На 15 студзеня быў прызначаны паўторны аўкцыён для продажу дома ў Менску, які належыць сям’і Цапкалаў. У выніку таргі не адбыліся праз адсутнасьць удзельнікаў.
Раней дом, у якім зарэгістраваныя і двое непаўналетніх дзяцей, ужо спрабавалі прадаць з аўкцыёну ў лістападзе, але пакупнікоў на яго таксама не знайшлося.
Пасьля гэтага двухпавярховы дом № 7 на вуліцы Цяплічнай у Менску зноў выставілі на таргі, зьнізіўшы цану: стартавая цана на пляцоўцы «Белюрзабесьпячэньня» — 1 683 200 рублёў, задатак — 168 320 рублёў. Падчас першых таргоў стартавая цана складала 2 104 000 рублёў. Разам з домам прадаецца зямельны ўчастак 0,1411 га, абсталяваньне і прадметы інтэр’еру. Агульная плошча будынка — 418,3 кв. м.
У аб’яве на продаж адзначана, што нерухомасьць пад арыштам, суд забараніў зьдзяйсьняць зь ёю рэгістрацыйныя дзеяньні. Таксама ўказана, што ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей. Даўжніком лічыцца Цапкала Валер Вільямавіч, ён жа і ўладальнік маёмасьці.
Паводле беларускага заканадаўства, нельга забіраць жыльлё, у якім пражывае даўжнік або ягоная сям’я. Аднак беларускія ўлады канфіскавалі і прадалі на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці.
У красавіку 2024 году з другой спробы прадалі трохпакаёвую кватэру сям’і Цапкалаў ў доме №5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Першыя таргі таксама праваліліся — ахвотных не было. Пры другой спробе, пасьля зьмяншэньня цаны, яны зьявіліся.
Вераніка Цапкала, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне, а таксама паабяцала, што калі вернецца ў Беларусь, запатрабуе з пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай.
Хто такія Валер і Вераніка Цапкалы
Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі, бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.
6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які меўся быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «Усебеларускаму нацыянальнаму сходу».
У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.