Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя вязьні расказалі пра паборы ў беларускіх калёніях: хто, па колькі і на што


Бабруйская калёгія. Архіўнае фота
Бабруйская калёгія. Архіўнае фота

Утрыманьне зьняволенага ў Беларусі абыходзіцца ягоным сваякам нятанна. Грошы патрэбныя ня толькі на адваката, пасылкі і перадачы. Як расказваюць былыя вязьні, каб не было праблем з адміністрацыяй, пажадана раз на месяц пералічваць пэўную суму на рахунак калёніі.

Якім чынам асуджаных прымушаюць плаціць, якія гэта сумы і куды ідуць паборы, расказалі былыя вязьні, суразмоўцы Deutsche Welle.

Плата за ляяльнае стаўленьне

Павал адбываў пакараньне паводле эканамічнага артыкулу ў Віцебскай вобласьці (гаворка пра ПК-3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам. — РС). Гэтая калёнія лічыцца паказальнай — там сядзяць многія карупцыянеры, бізнэсоўцы, былыя сілавікі і прадстаўнікі ўлады.

«Паколькі гэта людзі пры грашах, адміністрацыя імкнецца гэта выкарыстоўваць, — расказаў Павал. — Рамонт, абнаўленьне мэблі і тэхнікі, у тым ліку ў кабінэтах супрацоўнікаў, — усё гэта зроблена за грошы асуджаных. Калі хочаш, каб да цябе нармальна, нават ляяльна ставіліся, плаці».

Па словах мужчыны, фіксаванай сумы няма, гэта вызначаецца індывідуальна.

«Калі гэта малады хлопец, якога за наркотыкі ўзялі, зь яго і 50 рублёў будзе дастаткова. А калі гэта бізнэсовец, дык гаворка ўжо пра некалькі сотняў, а часам і шмат тысяч рублёў. Каб зрабіць рамонт, напрыклад. Можна, вядома, чакаць, пакуль па капейцы ўвесь атрад скінецца, а можна павесіць на аднаго багаценькага», — патлумачыў суразмоўца.

Максім, таксама асуджаны паводле эканамічнага артыкулу, адбываў пакараньне ў папраўчай установе ў Магілёўскай вобласьці. Паводле яго, у калёніі вісеў стэнд, на якім было напісана, колькі сабрана добраахвотных унёскаў, якія ідуць на патрэбы калоніі. Пры гэтым справаздачы, як патрацілі грошы, перад зьняволенымі няма.

«Вязень піша заяву: прашу пералічыць з майго рахунку пэўную суму на рахунак калёніі, — тлумачыць суразмоўца схему. — На яго рахунку грошы — з зарплаты або пэнсіі, але асноўная сума, вядома, ад сваякоў. Пасьля таго, як заяву перадалі начальніку калёніі, ён выклікае чалавека і ўдакладняе, ці добраахвотны гэта плацеж. Папярэджвае, што ніякіх патураньняў, напрыклад датэрміновага вызваленьня, за гэта не прадугледжана. Але гэта фармальная размова».

На практыцы шэраг патураньняў усё ж ёсьць, прызнаецца Максім.

«Напрыклад, атрымаеш без чаргі доўгатэрміновае спатканьне. Або лягчэйшую працу. У кіраўнікоў атрадаў ёсьць нават норма, якую суму яны павінны забясьпечыць у месяц».

Пры гэтым абодва суразмоўцы прызнаюць, што большасьць зьняволеных на патрэбы калёніі грошай не пераводзіць. «Таму што ў большасьці банальна няма лішніх грошай, — кажа Павал. — У калёніі ты зарабляеш капейкі, а з заробку яшчэ вылічваюць суму на тваё харчаваньне і ўтрыманьне, таксама даўгі па пазовах. І ня ўсім могуць дапамагчы сваякі, асабліва калі ў чалавека вялікі тэрмін».

Адсочваюць багацейшых

Забясьпечаныя зьняволеныя — рэдкасьць, але адміністрацыя добра пра іх інфармаваная.

«Начальнікі атрадаў заўсёды манітораць сытуацыю. Калі бачаць, што ў калёнію прыехаў багаты зьняволены, пачынаецца спаборніцтва за тое, каб забраць яго ў свой атрад, — тлумачыць Максім. — Начальнік атраду дамаўляецца з начальнікам калёніі, маўляў, нам трэба абнавіць пральную машыну, давайце павесім на гэтага зьняволенага, расьпішыце яго ў наш атрад».

Мужчына прыводзіць прыклад: у калёніі зь ім сядзеў асуджаны за карупцыю былы чыноўнік, які меў добрую пэнсію і дапамогу ад родных.

«У адзін месяц ён купіў пральную машыну, у другі— лядоўню. Вядома, усім выгадна, калі ёсьць такі чалавек, інакш давялося б арганізоўваць паборы па 20-30 рублёў з кожнага зьняволенага», — згадаў Максім.

Былы вязень расказаў, што ў ягонай калёніі з палітвязьняў прынцыпова ня бралі грошай.

«Гэта была пазыцыя адміністрацыі: ніводзін „экстрэміст“ ня можа афіцыйна здаць грошы, — расказаў суразмоўца. — Для іх у якасьці выключэньня прапаноўвалі падпісацца на газэту, якую выдае Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Калі палітвязень хоча скінуцца з усімі на куплю пральнай машыны, таму што інакш трэба мыць рукамі, то ён знаходзіць іншага зьняволенага, яму аддае цыгарэты, а той потым як бы ад сябе пакідае і за яго суму».

Аднак не ва ўсіх калёніях такая сытуацыя. Па словах Паўла, у ягонай калёніі ад аднаго з палітвязьняў прынялі лядоўню, якую аплацілі сваякі.

Цыгарэты як валюта

Рэальных грошай ні ў кога са зьняволеных няма — мець гатоўку забаронена. Замест іх выкарыстоўваюць цыгарэты, якія там замяняюць валюту. Гэта патрэбна, каб аплаціць прыбіраньне агульных памяшканьняў — калідораў, пакояў, а таксама для ператварэньня цыгарэт у наяўныя грошы.

«Калі ня хочаш, можаш не плаціць, будзеш сам пасьля працы прыбіраць. Але звычайна гэтым займаюцца тыя, у каго няма дапамогі са свабоды, дык яны падзарабляюць, — кажа Максім. — На гэта асуджаны траціць адзін пачак цыгарэт у месяц. Яшчэ адзін пачак трэба аддаць за прыбіраньне туалетаў, гэтым займаюцца толькі зьняволеныя з так званым «нізкім статусам».

Абодва суразмоўцы падкрэсьлілі, што толькі асуджаныя зь «нізкім статусам» ні на што ня скідваюцца — ад іх проста ніхто нічога ня возьме, каб не атрымаць такога ж статусу.

«Адпаведна, яны і адкупіцца ад адміністрацыі ня могуць», — кажа Максім. Раз на месяц цыгарэты зьбірае зьняволены, набліжаны да адміністрацыі.

«Частку ён аддае днявальным за прыборку агульнай тэрыторыі, частку — „нізкаму статусу“ за прыборку туалетаў, але частка сабранага застаецца ў яго», — працягвае Максім.

Паводле суразмоўцы, атрыманыя такім чынам цыгарэты могуць перавесьці ў гатовыя грошы праз турэмную краму. Але, каб правярнуць такую схему, пачкі цыгарэт павінны быць у запячатаным выглядзе, з плёнкай, як новыя. Іх аддаюць у турэмную краму і там паўторна прадаюць паводле наміналу. Тое, куды ідуць пракручаныя грошы — у фонд калёніі або асабіста супрацоўнікам — вырашае начальнік калёніі, мяркуюць суразмоўцы Deutsche Welle.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG