Жанна Куваньнікава — тату-майстрыха і маці чацьвярых дзяцей. Ёй 38 гадоў, яна магістарка эканомікі. Жыла ў Горадні, працавала ў банку. У 2020 годзе разам зь сям’ёй пакінула Беларусь праз палітычны перасьлед. У эміграцыі стала займацца боксам, паўдзельнічала ў сваіх першых спаборніцтвах. Кардынальна памяняла прафэсію. Год таму памёр ейны муж Аляксандар Куваньнікаў, адзіны страйковец горадзенскай тытунёвай фабрыкі.
Мяккі характар
Жанна расказвае, што прыйшла ў бокс, калі жыла ў Беларусі. Тады яна нарадзіла чацьвёртае дзіця (яна называе сына Дабрачок або Сан Саныч). Цяпер малому пяць гадоў. Пасьля родаў набрала некалькі кіляграмаў, не змагла апранаць старое адзеньне. Тады і пайшла ў бокс, каб палепшыць форму.
«Па-другое, у мяне быў вельмі мяккі характар. Мы зь дзецьмі то пяклі нешта, то нейкія вырабы рабілі. Я была ўся ў мацярынстве. І ў нейкі момант, калі мяне нехта пакрыўдзіў, я сядзела, плакала і падумала, што трэба нешта мяняць. І вырашыла пайсьці на нейкі від спорту. Выбрала бокс», — расказвае суразмоўца.
Жанна ўспамінае, што калісьці на дошцы мары ў яе была карцінка, дзе яна з прыгожай фігурай у баксэрскіх пальчатках. Так яна пайшла ў баксэрскі клюб у Горадні.
«Ты прыходзіш, там куча потных мужчын і ты такая маленькая. Я невысокага росту, худзенькая. І табе трэба ў гэта ўсё неяк уклініцца, а ты нічога ня ўмееш, ты сьціплы, ціхі, спакойны чалавек... Гэта быў вялікі выхад з зоны камфорту. Табе страшна ісьці, дыскамфортна. Але ты ўсё роўна ідзеш. Адчуваеш сябе нязграбнай, няўмекай, але ўсё роўна кожны раз ідзеш», — успамінае суразмоўца.
Жанна адзначае, што ў клюбе яе прынялі нармальна. Мужчыны цярпліва станавіліся зь ёй у пару. Іншыя дзяўчаты прыходзілі на трэніроўкі рэдка, таму асобных жаночых заняткаў не было. Яна ўспамінае, што часам блытала лева-права, але мала хто з супернікаў паказваў сваю незадаволенасьць.
Жанна нагадвае пра стэрэатып, нібыта «баксэры нейкія дурныя, някемлівыя».
«У мяне ёсьць адукацыя, магістратура. Каб паўтарыць сэрыю ўдараў, мой мозг сутыкаецца са складанасьцямі. Ногі трэба пэўным чынам, рукі пэўным чынам, сочыш, каб у цябе галава пэўным чынам была. Пры гэтым яшчэ сачыць за супернікам. Гэта насамрэч вельмі складана», — зазначае яна.
Бубенныя балоны
У Польшчы Жанна вярнулася да трэніровак два гады таму, калі крыху адаптавалася. Для яе гэта стала яшчэ большым выхадам з зоны камфорту, бо слаба разумела польскую мову. Часам было так цяжка, што думала кінуць. Але прывыкла разумець па рухах і жэстах. Кажа, што і ў польскім баксэрскім асяродзьдзі яе прынялі добра.
«У маёй групе былі джэнтэльмэны, хлопчыкі, якія даўно займаюцца. Калі я перапытвала, што трэнэр меў на ўвазе, яны цярпліва тлумачылі. Дзякуючы гэтай падтрымцы я не адчувала, што я чужынка», — кажа Жанна.
Яна ўспамінае свайго самага кантраснага суперніка на трэніроўках. Гэта Матэвуш, «вялікі-вялікі хлопец, увесь мускулісты». Аднойчы ў пары зь ім Жаньне трэбы было трымаць баксэрскія «лапы» і адбіваць ягоныя ўдары. Трэнэр прапанаваў замяніць Жанну ў гэтым практыкаваньні. Але яна адмовілася.
«І ўсе засьмяяліся. Я яшчэ не разумела, чаму яны сьмяюцца. Калі ён пачаў біць, усё настолькі трэслася, што мне здавалася, у мяне зараз лопнуць бубенныя балоны. Тады я зразумела, што ён вельмі шкадуючы мяне, аказваецца, на спарынгах біў, таму што тут у мяне проста адляталі рукі. Я мужна дацярпела да канца трэніроўкі, прыйшла ў разьдзявальню. У мяне міжволі сьлёзы цяклі і рукі трэсьліся», — успамінае спартоўка.
Пасьля гэтага выпадку, кажа Жанна, хлопцы яе сталі паважаць:
«Калі ты ўжо Матэвуша вытрымала, то ўсё вытрымаеш». Яна заўважае, што многія мужчыны ставяцца да яе падчас спарынгаў беражліва. Ёй гэта хутчэй падабаецца. Хаця часам просіць біць «па-сапраўднаму». Тады яны ўзмацняюць удары. Жанчыны ж, зь яе назіраньняў, ставяцца ня так беражліва.
«Мне прасьцей з хлопцамі працаваць. Хлопчыкі як умеюць, так і б’юцца. А дзяўчаты могуць хітрыць, рабіць выгляд, што яны слабейшыя», — разважае суразмоўца.
Пераадольваць страх, скідваць нэгатыў
Жанна ходзіць на трэніроўкі раніцай, бо потым працуе, а вечары праводзіць зь дзецьмі. Трэнуецца два-тры разы на тыдзень па паўтары гадзіны. Перад спаборніцтвамі займалася па пяць дзён на тыдзень і дадаткова яшчэ дома скакала на скакалцы, адціскалася. Старэйшыя дзеці і знаёмыя беларусы дапамагалі з малодшымі, каб маці пасьпела падрыхтавацца да бою.
Яна мяркуе, што займацца боксам ня вельмі дорага. Абанэмэнт у спартовы клюб каштуе каля 55 даляраў на месяц. За трэніроўкі дзіцяці ў тым жа клюбе яна плаціць палову цаны — 20 даляраў. З рыштунку патрэбна звычайная спартовая форма, пальчаткі, павязкі, капа для абароны зубоў. Некаторыя купляюць шлем. Жанна кажа, што ня ведае, колькі каштуюць пальчаткі, бо ёй падарыў муж. Капы каштуюць каля 6 даляраў.
Бокс, на думку Жанны, дапамагае ёй пераадольваць сябе, свой страх, вучыцца новаму, скідваць нэгатыў праз рух. Яна заўважае пры гэтым, што ейнае цела становіцца прыгажэйшым. Трэніроўкі паляпшаюць настрой, даюць тонус.
«Я не разумею, як можна не любіць бокс. Мне здаецца, усе ў сьвеце мусяць любіць бокс», — усьміхаецца суразмоўца.
Сярод самых сваіх сур’ёзных пашкоджаньняў Жанна называе траўмы носа і расьцяжэньні.
«На першых спарынгах я атрымлівала ў нос і паўтрэніроўкі сядзела і не магла суняць кроў», — кажа спартоўка.
Майка з Калесьнікавай
Летась у сьнежні Жанна ўпершыню ўдзельнічала ў аматарскіх спаборніцтвах у Польшчы. Гэта былі дабрачынныя баі. Падчас іх зьбіралі грошы на фонд, які дапамагае дзецям. Спартоўцы не плацілі за ўдзел, але ім трэба было заахвоціць прынамсі дзесяць чалавек купіць квіткі на падзею і запрашаць іншых браць удзел у дабрачыннасьці.
Кожны баксэр праводзіў толькі адзін бой. Жанчын удзельнічала няшмат, таму можна было загадзя зразумець, з кім, хутчэй за ўсё, яны будуць у пары, кажа суразмоўца. Рост Жанны 158 сантымэнтраў, вага 52-53 кіляграмы. Ейнай суперніцай была маці пяцярых дзяцей Юстына Ціхорэк, падобная па камплекцыі. Для Ціхорэк гэта былі дзясятыя спаборніцтвы.
Жанна мяркуе, што аматарскія баі выглядаюць амаль як прафэсійныя.
«Ёсьць судзьдзі, ідзе жывая трансьляцыя, выходзяць дзяўчаты з таблічкамі ў руках, прыгожыя фатаздымкі. Падчас баёў праводзяцца аўкцыёны: пальчатка вядомага байца, мяч футбаліста, майка з аўтографам», — расказвае яна.
Жанна кажа, што была адзінай прадстаўніцай іншай краіны. Некалькі сэкундаў для сваёй прэзэнтацыі яна вырашыла выкарыстаць не для таго, каб расказваць пра сям’ю ці рэклямаваць свой бізнэс, а каб паінфармаваць палякаў пра сытуацыю ў Беларусі, пра «тысячы палітвязьняў, якіх трымаюць у нечалавечых умовах, парушэньне свабоды слова і іншых правоў чалавека», а таксама каб падзякаваць Польшчы за падтрымку беларусаў.
Яна падрыхтавала майку з выявай Марыі Калесьнікавай, хаця да апошняга моманту ня ведала, ці зможа яе надзець. Урэшце арганізатары дазволілі беларусцы выйсьці ў майцы з партрэтам палітзьняволенай, але падчас бою яна мусіла быць у зацьверджанай для спаборніцтваў форме.
Таксама на свой выхад Жанна выбрала песьню «Ня быць скотам» Brutto. Яна прасіла арганізатараў, каб уключылі ў пачатку куплета, каб прагучалі словы верша Янкі Купалы. Аднак песьню паставілі з самага пачатку, і прагучаў толькі музычны пройгрыш.
Біць чалавека ў твар
Жанна перажывала, што можа паддацца эмоцыям падчас бою, расхвалявацца. Але ў выніку сабралася. Кажа, што ня чула ні заўзятараў, ні камэнтатара, а толькі свайго трэнэра. Яна рыхтавалася да спаборніцтваў таксама з дапамогай псыхатэрапэўткі. Была зь ёй на онлайн-сувязі непасрэдна перад боем, каб супакоіцца і настроіцца.
«Мне важна было выйграць, бо я надзела майку з Марыяй Калесьнікавай, усё гэта зачыталі. Падумала, калі я зараз прайграю, то мне будзе вельмі крыўдна, проста нейкі фарс», — прызнаецца Жанна.
Да таго ж гэта быў ейны першы бой. Яшчэ адна складанасьць была ў тым, што дзяўчаты за час трэніровак пасябравалі.
«Калі бой, табе трэба адключыць сымпатыі, сяброўства, табе трэба біць чалавека ў твар, куды можаш. Для мяне бой быў перадусім маральна складаны... Тут ня пройдзе „перамагла дружба“. Тут трэба выйграваць», — дзеліцца суразмоўца.
Калі судзьдзя падняў ейную руку на знак перамогі, Жанна расплакалася. Кажа, ад таго, што здолела гэта зрабіць, і ад таго, што давялося біць чалавека. Яна адразу абняла сваю суперніцу.
Запіс бою можна паглядзець тут.
Свой тату-салён
Жанна зь сям’ёй жыве ў Быдгашчы. Яшчэ ў Беларусі муж падарыў ёй татуявальную машынку. Жанна ў 2020 годзе прайшла курсы для тату-майстроў і пачала татуяваць. Пасьля пераезду ў Польшчу яна спалучала працу ў клінінгу з працай у тату-студыі. Пазьней уласьнік прапанаваў ёй за невялікую суму купіць ягоны кабінэт з абсталяваньнем. Так у беларускі зьявілася свая студыя. Цяпер разам зь ёй працуе яшчэ адзін хлопец.
Яна кажа, што заробку хапае для існаваньня. Часам замала кліентаў, часам зашмат — і тады даводзіцца працаваць па шмат гадзінаў. З плюсоў яна называе магчымасьць рэгуляваць свой графік. Яна можа ўзяць на працу дзяцей, каб не пакідаць іх зь нянькай.
«Гэта праца, на якую я іду з радасьцю», — адзначае суразмоўца.
