Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускай эканомікі няма такога запасу трываласьці, як у расейскай, — эканаміст Крук


Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук адказвае на пытаньне, ці варта чакаць абвалу расейскай эканомікі, і расказвае пра старую-новую «ідэю-фікс» беларускіх эканамічных чыноўнікаў.

Сьцісла:

  • У расейскай эканоміцы назіраюцца і нэгатыўныя, і станоўчыя трэнды.
  • Расею чакае плаўнае тармажэньне, тое, што эканамісты называюць «мяккай пасадкай».
  • Апошнія 2–3 гады датацыі ў розных формах, атрыманыя ад Расеі, фактычна кампэнсавалі ўсе страты Беларусі ад санкцыяў.
  • Па-новаму правесьці мадэрнізацыю, але без памылак 2009–2013 гадоў — гэта новая ідэя-фікс беларускіх чыноўнікаў.

— Апошнія дні ў прэсе, сацыяльных сетках можна назіраць даволі актыўныя дыскусіі паміж расейскімі палітыкамі і эканамістамі на тэму: ці чакаюць расейскую эканоміку бліжэйшым часам сур’ёзныя выпрабаваньні. Многія даюць наконт гэтага пэсымістычныя прагнозы. На чым грунтуюцца такія ацэнкі і наколькі вы схільныя іх падзяляць?

— Яны грунтуюцца найперш на тым факце, што ў Расеі надзвычай узьнялася працэнтная стаўка — да 21 працэнта. Гэта насамрэч «забараняльны» ўзровень, які забівае інвэстыцыі, дэстымулюе фірмы, нават штурхае іх вымаць грошы зь бягучага капіталу, бо на працэнтах можна зарабіць болей. І гэта тармозіць расейскую эканоміку.

Плюс яшчэ важны момант, на якім грунтуюцца пэсымістычныя прагнозы, — гэта імавернасьць таго, што такія высокія стаўкі паўплываюць на здольнасьць прадпрыемстваў выконваць свае абавязаньні перад банкамі. Што можа справакаваць фінансавы крызіс.

Таксама нэгатыўныя прагнозы зьвязаныя з вонкавымі чыньнікамі — перш за ўсё з тым, што сусьветныя цэны на нафту могуць зьнізіцца пад уплывам дзейнасьці Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і, як вынік, зьніжэньня попыту на нафту ў сусьветнай эканоміцы. Таксама імавернасьць таго, што далейшыя санкцыі могуць пазбавіць Расею значнай часткі даходаў ад продажу нафты і газу.

Я пагадзіўся б, што гэтыя рызыкі ёсьць, але разам з тым адзначу тыя чыньнікі, якія спрыяюць расейскай эканоміцы. Гэта найперш устойлівае станоўчае сальда замежнага гандлю. Нават калі патэнцыйнае скарачэньне экспартных даходаў адбудзецца — запас устойлівасьці даволі істотны. Другі пункт устойлівасьці — у Расеі значныя фінансавыя запасы, так званы Фонд нацыянальнага дабрабыту. І трэцяе — яны здолелі разагнаць унутраны попыт.

Так што, калі паглядзець на нэгатыўныя і пазытыўныя аспэкты для расейскай эканомікі, то маё чаканьне — плаўнае тармажэньне, тое, што эканамісты называюць «мяккай пасадкай». Рост будзе запавольвацца, інфляцыя будзе расьці, але падставаў для аднамомантнага рэзкага абвалу я ня бачу. Зусім выключаць яго нельга — у выпадку, калі рэзка зьнізяцца нафтавыя даходы — але імавернасьць гэтага даволі невысокая.

— Аляксандар Лукашэнка ўжо ня першы раз (і асабліва яскрава на апошняй эканамічнай нарадзе з урадам) заяўляе пра тое, што 2025 год будзе вельмі цяжкі. Прапануе скарачаць траты на сацыяльную сфэру, адмовіцца ад будаўніцтва многіх сацыяльных аб’ектаў. Якія асноўныя прычыны для такога хваляваньня менавіта ў эканамічнай сфэры?

— Я думаю, гэта разуменьне таго, што сытуацыя ў Расеі дакладна ня будзе паляпшацца, і Расея ня будзе далей выступаць такім лякаматывам, які цягне беларускую эканоміку за сабой. Адпаведна, для Беларусі гэта азначае пэўны нэгатыўны імпульс. І гэта даволі кепская навіна, бо апошнія 2–3 гады датацыі ў розных формах ад Расеі фактычна кампэнсавалі ўсе страты Беларусі ад санкцыяў.

Адпаведна, калі мэханізм датацыяў і падтрымкі пачынае скарачацца, то гэта для беларускай эканомікі азначае моцны нэгатыўны імпульс. Яскравы прыклад — падтрымка беларускай эканомікі за кошт цаны на нафту амаль зьнікла ў 2024 годзе. Там шмат тэхнічных рэчаў, істотную ролю выконвае розьніца паміж цаной на расейскую нафту і сусьветнай цаной. Зараз гэтая розьніца скарацілася, і дабіцца ад Расеі нейкай кампэнсацыі не ўдаецца.

Плюс, як мы бачым, за апошнія гады магчымасьці атрымаць новыя грошы ад Расеі моцна зьменшыліся.

Кардынальнае адрозьненьне беларускай эканомікі ад расейскай у тым, што ў беларускай няма запасу трываласьці. Таму на Беларусь любая новая праблема ўплывае даволі хутка і рэзка, і зьмена каньюнктуры адчуваецца адразу. Трывожныя заявы Лукашэнкі выкліканыя тым, што ён бачыць, што вецер дзьме ў іншы бок і можна чакаць запавольваньня росту і падвышэньня цэнавага ціску. Паводле вынікаў 4 кварталу мінулага году гэта ўжо відавочна.

Адпаведна, варта чакаць, што такой эканамічнай атмасфэры, як у 2024-м, у новым годзе ня будзе. Таму з вуснаў кіраўніка гучыць спроба падрыхтаваць людзей да гэтай рэальнасьці.

— Але прагноз беларускага ўраду на 2025 год па-ранейшаму надзвычай аптымістычны: прадугледжаны рост ВУП на 4,1 працэнта...

— Ня варта моцна зьвяртаць увагу на гэты прагноз. Роля гэтых парамэтраў хутчэй у тым, каб напружваць дзяржаўны апарат, трымаць яго ў рэжыме сталай мабілізацыі. Калі паглядзець на лічбы ад 2008 году: колькі разоў выконваўся гэты прагноз? Максымум 4–5 разоў, калі прагнозныя лічбы адпавядалі фактычным.

Сёлета дасягнуць пастаўленых прагнозных парамэтраў будзе вельмі цяжка. Імавернасьць гэтага ня больш за 10 працэнтаў. Адпаведна, гэта хутчэй дэманстрацыя таго кірунку, што яны зьбіраюцца падтрымліваць інвэстыцыйны попыт.

Але ёсьць тры галоўныя праблемы — інфляцыйны ціск, праблемнае фінансавае становішча прадпрыемстваў, што дае мінімальную рэнтабэльнасьць, і дэфіцыт гандлёвага балянсу. Гэта галоўныя выклікі, якія выступаюць абмежавальнікамі для магчымасьці росту беларускай эканомікі. А пры пэўным разьвіцьці падзеяў могуць прывесьці да больш адчувальных шокаў.

— Разумеючы гэтыя праблемы, што ўлады могуць зрабіць? Асабліва з улікам цяперашняй надзвычайнай эканамічнай залежнасьці да Расеі?

— Праблема якраз у тым, што варыянтаў няшмат. І нават ня надта значнае пагаршэньне ў Расеі можа пераўтварыцца ў больш істотнае пагаршэньне ў Беларусі.

Эканамічныя ўлады кажуць: «Мы будзем рабіць стаўку на падтрымку інвэстыцыйнага попыту. Мы скарысталі амаль увесь патэнцыял росту даходаў насельніцтва, далейшы рост запаволіцца». Яны пагаджаюцца, што на зьніжэньне росту даходаў давядзецца пайсьці.

Цяпер у іх ідэя пра новы інвэстыцыйны цыкль. Па-новаму правесьці мадэрнізацыю, але гэтым разам без памылак 2009–2013 гадоў — гэта ў іх такая ідэя-фікс. Але шанцы зрабіць гэта пасьпяхова, на мой погляд, вельмі нізкія.

Што яшчэ? Скарыстацца нейкімі новымі формамі падтрымкі ад Расеі — гэта магчыма. Яшчэ з новых трэндаў — спадзеў на падтрымку ад Кітаю. Дапускаю, што гэта можа стаць пэўным чыньнікам і прыкрыць нейкія дзіркі, якія існуюць у эканоміцы цяпер. Але толькі на пэўны час.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG