Ягоную кандыдатуру падтрымалі 82 сябры НАК, двое прагаласавалі супраць, трое ўстрымаліся. Галасаваньне праходзіла ў таемным фармаце.
Віктар Лукашэнка ўзначаліў НАК 26 лютага 2021 году, зьмяніўшы свайго бацьку, які займаў гэтую пасаду з 1997 году. Да гэтага Віктар Лукашэнка два гады працаваў першым віцэ-прэзыдэнтам арганізацыі. Замена адбылася пасьля таго, як Менск страціў права правядзеньня чэмпіянату сьвету ў хакеі, а Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увёў санкцыі супраць беларускага НАК за недастатковую абарону спартоўцаў ад дыскрымінацыі. Тады МАК не прызнаў «выбараў» і прызначэньня Віктара Лукашэнкі.
Кантакты зь Беларусьсю МАК падтрымлівае праз генэральнага сакратара Ксенію Санковіч. Напрыклад, летась у кастрычніку кіраўнік МАК Томас Бах сустракаўся з Санковіч у Швайцарыі. Санковіч адзначыла, што сустрэча зьяўляецца «добрым знакам», але працэс зьняцьця санкцый патрабуе шмат часу. Дэталяў перамоў яна не раскрыла.
На фоне абмежаваньняў, уведзеных пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, беларускія спартоўцы сёньня выступаюць у нэўтральным статусе ці застаюцца адхіленымі ад міжнародных спаборніцтваў.
Падчас свайго дакладу, прысьвечанага чатырохгадоваму пэрыяду кіраваньня, Віктар Лукашэнка назваў працу НАК «здавальняючай у няпростай міжнароднай абстаноўцы». Ён дадаў, што ў новы алімпійскі цыкль арганізацыя ўваходзіць «з асьцярожным аптымізмам».
Форум