Эўрапейская служба памежнай і берагавой аховы (Frontex) апублікавала статыстыку нелегальных перасячэньняў зьнешніх межаў Эўразьвязу ў 2024 годзе, заўважыла выданьне Reform.news. На маршруце, які праходзіць празь Беларусь і Украіну, зафіксавалі сур’ёзны рост.
У цэлым колькасьць нелегальных перасячэньняў мяжы зьнізілася ў сярэднім на 38%, але на ўсходнім маршруце, які праходзіць у асноўным празь Беларусь і Ўкраіну, адзначаецца сур’ёзны рост, сьведчыць статыстыка Frontex.
У студзені-сьнежні 2024 году на ўсходнім сухапутным маршруце была зафіксавана 17 001 спроба нелегальнага пераходу мяжы. Гэта на 192% больш, чым у 2023 годзе.
Згодна са статыстыкай Frontex, часьцей за ўсё гэтым маршрутам карыстаюцца грамадзяне Ўкраіны, Этыёпіі і Самалі.
Зьвесткі Frontex паказваюць колькасьць пасьпяховых спробаў перайсьці мяжу. Польская памежная служба зафіксавала летась больш за 30 тысяч спробаў нелегальнага перасячэньня беларуска-польскай мяжы.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- Польшча і Эўразьвяз вінавацяць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён арганізавана дастаўляе мігрантаў з крызісных рэгіёнаў на вонкавую мяжу ЭЗ, каб чыніць ціск на Захад.
- Летам 2022 году Польшча ўмацавала мяжу зь Беларусьсю з дапамогай агароджы вышынёй 5,5 мэтра і электроннай сыстэмай назіраньня.
- Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нерэгулярных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, таму што іх туды «паклікалі».
- У 2024 годзе Польшча зарэгістравала рэкордную колькасьць мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю — больш за 30 тысяч спробаў за няпоўны год.
Форум