На супрацоўнікаў рэклямных агенцтваў AdPlanes (ТАА «Ві Сі Джы») і Vondel Media завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў аб падробліваньні, утойваньні і нявыплаце падаткаў. Пра гэта ў праграме «Будзе дапоўнена» на дзяржаўным тэлеканале АНТ паведаміў прапагандыст Ігар Тур, заўважыла «Медиазона».
Таксама прапагандыст заявіў, што, апроч AdPlanes і Vondel Media, сілавікі прыйшлі з праверкамі ў «Эс Эм Джы», Touch Media, Media West, Publicis, «Эд Фэктары», «Вока прадакшэн», «Ві Сі Джы», «Гепта Груп» і Сream Project.
У пачатку сьнежня 2024 году праваабаронцы пісалі, што сілавікі прыйшлі зь ператрусам у рэклямнае агенцтва AdPlanes. У супрацоўнікаў агенцтва тады праверылі падпіскі ў тэлефонах. Кіраўнікі агенцтва на працы не зьявіліся.
AdPlanes — рэклямнае агенцтва поўнага цыклю, спэцыялізуецца на PR, influence-маркетынгу, сацыяльных мэдыя, крэатыве і дызайне.
Былым сузаснавальнікам агенцтва Vondel Media зьяўляецца бізнэсоўца Аляксандар Васілевіч, сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і TheVillage-Беларусь і ўладальнік прасторы «Галерэя Ў». У 2023 годзе ў кампаніі адбылася зьмена ўласьніка.
- Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік вядомых онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва Vondel/Hepta і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў».
- 28 ліпеня 2020 году Васілевіча затрымалі міліцыянты ў будынку КДБ, куды ён разам зь іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Яго асудзілі на 14 дзён арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным сходзе.
- 27 жніўня 2020 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю правялі ператрусы ў офісе агенцтва Vondel/Hepta, якім валодае Васілевіч. Ператрус прайшоў і ў яго дома. Пасьля гэтага бізнэсмэна адвезьлі на допыт у ДФР. Пазьней ягоная жонка Надзея Зелянкова паведаміла, што муж затрыманы. Крымінальная справа Васілевіча разглядалася ў закрытым рэжыме па хадайніцтве пракурора.
- 4 лютага 2022 году Аляксандра Васілевіча прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і прызначылі 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў залі суду ў сувязі са сканчэньнем тэрміну прыцягненьня да адказнасьці. Васілевіч выехаў зь Беларусі.
Форум