Аб інцыдэнце з жорсткім абыходжаньнем з жывёлай паведаміла раённая газэта «Навіны Лёзна».
Павешанага на дрэве ў лесапаласе сабаку ўвечары 5 сьнежня знайшоў мясцовы жыхар і выклікаў міліцыю. На месца здарэньня прыбыла апэратыўная група. Каб устанавіць асобу, датычную да гэтага інцыдэнту, правялі судова-мэдычную экспэртызу, а таксама сьледчыя і апэратыўна-вышуковыя захады.
«Гэтае здарэньне набыло шырокі грамадзкі рэзананс. Да збору інфармацыі, неабходнай для вызначэньня злачынца, падключыліся валянтэры», — адзначалася ў паведамленьні раённай газэты.
Міліцыя заклікала грамадзян дапамагчы з інфармацыяй і паабяцала ананімнасьць і ўзнагароджаньне.
13 студзеня Telegram-канал «Лиозно. Официально», зьвязаны з раённым райвыканкамам, паведаміў аб затрыманьні 48-гадовага мужчыны, мясцовага жыхара. Ён патлумачыў, што сабака прыбіўся да ягонага падворку і ён пачаў яго падкормліваць, таму ўсе суседзі лічылі яго гаспадаром жывёлы. Але праз пэўны час сабака пачаў бегаць па суседзкіх агародах і псаваць пасевы. Мясцовыя папрасілі яго прывязаць сабаку.
Паводле затрыманага, ён пабаяўся прыцягненьня да адказнасьці і такім чынам пазбавіўся сабакі.
У Беларусі за жорсткае абыходжаньне з жывёламі прадугледжана крымінальная і адміністратыўная адказнасьць.
Форум