Майстрыха кажа, што мае сшытак, куды запісвае свае мэты і мары. Кажа, што яшчэ некалькі гадоў таму не магла нават марыць, што будзе мець свой салён. Жанна таксама езьдзіць на матацыкле. Яна дзеліцца, што адзін з наступных пунктаў у ейным сшытку мараў — навучыцца так добра езьдзіць на матацыкле, каб «чухаць каленямі асфальт».
«Я сьмех яго чую дагэтуль»
Летась у студзені ў Жанны памёр муж Аляксандар Куваньнікаў. Яму было 42 гады. Куваньнікаў быў адзіным работнікам горадзенскай тытунёвай фабрыкі, які ў 2020 годзе далучыўся да страйку ў адказ на фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў. Неўзабаве яго звольнілі.
У Польшчы Аляксандар працаваў на будоўлі. Жанна расказвае, што за некалькі месяцаў да сьмерці муж атрымаў траўму хрыбетніка на працы. Тады яму забаранілі нагрузкі. Ён хадзіў у спэцыяльным гарсэце, прымаў абязбольвальныя таблеткі, бо ўвесь час адчуваў боль.
«Сэрца ня вытрымала», — кажа яна.
Пасьля крэмацыі прах Аляксандра пахавалі на радзіме.
Жанна расказвае, што яны пражылі з мужам разам 15 гадоў. Аднак эміграцыя стала для іх крызісным пэрыядам. Урэшце яны разышліся і жылі асобна. Суразмоўца мяркуе, што гэтыя складанасьці можна было б пераадолець, працуючы з псыхолягам, і шкадуе, што ўжо позна.
«Але ўсё роўна Саша для мяне вельмі блізкі чалавек», — кажа яна і плача.
Жанна лічыць, што ў сьмерці мужа вінаваты ў тым ліку рэжым Лукашэнкі і неабходнасьць пакінуць Беларусь.
«Гэта быў вельмі складаны год... Я вельмі пазытыўны і жыцьцярадасны чалавек. Але колькі мне трэба было ўсяго пераадолець, працаваць з псыхатэрапэўтам. У мяне куча запісаных сшыткаў, куча заплаканых падушак... Я сьмех яго чую дагэтуль. Магу аднавіць у памяці нейкую гутарку», — кажа празь сьлёзы жанчына.
Жанна ўспамінае, што, калі яны ўжо разышліся, Аляксандар падарыў ёй кушэтку, пляншэт, каб яна рабіла тату. Цяпер яна перайменавала свой салён так, каб у назве было іхнае прозьвішча — у памяць пра мужа.
«Ён больш за мяне ў мяне верыў. Дзякуючы яму ў мяне ёсьць мая студыя, ёсьць за што карміць дзяцей», — кажа майстрыха.
На бачным месцы ў кватэры сям’і стаіць партрэт Аляксандра. Ён бачыўся зь дзецьмі і пасьля расставаньня з жонкай. Яна ім не перашкаджала сустракацца. Цяпер дзеці ўспамінаюць бацьку, праглядаюць ягоныя фота. Жанна кажа, што шмат гаварыць пра Аляксандра зь дзецьмі ня можа, бо ўвесь час плача. Думае, што ім таксама цяжка.
«Думаю, калі Саша на нябёсах нас цяпер бачыць, то на мяне не крыўдуе ні за што ў гэтым пляне», — мяркуе суразмоўца.
Маці Аляксандра за апошні год некалькі разоў прыяжджала да ўнукаў і нявесткі ў Польшчу.
«Для мяне гэта глыток паветра. Усё роўна тут ты адчуваеш татальную адзіноту. Ты адзіны дарослы, няма каму табе дапамагчы. Калі яна прыяжджае, я адчуваю сябе дзіцем у сям’і, што нехта пра цябе клапоціцца. Для мяне гэта вялікі рэсурс, каб жыць далей», — прызнаецца Жанна.
19 студзеня — дзень нараджэньня Аляксандра. Гэты дзень, а ня дзень ягонай сьмерці, Жанна вырашыла зрабіць днём памяці і сабраць ягоных блізкіх онлайн і офлайн. Яна кажа, што блізкія людзі, беларусы і ўласныя дзеці дапамагаюць ёй спраўляцца ў апошні год.
Форум