Нягледзячы на тое, што этап агітацыі ў Беларусі праходзіць непрыкметна, выданьне «Гомельские ведомости» пераконвае сваіх чытачоў у адваротным, адзначаюць праваабаронцы, якія прааналізавалі публікацыі выданьня.
Праваабаронцы паглядзелі, як два дні запар «Гомельские ведомости» асьвятлялі выбарчыя сустрэчы зь невядомымі даверанымі асобамі невядомых кандыдатаў.
Аўтар газэты Дзьмітры Чарняўскі ў рэпартажах піша, што сустрэчы з даверанымі асобамі праходзяць актыўна, паказвае прысутных работнікаў прадпрыемстваў на сустрэчах і апытвае іх, але не называе прозьвішчаў давераных асобаў, якія праводзяць сустрэчы, не паказвае іхных фатаздымкаў, не называе нават кандыдатаў, ад імя якіх праводзяць агітацыю.
Чарняўскі падрыхтаваў за два дні – 8 і 9 студзеня – тры рэпартажы пра агітацыйныя сустрэчы, усе зробленыя на адзін узор.
Так, 8 студзеня ў Гомлі прайшла сустрэча з «даверанай асобай аднаго з кандыдатаў», пішуць «Гомельские ведомости». Пры гэтым не называецца ні месца правядзеньня сустрэчы, ні прозьвішчы даверанай асобы і кандыдата. Замест даверанай асобы ў рэпартажы пра важнасьць сходу гавораць два наведнікі. Структура такога рэпартажу ў наступных матэрыялах захоўваецца. З назваў пасадаў апытаных можна выказаць здагадку, што сустрэча адбылася на «Гомсельмашы».
9 студзеня з тэксту рэпартажу пра выбарчую сустрэчу незразумела, ці адбылася сустрэча з самім кандыдатам, ці зь ягонай даверанай асобай. З адказаў апытаных становіцца зразумела, што сустрэча праходзіла на ААТ «ГЗЛіН» з работнікамі прадпрыемства. Аўтар перадае, што на сустрэчы нібыта казалі, што «той, хто абыякава ставіцца да электаральнай кампаніі, можа стаць ахвярай палітычных інтрыг, якія могуць прывесьці да страшных наступстваў для ўсяго грамадзтва». І таму «трэба ўзважана ставіцца да галасаваньня, каб не дапусьціць грамадзка-палітычнага хаосу ў краіне». Як і ў папярэднім рэпартажы, аўтар апытвае прысутных пра важнасьць сустрэч з даверанымі асобамі.
Увечары 9 студзеня Чарняўскі зьявіўся яшчэ адзін рэпартаж з выбарчай сустрэчы з аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў. З адказаў прысутных вядома, што сустрэча адбылася на «Гомельбудматэрыялы».
Параўноўваючы з агітацыйнымі сустрэчамі ў іншых рэгіёнах, праваабаронцы робяць выснову, што гэта палітыка ўладаў дзеля ўтойваньня зьвестак пра выбарчыя сустрэчы і што, нягледзячы на тое, што прозьвішчы давераных асобаў публікуюцца на сайце Цэнтрвыбаркаму, улады ўсё роўна вырашылі зрабіць з гэтага таямніцу.
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
- У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум