Дональд Трамп афіцыйна стане 47-м прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. Яго інаўгурацыя праходзіць 20 студзеня. У гэты дзень Трамп пераедзе ў Белы дом.
«Голас Амэрыкі» вядзе жывую відэатрансьляцыю з інаўгурацыі.
Пасьля таго як Трамп быў прыведзены да прысягі, ён выступіў з прамовай, у якой паабяцаў зрабіць хуткія рашучыя крокі, «каб зрабіць Амэрыку зноў вялікай».
Ён абвясьціў, што адразу ж прыме шэраг указаў, мэтай якіх, у прыватнасьці, будзе:
- Абвясьціць надзвычайную сытуацыю на паўднёвых межах ЗША і паслаць войскі на мяжу.
- Вярнуць «мільёны крымінальных элемэнтаў» туды, адкуль яны прыехалі, анансаваўшы палітыку «Заставайцеся ў Мэксыцы».
- Абвясьціць крымінальныя картэлі замежнымі тэрарыстычнымі арганізацыямі.
- Зьнізіць інфляцыю, цэны і кошт жыцьця.
- Дазволіць распрацоўку новых радовішчаў нафты і газу.
- Зноў выйсьці з Парыскай дамовы аб клімаце.
- Стварыць вонкавую падатковую службу, якая будзе займацца зборам тарыфаў на імпарт.
- Аднавіць на службе тых вайскоўцаў, якія адмаўляліся ад вакцынацыі.
- Перайменаваць Мэксыканскую затоку ў Амэрыканскую затоку.
- Вярнуць гары на Алясцы імя прэзыдэнта Мак-Кінлі.
Трамп таксама заявіў, што Злучаныя Штаты павінны вярнуць сабе Панамскі канал, пашырыць тэрыторыю ЗША, а амэрыканскія астранаўты паставяць амэрыканскі сьцяг на Марсе. У сваёй прамове Трамп не згадаў Украіну, але паабяцаў быць «міратворцам».
Тут можна пачытаць тэкставую трансьляцыю «Голасу Амэрыкі».
Гэта другі раз, калі Трамп зойме гэтую пасаду — пасьля таго як ён ужо займаў пасаду прэзыдэнта перад Джо Байдэнам у 2017–2021 гадах.
У 2025 годзе, упершыню за 40 гадоў, інаўгурацыя праходзіць у памяшканьні з прычыны марозу.
Дональд Трамп стаў першым прэзыдэнтам больш як за стагодзьдзе, які запрасіў на цырымонію прысягі замежных лідэраў. Звычайна зь іншаземцаў прысутнічаюць толькі дыпляматы.