіны. Але ўпэўненая, што мы будзем дома, якія б сьцены ні пабудавалі. Мы павінны памятаць, што кожны з нас можа зрабіць свой унёсак у вольнасьць Беларусі».

Напрыканцы свайго выступу Анжаліка Мельнікава выканала песьню «Слуцкія ткачыхі» Максіма Багдановіча. «Зрабіце гучней мікрафон. Хачу, каб пачулі ў Беларусі», — папрасіла арганізатараў Анжаліка.

Анжаліка Мельнікава
Анжаліка Мельнікава

«Што сказаць беларусам, якія глядзяць нас зь беларускіх гарадоў?» — задаўся пытаньнем кіраўнік апарату Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Мацкевіч.

«Я веру, што ўвесь сьвет назірае за намі, за вамі, беларусы. Але мы сёньня сабраліся, каб паказаць усяму сьвету, што мы нязломныя, — сказаў ён. — Я перакананы, што мы годныя лепшага».

Сярод іншага, Валер Мацкевіч анансаваў праект фонду сацыяльнай падтрымкі беларусаў.

«Мы прапануем запуск фонду, каб забясьпечыць устойлівы варыянт дапамогі. Кірунак — мэдычная дапамога і гуманітарная падтрымка, — сказаў Мацкевіч.

«Калі Беларусь стане свабоднай, гэты досьвед ляжа ў аснову новай сацыяльнай палітыкі нашай дэмакратычнай дзяржавы», — дадаў ён.

Можна было заўважыць шмат вядомых беларусаў, якія адмыслова прыехалі ў Варшаву, каб узяць удзел у форуме. Шмат людзей прыйшлі ў масках.

Пазьней зь відэазваротам да прысутных зьвярнуўся камандзір палку Каліноўскага Павал Шурмей:

«Мы зрабілі свой выбар, кожны зьнішчаны акупант — гэта барацьба за свабоду. Вайна ва Ўкраіне — гэта ня нейкі далёкі канфлікт. На нас рухаецца зло, якое прынясе сьмерць, гвалт і зьнішчэньне. Час словаў скончыўся — зараз час дзеяньняў».

Прамаўляе Павал Шурмей
Прамаўляе Павал Шурмей

«Беларус беларусу беларус — мы забыліся пра гэта, — адзначыла ў сваім выступе беларуская блогерка Тацяна Мартынава, якая жыве ва Ўкраіне. — Ня важна, наколькі вам дрэнна і наколькі вам добра, так будзе не заўсёды. Рыхтуйцеся да таго, што будзе ці лепш, ці горш. І таму нясіце грошы да сваіх, дапамагайце сваім. Памятайце, што тады яны дапамогуць вам. Я хачу, каб сёньня ўсё пачулі, мы раскіданыя па ўсім сьвеце, і толькі мы можам адно аднаго выцягнуць. Нават калі мы ніколі ня вернемся дадому».

У перапынку між прамовамі «Вольны хор» выканаў песьню на словы Сяргея Ціханоўскага, напісаныя за кратамі.

«Жыве Беларусь!» — крычалі ўсе.

Музыкі засьпявалі таксама «Грай» і рэлігійны гімн «Магутны Божа!». Падчас выкананьня «Пагоні» ўсе ўсталі.

На сцэну выйшаў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка і паказаў пашпарт «Новай Беларусі».

Ён адзначыў:

«Сёньня няма ў міжнародным праве ніякага прэцэдэнту, ад якога мы дакладна маглі адбівацца. Мы праходзім гэты шлях упершыню, і мы шукаем намацаныя магчымасьці вырашэньня для таго, каб гэты пашпарт ня толькі быў сымбалічным дакумэнтам, але й меў практычную карысьць. Дэмакратычныя сілы, Кабінэт і Офіс — мы працуем над двума рашэньнямі. Першае рашэньне — тэрміновае, і гэта застаецца нашым прыярытэтам, — гэта вырашэньне пытаньняў зь легалізацыяй, пашпарты замежніка, каб не патрабавалі апастыль, каб вы маглі атрымліваць ДНЖ і міжнародную абарону. Гэта застаецца нашым прыярытэтам. Каб тыя беларусы, якія цярпяць ад перасьледу рэжыму, не пакутавалі ў іншых краінах ад таго, што робіць Лукашэнка. Але ёсьць рашэньне доўгатэрміновае, і мы яго будзем рабіць у любым разе, мы яго павінны давесьці да канца. Гэты пашпарт не заменіць пакуль што вашых ДНЖ і пашпартоў замежнікаў, але гэты пашпарт — гэта задзел на будучыню. Магчыма, можа так і будзе, што гэты пашпарт вернецца ў новую дэмакратычную Беларусь. Рабіць яго трэба з задзелам на доўгую будучыню. І тое, што ён біямэтрычны, тое, што ён электронны, дазволіць яму быць актуальным і тры, і пяць, і дзесяць год наперад.

Пра вырашэньне кароткатэрміновае вы ведаеце, што гэтая праблема ў розных краінах выглядае па-рознаму. І шэраг краінаў спрасьцілі ў мінулым годзе дзякуючы працы дэмсілаў умовы атрыманьня дакумэнтаў. Дзесьці беларусы ўжо атрымалі пашпарты замежнікаў, і наступныя паўгода частата выдачы гэтых дакумэнтаў пабольшыцца, паскорыцца.

Але ўсё роўна бальшыня эўрапейскіх краінаў, ня кажучы пра Каўказ, ня кажучы пра Балканы, не выдае такія дакумэнты. Мы будзем змагацца, каб наш пашпарт меў статус, дзе няма тэрміновага вырашэньня для беларусаў. Што гэты пашпарт значыць і што ён робіць? Безумоўна, сымбалічная роля, але якая важная роля! Нават сымбалічныя рэчы маюць вельмі вялікае значэньне».

Прамаўляе Франак Вячорка.
Прамаўляе Франак Вячорка.

Паводле Франка Вячоркі, на сайце беларускага пашпартнага цэнтру ўжо цяпер адкрыты збор заявак. Пачынаецца нарошчваньне базы, не чакаючы афіцыйнага прызнаньня. Пашпартны цэнтар працуе ў Вільні, «але ў пэрспэктыве ёсьць задача адкрыць цэнтры ў Польшчы і ў Украіне, па магчымасьці».

Таксама Вячорка паведаміў, што сёньня пачынаецца перадзамова пашпартоў.

Кіраўнік Фонду BySol Андрэй Стрыжак асаблівую ўвагу ў сваёй прамове аддаў «тром С», якія для яго — частка будовы ягонай уласнай асобы: салідарнасьць, свабода і справядлівасьць. Ён зьвярнуўся да беларусаў унутры краіны, якіх прымушаюць ісьці на выбарчыя ўчасткі:

«Вы мусіце ведаць: калі вы туды пайшлі, то вы не зьяўляецеся саўдзельнікамі гэтага злачынства. Тое, што ўнутры вас, ніхто гэтага не адбярэ».

Андрэй Стрыжак.
Андрэй Стрыжак.

На Форуме, сярод іншых, выступілі сябра Каардынацыйнай рады Алана Гебрэмарыям, блогерка Аляксандра Ханевіч, прадпрымальнік Аляксандар Кныровіч, прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці і ініцыятывы dissident.by, а таксама Яўген Брыцько, бацька адзінаццацігадовай Касіі, якой сабралі амаль 11 тысяч эўра, каб яна ня страціла зрок.

Таксама на форуме выступілі палітоляг Роза Турарбекава, рэжысэр Андрэй Гнёт, паэтка Валярына Кустава. Закрыў форум сваім выступам музыка Лявон Вольскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG