Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Удзячны ці няўдзячны аўтар — часта наш адзіны чытач». Рэцэнзэнтка Вера Бейка пра стан літаратурнай крытыкі


Беларускія кнігі на кніжным кірмашы ў Беластоку. 2023
Беларускія кнігі на кніжным кірмашы ў Беластоку. 2023

Гутарка пра сытуацыю ў нацыянальнай літаратуры і ролю літаратурных крытыкаў зь літаратурнай аглядальніцай інтэрнэт-часопісу Taubin Верай Бейкі.

Тэма стану сучаснай беларускай літаратурнай крытыкі, узьнятая ў інтэрвію Свабодзе 5 студзеня рэцэнзэнткай Зосяй Лугавой, атрымала працяг у сацыяльных сетках. Асабліва актыўная палеміка ўзьнікла пад допісам у Facebook літаратурнай аглядальніцы інтэрнэт-часопісу Taubin Веры Бейкі.

Пагаварылі зь ёй аб прычынах (ня)згоды з высновамі, зробленымі ў тым інтэрвію, а таксама пра маўчаньне вядомых раней крытыкаў, кнігі бяз рэха і мары пра часопіс для крытыкаў і чытачоў.

Пра тое, колькі ў нас літаратурных крытыкаў

— Для пачатку — цытата з вашага допісу ў Facebook: «Днямі я прачытала адно інтэрвію, якое расьце ўва мне пупышкай дыскусіі, а такія пупышкі назад не схаваеш, яны абавязкова лопнуць і расквітуць». Паколькі вы маеце на ўвазе інтэрвію рэцэнзэнткі Зосі Лугавой на нашым сайце, то просім удакладніць: з чым не пагаджаецеся?

— Хутчэй, мяне зачапіла рэдакцыйнае афармленьне гэтага інтэрвію, чым сам тэкст: Зося Лугавая якраз была дастаткова тактоўнай і асьцярожнай у высновах. Настолькі тактоўнай, што нават зачапіцца думкай няма за што. Але падводка да гутаркі, лічу, абуральная, і пры гэтым цалкам традыцыйная для беларускай культурніцкай прасторы. (Кароткі ўступ да інтэрвію, пра які ідзе размова, выглядаў так: «Літаратурная крытыка — жанр, які практычна зьнік зь беларускіх выданьняў. Вядомыя аўтары перасталі з розных прычынаў гэтым займацца, а новыя не прыйшлі на іх месца. Выключэньнем стала зьяўленьне летась на старонках „Нашай нівы“ тэкстаў Зосі Лугавой». — Рэд.)

У сувязі з гэтым хачу згадаць два канцэптуальна падобныя выпадкі, хоць іх значна больш. Памятаю, як падчас пахаваньня парэшткаў Каліноўскага зьявілася паведамленьне, пашыранае большасьцю СМІ, што калёну нібыта ўзначаліла нейкая партыя. Насамрэч гэтая партыя проста выскачыла перад калёнай, разгарнула свае плякаты і сьцягі, засьвяцілася на фота — і на гэтым усё. Калёну беларусаў узначаліла ня партыя і ня хтосьці асабіста: беларусы цалкам самастойна арганізаваліся, прыехалі і прайшлі калёнай.

Другі выпадак тычыцца тэмы «нерасстраляных» паэтаў. Адна з ініцыятываў захаваньня памяці пабудавала сваю маркетынгавую стратэгію на тым, што яны нібыта «першыя, хто ўзяўся за гэтую тэму». Такая дэманстратыўная непавага да папярэднікаў і паплечнікаў, да ўсіх тых, хто робіць сваю справу ў надзвычай неспрыяльных варунках, нейкая хваравітая спроба быць першым і адзіным — вось што мяне абурае. Памылка шаноўнай Зосі хіба ў тым, што яна не аспрэчыла гэтую тэзу.

Мне здаецца, нармальнай якраз зьяўляецца наступная пазыцыя і рэдакцыяў, і творчых асобаў: мы ўсе — частка агульнага працэсу, у нас ёсьць папярэднікі, ёсьць паплечнікі і, дай Бог, будуць наступнікі. Менавіта так утвараецца і крытыка — як супольная праца, а не як адзінокая песьня акына.

