Дональд Трамп афіцыйна стане 47-м прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. Яго інаўгурацыя праходзіць 20 студзеня. У гэты дзень Трамп пераедзе ў Белы дом.
«Голас Амэрыкі» вядзе тэкставую трансьляцыю з інаўгурацыі.
Гэта другі раз, калі Трамп зойме гэтую пасаду — пасьля таго як ён ужо займаў пасаду прэзыдэнта перад Джо Байдэнам у 2017–2021 гадах.
У 2025 годзе, упершыню за 40 гадоў, інаўгурацыя пройдзе ў памяшканьні з прычыны марозу.
Цырымонія інаўгурацыі павінна пачацца ў 10:30 паводле вашынгтонскага часу (18:30 паводле менскага), калі на Капіталійскі пагорак прыбудзе картэж абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Плянуецца, што Дональд Трамп прынясе прысягу ў якасьці 47-га прэзыдэнта ЗША і выступіць з інаўгурацыйнай прамовай.
Сыноптыкі прагназуюць, што ў гэты дзень у Вашынгтоне будзе вельмі марозна, тэмпэратура можа апусьціцца ніжэй за –16 градусаў, таму асноўныя падзеі цырымоніі перанясуць з адкрытай пляцоўкі ў памяшканьне.
Сам Трамп напісаў пра гэта ў сацсетцы Truth Social: «Я распарадзіўся, каб інаўгурацыйная прамова, малітва і іншыя прамовы былі прачытаныя ў ратондзе Капітолія Злучаных Штатаў».
Нягледзячы на рэкордна нізкія тэмпэратуры, у гэты дзень у сталіцы ЗША зьбіраецца вялікая колькасьць людзей. Аб'яднаны камітэт інаўгурацыйных цырымоніяў Кангрэсу ЗША паведаміў, што па стане на 13 студзеня ён раздаў кангрэсмэнам 220 тысяч білетаў на ўваход на тэрыторыю, прылеглую да Капітолія. Кангрэсмэны раздаюць гэтыя білеты кожны ў сваім штаце. Улічваючы неспрыяльныя ўмовы надворʼя, пакуль цяжка прагназаваць, колькі людзей зможа прыйсьці.
У 2017 годзе, калі Дональда Трампа ўпершыню абралі на пасаду прэзыдэнта ЗША, на інаўгурацыю прыйшло каля паўмільёна чалавек.
Дональд Трамп стане першым прэзыдэнтам больш як за стагодзьдзе, які запрасіў на цырымонію прысягі замежных лідэраў. Звычайна зь іншаземцаў прысутнічаюць толькі дыпляматы.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум