За прыняцьце дакумэнту прагаласавалі 111 дэпутатаў, супраць — 4, устрымаліся — 6, паведамляе навінавы партал Delfi.
14 лістапада 2024 году праект закону, падрыхтаваны Міністэрствам фінансаў Літвы, ухваліў урад краіны.
Згодна з пагадненьнем, грамадзян Беларусі, якія атрымліваюць даходы ў Літве, павінны былі абкладаць падаткамі на больш ільготных умовах. Адмена пагадненьня прывядзе да павелічэньня падаткаў, якія Літва атрымлівае ад рэзыдэнтаў Беларусі, бо замест дзейных ставак падаходнага падатку зь фізычных асобаў або падатку на прыбытак арганізацый да 10% будуць прымяняць стаўкі да 20%. Таксама пашырыцца падатковая база рэзыдэнтаў Беларусі, якія атрымліваюць даходы зь літоўскіх крыніц.
Рашэньне аб дэнансацыі пагадненьня прынялі «з улікам хаўрусьніцтва Беларусі з Расеяй, працягам ваеннай агрэсіі апошняй супраць Украіны і грубымі парушэньнямі міжнароднага права». Таксама Літва цяпер праводзіць дэнансацыю аналягічнага пагадненьня з Расеяй.
Як указана ў тлумачальнай запісцы да законапраекту, Літва ўжо некалькі гадоў «практычна не супрацоўнічае зь Беларусьсю і не абменьваецца інфармацыяй у падатковых мэтах».
Згодна з пагадненьнем аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня даходаў і фіскальных парушэньняў, любы з бакоў можа яго скасаваць, накіраваўшы пісьмовае паведамленьне іншаму боку праз дыпляматычныя каналы ня менш як за 6 месяцаў да заканчэньня каляндарнага году.
- 12 лістапада 2024 году Сейм Літвы прыняў рашэньне дэнансаваць пагадненьне паміж урадамі Літвы і Беларусі аб супрацоўніцтве ў барацьбе з мытнымі злачынствамі.
- 25 верасьня 2024 году ўрад Літвы ўхваліў падрыхтаваныя Міністэрствам фінансаў праекты прававых актаў аб дэнансацыі пагадненьняў аб мытным супрацоўніцтве зь Беларусьсю і Расеяй.
- 16 верасьня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ўнёс у Сейм прапанову аб дэнансацыі трох дамоваў з Расеяй і Беларусьсю, якія тычацца эканамічнага супрацоўніцтва: дамовы аб заахвочваньні і абароне інвэстыцыяў зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама дамову аб прадухіленьні падвойнага падаткаабкладаньня даходаў і капіталу і аб прадухіленьні фіскальных парушэньняў, падпісаную з Расеяй. 24 верасьня Сейм Літвы ўхваліў у першым чытаньні дэнансацыю гэтых дамоваў.
Форум