Таму я і напісала на сваёй старонцы, што, каб зьявілася крытыка, трэба найперш, каб адны крытыкі чыталі і ведалі іншых крытыкаў. Гэта павінна сфармавацца найперш, да ўсіх астатніх складнікаў.

Пра сытуацыю ў нацыянальнай літаратуры

— У палеміцы, якая ўзьнікла пад вашым фэйсбучным допісам, вы пішаце, што крытыкаў цяпер у беларускім літаратурным полі не адзін, так бы мовіць, воін. Асабіста вы ведаеце яшчэ дваіх актыўных. Гэтая лічба крыху нагадвае вядомы гістарычны факт, як у Расеі колькасьць друкарняў адразу падвоілася пасьля таго, як славуты беларускі асьветнік Сімяон Полацкі адкрыў у Маскве сваю друкарню ў дадатак да адзінай, якая на той час там дзейнічала. Як думаеце, колькі насамрэч людзей вашай прафэсіі працуе сёньня на літаратурна-крытычнай дзялянцы?

— Насамрэч я маю шмат пытаньняў да сябе як да аўтаркі паста — для мяне нязвыкла распачынаць нейкія фэйсбучныя дыскусіі і я блага фармулюю ў такой спэцыфічнай прасторы. Але я вельмі ўдзячная кожнаму і кожнай, хто пакінуў камэнтар — сапраўды, там шмат важных заўваг, шмат імёнаў і годных прыкладаў. Але пры гэтым мне было крыху дзіўна, што, знайшоўшы нейкія адказы на пытаньне «Чаму ў Беларусі няма крытыкі?», людзі застываюць у гэтым тэзісе і не шукаюць тэрміновых, простых шляхоў. Так, мы зараз ня можам марыць нават пра ганарары для крытыкаў. Так, у нас складаная сытуацыя ў нацыянальнай літаратуры — ня творчая, а палітычная. Так, ня маем рэсурсаў. Але варта ж нешта рабіць хаця б з таго, што маем. А маем мы асобных аўтараў, некаторыя зь іх — проста нават гераічныя (ня буду згадваць тут імёнаў зь меркаваньняў бясьпекі), якія працягваюць ствараць крытыку. І мне думаецца, калі іхныя тэксты будуць прысутнічаць у культурнай прасторы ня толькі самі па сабе, але і ў выглядзе згадак, цытат, спрэчак, дыскусіяў — гэта той просты крок, які мы ўсе можам зрабіць у чаканьні таго чараўніка, які дасьць нам грошы на крытыку.

Што ж да вашага канкрэтнага пытаньня, думаецца, калі б у кожным СМІ зьявіўся свой літаратурны аглядальнік, а ў буйных СМІ — нават і два, а шчэ калі б (зусім ідэал!) зьявіўся б тоўсты і нават папяровы часопіс, прысьвечаны выключна чытаньню, чытачам, аўтарам, новым кнігам, з крытычнымі аглядамі, з дыскусіямі, нават са сьвецкай хронікай, з вострымі аўтарскімі калёнкамі, зь нейкімі практычнымі парадамі ў розных тэхніках чытаньня — гэта сапраўды была б раскошная дзялянка. Але і яна змарнее, калі ня будзем чытаць адно аднаго. Гэта проста абавязак.

Аб прычынах маўчаньня крытыкаў

— У камэнтарах пад вашым допісам некаторыя называюць вядомыя імёны аўтарытэтных асобаў, трапіць пад крытычнае пяро якіх было гонарам для многіх пісьменьнікаў. І якія, на жаль, даўно кінулі пісаць рэцэнзіі. Можна было б гаварыць пра натуральную зьмену пакаленьняў, калі б на іхнае месца прыходзілі маладыя і таленавітыя. Але гадоў пяць ужо амбітным літаратарам не казыча нэрвы вострае пяро Насты Грышчук, Марыны Весялухі, Ціхана Чарнякевіча... Чаму, на вашу думку, затупіліся пёры беларускіх літаратурных крытыкаў? І ці такі гэта ўжо бяскрыўдны працэс для агляднае будучыні беларускае літаратуры?

— Думаю, прычыны маўчаньня ў кожнага розныя. Да таго ж некаторыя пішуць цяпер пад псэўданімамі ці нават і без імёнаў. Таму я б не сьцьвярджала так катэгарычна, што ўсе маўчаць. Але не магу не адзначыць адну, на мой погляд, істотную дэталь. Крытык у нас сам па сабе. Напісаў — і нібы булькнуў у багну. Удзячны або няўдзячны аўтар часьцяком твой адзіны чытач. Гэта пакутліва для творцы. І я зноў паўтаруся: у нас цудоўныя крытыкі, яны пішуць глыбокія тэксты. Трэба завесьці сабе звычку іх чытаць. Пакуль ня будзе такой звычкі, ня будзе і сыстэмы.

Пра кнігі бяз рэха і ацэначную крытыку

— Сапраўды, многія кнігі застаюцца «бяз рэха». І ня важна, таленавітыя яны ці бяздарныя. Ніхто не бярэцца раскласьці па палічках новы твор умоўнага таленту Х, каб давесьці чытачу неабходнасьць прачытаць яго, калі ён лічыць сябе адукаваным грамадзянінам краіны В. Як ніхто не прэпаруе чарговую пісаніну ўмоўнага графамана Y, каб ягоныя кнігі чытач абыходзіў бокам. У выніку на віду і на слыху гучны самапіяр стаў ці не адзіным крытэрам вартасьці літаратурнага твору. Як, па-вашаму, такая сытуацыя можа быць вернутая да нармальнасьці ў літаратурным працэсе? І што будзе, калі такі статус-кво захаваецца яшчэ зь дзясятак-другі гадоў?

— Ну, мне тут чуецца нейкая саветчына, прабачце. Я ня думаю, што задача крытыка — навешаць ярлыкоў: хто бяздарны, а хто таленавіты. На практыцы менавіта такім чынам выводзяцца на першы плян бяздарнасьці, а губляюцца таленты, бо такая ацэначная крытыка — рэч, якую лёгка купіць за невялікія грошы. Я ня думаю, што крытык існуе для таго, каб паказваць пальцам на таленты і графаманаў. Я думаю, што крытык — гэта чалавек, які аналізуе працэс, правярае тэкст на здольнасьць, на якасьць ягонай прысутнасьці ў агульнай рэфлексіі. Мне здаецца, у цэнтры ўвагі крытыка мусіць стаяць не асоба аўтара і мера ягонага таленту, а ідэя, думка, фэномэн, зьява. А ўжо як гэтыя думка ці зьява адлюстраваліся ў нейкім канкрэтным творы, тут і ёсьць мера таленту аўтара.

Пра багаты часопіс для крытыкаў і чытачоў

— А калі б раптам нехта вам прапанаваў: «Вось, шаноўная Вера Бейка, у нас ёсьць тое й тое, бярыце гэта і рабіце так, як гэта робіцца ў багатых на крытычныя традыцыі літаратурах». З чаго б пачалі? Што і як наладзілі б? Каго ўрэшце запрасілі б у сваю каманду?

— Я б арганізавала той самы тоўсты часопіс. Па-старасьвецку, на багатай паперы, добра завярстаны і ілюстраваны, зь вялікімі ганарарамі. Але абавязкова з харошай інтэрнэт-вэрсіяй, дадатковымі магчымасьцямі ў пошуку ці нават са стварэньнем уласных «плэй-лістоў» з прачытаных кніг, такую сацсетку для кніжнікаў. (Ведаю, што былі спробы стварэньня такіх рэсурсаў, і яны былі вельмі таленавітымі, але, на жаль, нядоўгімі). І каманда сабралася б вельмі лёгка: у нас вялікая колькасьць сапраўды глыбокіх, адукаваных, цікавых літаратурных крытыкаў, да якіх абавязкова трэба ўзяць таленавітых ілюстратараў і фатографаў. Кожная новая кніга мела б водгук ці рэцэнзію, былі б круглыя сталы і дыскусіі, разгорнутыя інтэрвію на гуманітарную тэматыку, абавязкова — літаратурная хроніка, абавязкова — старонкі выдавецтваў, прычым не асобных, а ўсіх. Рэтраспэктыўны аддзел абавязкова — з крытыкай папярэдніх эпох і разборамі, «крытыкай крытыкаў». Яшчэ адзін разьдзел — літаратурны навігатар, падказкі для чытачоў па жанрах, героях, эпохах, як такі разгорнуты адказ на пытаньне «Што параіце пачытаць?». От нешта такое. Дзякуй вам за магчымасьць хаця б крышачку памарыць пра гэта.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG