Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлефоны ў настаўніцкую, пад ключ. Што пра новую ініцыятыву кажуць бацькі школьнікаў і пэдагог


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камітэт па адукацыі Менгарвыканкаму выступіў з ініцыятывай з 1 верасьня 2025 году «абмежаваць выкарыстаньне смартфонаў у школьнікаў». Расказваем, наколькі гэта новая ідэя і што цяпер робіцца ў школах.

З 1 верасьня 2025 году ў школах Менску плянуюць абмежаваць выкарыстаньне тэлефонаў школьнікамі. Пра гэта расказалі ў камітэце па адукацыі Менгарвыканкаму. Там зазначылі, што новыя правілы прапісаныя ў Дзяржаўным школьным стандарце — тэлефон павінен быць выключаны ці ў рэжыме бязгучнага выкліку і знаходзіцца ў адмыслова прызначаным месцы.

Бацькі школьнікаў расказалі Свабодзе, што ў некаторых школах забарона на тэлефоны ўжо дзейнічае.

Адкуль узяліся забароны на тэлефон у школе

Увосень 2019 году ў Гомлі выбухнуў скандал, які атрымаў неафіцыйную назву «Настаўніца з партай». Выкладчыца малодшых клясаў пагражала 9-гадоваму вучню партай і брыдка яго лаяла. Дзеці з клясы запісалі гэта на відэа, якое пазьней зьявілася ў інтэрнэце і выклікала вялікі грамадзкі рэзананс. Настаўніцу звольнілі, але ў справу ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка і аднавіў яе на працы, пазбавіўшы пасад некаторых гомельскіх чыноўнікаў. Ён выказаўся пра сытуацыю так:

«Я б галаву адкруціў гэтаму шчанюку (маецца на ўвазе 9-гадовы на той час вучань. — РС)... Паехалі, учынілі разборкі, сабралі зьнізу даверху начальнікаў, — абураўся Лукашэнка рэакцыяй на відэа. — Абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі. А абсікаўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка».

У 2022 годзе Міністэрства адукацыі выпусьціла шэраг рэкамендацыяў, накіраваных на абмежаваньне ўжываньня тэлефонаў школьнікамі. Беларусь — ня першая краіна, якая абмяжоўвае тэлефоны для школьнікаў. Падобныя забароны дзейнічаюць у школах Францыі, Нямеччыны, ЗША, Вялікай Брытаніі і іншых краін.

Ці сапраўды тэлефоны шкодзяць навучаньню?

Галіна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) мае чатырох дзяцей-школьнікаў. У размове са Свабодай яна сказала, што ня супраць, каб дзеці падчас урокаў не карысталіся тэлефонамі. Галіна лічыць, што тэлефоны ў школе, нават на перапынках, шкодзяць як навуцы, так і адпачынку.

«Замест таго каб асьвяжыць галаву, пабегаць на перапынку, сядзяць у тых тэлефонах. Потым заўважаю за дзецьмі, што яны ня могуць сканцэнтравацца на вучобе, бо нават дома лезуць у тэлефоны, каб спраўдзіць паведамленьні, пагартаць сацыяльныя сеткі», — выказалася маці школьнікаў.

Яна лічыць, што абмяжоўваць карыстаньне тэлефонамі трэба ня толькі ў школе, але і дома.

Марыя (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) выказваецца, што тэлефон — гэта асабістая ўласнасьць яе сына, і ніхто ня можа забіраць яго на цэлы дзень.

«Ён не сядзіць там бясконца. І калі тэлефон будзе ў яго кішэні — так яму будзе спакайней. Напрыклад, я магу яму пазваніць — на перапынку, ці ён мне. Ці ён захварэе, дапусьцім, ці яго хто пакрыўдзіць, бо ён ходзіць яшчэ толькі ў другую клясу. Яшчэ такое — многія дапаможнікі маюць на старонках QR-коды, па якіх можна з дапамогай тэлефона перайсьці і пачытаць нешта цікавае. Мой сын акурат шмат чым цікавіцца, а не гуляе ў гульні ў тэлефоне», — тлумачыць Марыя.

Алена (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працуе клясным кіраўніком і зьбіраць-выдаваць тэлефоны для яе — яшчэ адзін абавязак, якіх, кажа, і так шмат.

«Яшчэ адна праблема на нашу галаву. А калі што станецца з дарагім тэлефонам? Я ж буду вінаватая. Хоць сама я супраць, каб дзеці сядзелі ў тэлефонах — гэта ўплывае на іх пасьпяховасьць і канцэнтрацыю ўвагі», — кажа Алена.

Псыхоляг Марына падкрэсьлівае, што тэлефон для сучаснага школьніка — гэта ня толькі крыніца адпачынку і гульняў, але і сродак камунікацыі, і самавыражэньня, і творчасьці, і адукацыі. Яна лічыць, што поўная забарона тэлефонаў можа прывесьці да таго, што дзеці будуць адчуваць сябе ізаляванымі.

«Важна, каб быў балянс. Важна вучыць дзяцей правільнаму карыстаньню сучаснымі тэхналёгіямі, а ня проста забараняць іх», — дадала псыхоляг.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG