У Першамайскім судзе Менску 30 студзеня пачнуць судзіць Алену Шарафановіч, адну з найлепшых дзіцячых анколягаў Беларусі, паведамляе «Наша Ніва».
Алене Шарафановіч інкрымінуюць «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Судзіць лекарку будзе намесьніца старшыні суду Першамайскага раёну Натальля Дзядкова.
Алена Шарафановіч скончыла Менскі мэдычны інстытут і асьпірантуру Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі па спэцыяльнасьці «Анкалёгія». Шэсьць разоў праходзіла курсы павышэньня кваліфікацыі, стажыравалася ў Нямеччыне і ЗША.
Яна 13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі ў Бараўлянах, яшчэ 3 гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазэрнай дэрматалёгіі «HappyDerm».
Як адзначае «Наша Ніва», у мэдычных чатах і суполках не знайсьці ніводнага нэгатыўнага водгуку пра Алену Шарафановіч ад пацыентаў — наадварот, удзячныя людзі перадаюць адзін аднаму яе імя:
- «Гэта доктар ад Бога. Вылечыла майго сына, калі ўсе казалі, што іншага лячэньня няма. Дзякуй велізарны вам».
- «Жонка адправіла. Сказала: супэрдоктар. Я ня верыў і паставіўся скептычна. Але аказалася, што так і ёсьць».
- «Шарафановіч —вельмі добры спэцыяліст, калі б вы раней зьвярнуліся, вам дапамаглі б», і інш.
У 2022 годзе Алена Шарафановіч, якая была дырэктаркай прыватнай «Клінікі А1», трапіла ў цэнтар скандалу. Як паведамлялі тады СМІ, адзін з сузаснавальнікаў мэдцэнтру пісаў скаргі на сваю ж клініку, бо ваяваў з другім сузаснавальнікам, Русланам Шарафановічам, мужам Алены. У выніку ў клінікі «А1» забралі ліцэнзію, і яе праца была паралізаваная. На саму Алену Шарафановіч адна з супрацоўніц напісала данос за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дырэктарку судзілі, яна атрымала штраф. Клініка неўзабаве закрылася.
Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», чалавека зь імем Руслан Шарафановіч (імаверна, гэта якраз муж Алены Шарафановіч) таксама судзілі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 КК. Вынік суду праваабаронцам невядомы.
- У Беларусі назіраецца вялікі недахоп кадраў у сфэры аховы здароўя Беларусі. Так, у агульнарэспубліканскай базе вакансій на 22 студзеня каля трох тысяч вакансій для лекараў-спэцыялістаў, больш за 1,7 тысячы мэдсёстраў, 249 памочнікаў лекараў. Вырашыць праблему зь недахопам мэдыкаў у Беларусі не ўдаецца ўжо ня першы год. Сярод прычын — звальненьні, затрыманьні і арышты з палітычных матываў неляяльных да рэжыму Лукашэнкі мэдыкаў, ад’езд спэцыялістаў на працу за мяжу, узровень заробкаў.
- У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі дзясяткі мэдыкаў. Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ. У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў.
- У канцы студзеня 2024 году Лукашэнка зьняў Піневіча з пасады міністра аховы здароўя Беларусі і прызначыў новым міністрам экс-кіраўніка РНПЦ у Навінках Аляксандра Хаджаева. Пры Піневічу сыстэма аховы здароўя пачала функцыянаваць у атмасфэры санкцый Захаду, што прывяло да праблемаў з пастаўкамі замежных лекаў і мэдычнага абсталяваньня.
- У рамках змаганьня зь недахопам кадраў у лютым 2024 году ў Беларусі прынялі закон, згодна зь якім тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры для мэдыкаў-бюджэтнікаў павялічылі з 2 да 5 гадоў.
Форум