Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: ксёндз Акалатовіч будзе абскарджваць прысуд, але згодны падпісаць прашэньне аб памілаваньні


Генрых Акалатовіч. Архіўнае фота
Генрых Акалатовіч. Архіўнае фота

Па стане на 14 студзеня ў Беларусі 1249 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большая.

Вернікам стала вядома пра стан каталіцкага сьвятара Генрыха Акалатовіча, якога асудзілі ў Менску на 11 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе Katolik.life.

На прысуд сьвятар адрэагаваў спакойна, адзначае выданьне.

Як даведаліся вернікі, ксёндз Генрых не пагадзіўся з прысудам і мае намер яго абскардзіць — ён ня лічыць сябе ў чым-небудзь вінаватым, у судзе ён таксама віну не прызнаў.

Разам з тым, паводле інфармацыі выданьня, з улікам умоваў, якія склаліся ў Беларусі, сьвятар «згодны на падпісаньне прашэньня аб памілаваньні, калі гэта прапануюць». 64-гадовы ксёндз мае цяжкія хваробы і правёў за кратамі ўжо больш за год.

Паводле зьвестак вернікаў, ксёндз Генрых Акалатовіч трымаецца добра, захоўвае бадзёрасьць духу і нават жартуе над сваім прысудам — параўноўвае яго з тымі, якія выносілі пры камуністычным рэжыме. Ён па-ранейшаму просіць аб малітве і паўтарае, што спадзяецца толькі на Бога, піша Katolik.life.

  • Генрыку Акалатовічу 64 гады, ён пробашч рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Юзафа ў Валожыне. Акалатовіча затрымалі 16 лістапада 2023 году, на сьвята Маці Божай Міласэрнасьці.
  • Сьвятар меў сур’ёзныя праблемы са здароўем, перанёс апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалёгіяй, мае пастаянную патрэбу ў леках і адмысловым назіраньні.
  • Яго пачалі судзіць 25 лістапада 2024 году ў Менскім абласным судзе. Судзіў сьвятара Ўладзімер Арэшка, вядомы тым, што прысудзіў зьняволеньне палітвязьням Эдуарду Бабарыку, Рыгору Кастусёву, Аляксандру Фядуту. 30 сьнежня ён прызнаў Акалатовіча вінаватым у «здрадзе дзяржаве» і асудзіў на 11 гадоў зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG