Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі прызналі дэфіцыт кадраў у сыстэме ЖКГ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) існуе кадравая праблема, заявіў 13 студзеня ў этэры тэлеканала СТВ намесьнік кіраўніка Мінжылкамгасу Андрэй Рамашка.

«Але хачу адзначыць, што ў цэлым работнікі ЖКГ — гэта ня толькі дворнікі, прыбіральнікі, на якіх паказваюць пальцамі, што ад безвыходнасьці ідуць, — адзначыў чыноўнік. — На жаль, узровень заработнай платы і прэстыжнасьць гэтай прафэсіі невысокая».

Паводле яго, ёсьць, напрыклад, прафэсія хаўс-майстра, якая «сёньня зьяўляецца прэстыжнай».

«Гэты спэцыяліст займаецца эксплюатацыяй жыльлёвага фонду, які сёньня аснашчаны сучасным абсталяваньнем, інструмэнтам. Ён ходзіць па жыльлёвым фондзе і выконвае пэўныя функцыі, якія прадпісаныя ў інструкцыі», — паведаміў Рамашка.

Аднак на рамонтныя спэцыяльнасьці, паводле яго, «сёньня людзей не знайсьці»: «Ёсьць пэўная праблема, але разам з тым гэта дастаткова высокааплатная прафэсія». «Што да дворнікаў і прыбіральніц, ёсьць праблема. Невялікія заробкі, цяжкая праца», — дадаў намесьнік міністра.

Чыноўнік адзначыў, што ў галіны «ёсьць пэўныя пытаньні ў частцы аплаты працы, у частцы фармаваньня тарыфаў на прыбіраньне пад’ездаў тых жа».

«Так, ёсьць пэўны тарыф, паслуга, няхай яна будзе базавая, мінімальная, але сёньня мы маем усе магчымасьці спажыўцу прапанаваць больш якасную паслугу за іншую плату. Спажывец, я ўпэўнены, гатовы плаціць за якасную паслугу. Таму стаіць задача павелічэньня якасьці паслуг санітарнага ўтрыманьня і неабходнасьць прапаноўваць спажыўцам якасную новую паслугу», — рэзюмаваў Рамашка.

21 красавіка 2024 года ў этэры СТВ кіраўнік Мінжылкамгасу Генадзь Трубіла паведаміў, што тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі за год павысяцца ня больш як на 0,5 базавай велічыні (на той момант 1 б.в. складала 40 рублёў, з 1 студзеня 2025 году — 42 рублі) у адпаведнасьці з указам № 41 ад 2 лютага.

Міністар адзначыў, што ў 2023 годзе грамадзянам было выдзелена каля 2,5 млн безнаяўных жыльлёвых субсыдый.

Гаворачы аб запазычанасьці ў камунальных аплатах, Трубіла паведаміў, што «сёньня гэта ня тая крытычная маса, якая была ў 90-х гадах», калі няплаты «даходзілі да 70%».

Па словах чыноўніка, колькасьць няплатнікаў стабільная і «з году ў год не мяняецца».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG