Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 2024 год амаль 9 тысяч беларусаў сутыкнуліся з палітычным перасьледам і рэпрэсіямі, — праваабаронцы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020 год

У 2024 годзе ў Беларусі з рознымі відамі рэпрэсіяў, зьвязаных з крымінальным ці адміністрацыйным перасьледам (арыштамі, допытамі, ператрусамі), сутыкнуліся сама меней 8895 чалавек, паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна». Гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі.

Праваабаронцы апублікавалі аналітычны агляд па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе. У ім адзначаецца, што аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі выявілі грубыя парушэньні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавецтва, зьдзейсьненыя ўладамі Беларусі.

У 2024 годзе паводле палітычных крымінальных спраў былі асуджаныя сама меней 1721 чалавек, зь іх 480 жанчын.

Агулам праваабаронцам «Вясны» на канец 2024 году вядома пра сама меней 6550 асуджаных да розных відаў пакараньня паводле палітычна матываваных крымінальных абвінавачаньняў за апошнія гады.

Паводле зьвестак «Вясны», летась беларускія суды вынесьлі сама меней 5890 пастановаў паводле палітычна матываваных адміністрацыйных спраў. Як адзначаюць праваабаронцы, суды летась працягвалі функцыянаваць у якасьці «інструмэнта рэпрэсіяў у дачыненьні да фігурантаў палітычна матываваных адміністрацыйных, крымінальных і грамадзянскіх спраў».

На канец сьнежня 2024 году ў Беларусі ў месцах зьняволеньня знаходзіліся 1265 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, зь іх 168 — жанчыны. Зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць агулам прызнала палітвязьнямі 3697 чалавек, зь іх 680 жанчын. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць большай.

Палітвязьняў у Беларусі ўтрымліваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад асабліва строгім кантролем, на іх накладаюць не прадугледжаныя законам абмежаваньні, адзначаюць праваабаронцы. У выніку многія палітвязьні пазбаўленыя належных па законе пасылак, перадач, у тым ліку зь лекамі, спатканьняў з роднымі і адвакатамі, перапіску палітвязьняў адвольна абмяжоўваюць, больш за 10 палітвязьняў утрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Чацьвёра беларускіх палітвязьняў памерлі ў калёніях і СІЗА, гаворыцца ў аглядзе.

Пасьля вызваленьня палітвязьні трапляюць пад строгі кантроль, які выходзіць за межы звычайнага нагляду за вызваленымі асуджанымі, адзначаюць праваабаронцы.

Таксама ў аглядзе праваабаронцаў адзначаецца працяг скарачэньня колькасьці НДА ў Беларусі і крыміналізацыі іх дзейнасьці ўладамі, ўзмацненьне рэпрэсіяў у дачыненьні да журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў, працяг перасьледу беларусаў за мірнае выказваньне меркаваньняў, а таксама «пад выглядам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам і абароны інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі».

«Улады Беларусі па-ранейшаму зьдзяйсьняюць катаваньні і ўжываюць забароненае абыходжаньне ў дачыненьні да іншадумцаў і прадстаўнікоў апазыцыі; няма выпадкаў расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці на нацыянальным узроўні асобаў, вінаватых у шырокамаштабных катаваньнях і іншых найгрубейшых парушэньнях правоў чалавека ў жніўні 2020 году і ў наступныя гады», — падкрэсьліваюць праваабаронцы «Вясны».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG