Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца без выходных, эканомія на зьніжках. Як беларускі самі гадуюць дзяцей у эміграцыі


Натальля Матлах з дочкамі
Натальля Матлах з дочкамі

Расказваем гісторыі беларусак, якія засталіся за мяжой адныя і самастойна выхоўваюць дзяцей.

«Цана каханьня»

Пра Натальлю Матлах беларусы даведаліся летась у чэрвені. Тады ледзь не ў жывым эфіры многія сачылі за лёсам ейнага мужа Дзьмітрыя Смактуновіча, якога паліцыя раптоўна дэпартавала з Польшчы пасьля праверкі дакумэнтаў. Дзьмітры стаяў на мосьце праз Буг і адмаўляўся ісьці на тэрыторыю Беларусі. Тады Смактуновіча ўсё ж прымусілі вярнуцца на радзіму.

Як расказала Свабодзе ягоная жонка Натальля, праз 7 месяцаў Дзьмітры застаецца ў Беларусі. Працуе кіроўцам маршруткі Бабруйск — Менск, як і калісьці раней. У самым пачатку пасьля прыезду ў Беларусь яго пасадзілі на трое сутак, але потым больш не чапалі. Дзьмітрыю забаранілі ўезд у Эўразьвяз на 5 гадоў. Сужэнцы не шукаюць спосабаў убачыцца на тэрыторыі трэцяй краіны.

Натальля Матлах
Натальля Матлах

Суразмоўца расказвае, што іхныя адносіны з мужам разладзіліся пасьля інцыдэнту з дэпартацыяй. Яны амаль перасталі камунікаваць. Натальля думае, што Дзьмітры ведаў пра свае праблемы зь легалізацыяй у ЭЗ, але не казаў пра гэта жонцы і не вырашаў пытаньня. Яна ж у дзень, калі яго дэпартавалі, спрабавала ўратаваць сытуацыю, ня ведаючы ўсіх акалічнасьцяў.

Натальля расказала, што пасьля пераезду ў Польшчу яна далей магла езьдзіць у Беларусь. Аднак летась у чэрвені дзеля мужа зьвярнулася да незалежных, так званых «экстрэмісцкіх», мэдыя, каб зрабіць розгалас. У выніку яна ня можа паехаць на радзіму, бо ёй пагражае турма за інтэрвію. Суразмоўца шкадуе, што марна страціла гэтую магчымасьць езьдзіць да бацькоў.

«Гэта цана каханьня», — падсумоўвае яна.

Цяпер Натальля хоча разьвесьціся зь Дзьмітрыем. Кажа, што ў такой сытуацыі гэта магчыма зрабіць у Польшчы без прысутнасьці мужа. Пасьля разводу ёй будзе лягчэй вырашаць побытавыя пытаньні з іпатэкай або з выездам дзяцей за мяжу.

«Калі ў цябе за сьпінай трое дзяцей, то горы можна зьвярнуць»

Суразмоўца падзялілася, як жыве сем месяцаў бяз мужа побач і адна гадуе траіх дзяцей. Ім цяпер 5, 11 і 15 гадоў. Толькі малодшая дачка — іх сумесная зь Дзьмітрыем. Натальля расказала, што збольшага дае рады. Сям’я засталася жыць у той жа трохпакаёўцы, што і жыла дагэтуль. Натальля адзначае, што тэарэтычна яны маглі б пераехаць у «двушку».

«Але мы хочам камфорту. І я гатовая дзеля гэтага камфорту працаваць», — кажа яна.

Натальля Матлах з малодшай пяцігадовай дачкой
Натальля Матлах з малодшай пяцігадовай дачкой

У Натальлі свой бізнэс у Польшчы, за апошні час ён пашырыўся. Цяпер гэта агенцтва нянек, клінінг кватэраў і ператрымка жывёлаў. У арганізацыі працуюць 6 чалавек. Натальля кіруе справай і сама выконвае ўсе віды паслуг.

«Спадзявацца няма на каго. Калі ў цябе за сьпінай трое дзяцей, то горы можна зьвярнуць... Ты ўстаеш ранкам і разумееш, дзеля каго ты ўстаеш. Дзеля сябе? Не, дзеля дзяцей. Дзеля таго, каб у іх усё было: адукацыя, цацкі, ласункі, шчасьлівыя вочы», — кажа Натальля.

Яна называе супадзеньнем тое, што пасьля дэпартацыі мужа ейны бізнэс імкліва пачаў разьвівацца, зьявілася больш кліентаў, заказаў. Пры гэтым жанчына працавала цэлымі днямі, амаль без выходных.

«Быццам нехта зьверху нас пашкадаваў і сказаў: хопіць пакутаваць, жывіце», — разважае суразмоўца.

Натальля Матлах са старэйшай дачкой. Ейным дзецям 5, 11 і 15 гадоў
Натальля Матлах са старэйшай дачкой. Ейным дзецям 5, 11 і 15 гадоў

Натальля падлічвае, што каб утрымліваць сябе і дзяцей, ёй трэба зарабляць сама меней 1500-1700 даляраў у месяц. Арэнда кватэры каштуе каля 800 даляраў, аплата дзяржаўнага садка для малодшай дачкі — 50. Раней за прыватны садок яны аддавалі каля 400 даляраў.

Суразмоўца расказвае, што, каб ашчаджаць, у асноўным сама гатуе дома, у кавярнях сям’я стараецца ня есьці. Да таго ж яны не «ганяюцца за брэндамі» ў адзеньні. Разам зь імі жыве кот Цімафей. Яму забясьпечваюць добрае харчаваньне і грумэра.

фота 2

Кот Цімафей добра харчуецца і мае грумэра
Кот Цімафей добра харчуецца і мае грумэра

Маці зь дзецьмі могуць сабе дазволіць кожныя выходныя пайсьці ў забаўляльны цэнтар або басэйн. Каб паехаць сям’ёй адпачываць на мора, трэба адкладаць грошы. Яны плянуюць падарожжа ўлетку. На думку суразмоўцы, іхны ўзровень жыцьця вышэйшы за сярэдні.

Натальля адзначае, што ёй больш цяжка маральна, бо ўсе ейныя дочкі расьлі бяз бацькаў. Яна праз гэта адчувае віну, што не трывала і расставалася з партнэрамі.

«Бацькі аддалі грошы, якія адкладалі на пахаваньне»

Беларуска Тацяна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) выехала зь Беларусі праз палітычны перасьлед у кастрычніку 2024 году. Яна прыехала ў Польшчу разам з дачкой падлеткавага ўзросту. Ейны муж разам са старэйшым дзіцем вырашылі застацца на радзіме.

Тацяна расказала, што жыцьцё ў эміграцыі зьмянілася кардынальна, бо за мяжой усё інакш. Няма побач блізкіх людзей, сяброў. Інакш арганізавана жыцьцё, нават праезд у грамадзкім транспарце або зьніжкі ў крамах.

Суразмоўца кажа, што спачатку яны з дачкой жылі ў сваякоў у Польшчы. Потым сталі шукаць уласнае жытло ў арэнду.

«Калі б я была адна, то было б лягчэй з жытлом, я была б больш мабільнай», — прызнаецца Тацяна.

Яна расказала, што хацела зьняць больш танную аднапакаёўку, іх задаволіла б такая плошча кватэры. Але гаспадар сказаў, што гэтая кватэра толькі для аднаго чалавека, што дваім там будзе цесна, і не дазволіў ім там разам жыць. Урэшце жанчыне давялося арэндаваць двухпакаёўку.

Са словаў Тацяны, грошы, якія яна ўзяла з сабой, ужо скончыліся. Афіцыйна працаваць ёй пакуль нельга, а знайсьці неафіцыйныя падпрацоўкі ў яе не атрымліваецца.

«Мае пажылыя бацькі аддалі мне грошы, якія адкладалі на пахаваньне. Сказалі: „Цяпер мы ня будзем паміраць, бо няма за што“. Муж мне таксама нейкія грошы дае, але іх не хапіла б нават блізка», — расказвае суразмоўца.

Маці з дачкой фінансава дапамагаюць таксама іншыя сваякі. Знаёмыя, якія ведаюць пра іхную складаную сытуацыю, таксама дзеляцца рэчамі, адзеньнем, часам грашыма. Яны падалі заявы на міжнародную абарону. Праз тое, што беларуска не жыве ў лягеры для ўцекачоў, Польшча плаціць ёй каля 300 даляраў у месяц. Аднак гэтых грошай хапіла б толькі прыкладна на паўмесяца арэнды жытла.

«Пакуль ёсьць за што жыць. Мы не галадаем», — кажа суразмоўца.

Маці адзначае, што яны не эканомяць на ежы, бо ў дачкі такі ўзрост, калі яна расьце, разьвіваецца. Паводле яе, агародніна, садавіна ў Польшчы недарагія ў параўнаньні зь беларускімі цэнамі.

«Пакуль я даю рады з дапамогай блізкіх людзей, я ня буду зьвяртацца па грашовую дапамогу ў нейкія арганізацыі», — адзначае суразмоўца.

Яна перажывае, што за такі зварот у дабрачынныя фонды беларускія сілавыя структуры могуць перасьледаваць ейную сям’ю, якая застаецца ў Беларусі. Тацяна дадае, што блізкія вінавацяць яе ў тым, што яна нібыта паставіла іх пад пагрозу. Адзначае, што хоць яна сама ў бясьпецы, але задумваецца над кожным сваім крокам, каб не нашкодзіць іншым.

Тацяна расказвае, што за мяжой бяз мужа ёй цяжка фізычна. Яна пачала рабіць рэчы, якіх раней не рабіла. Прыкладам, сама стала насіць цяжкія торбы з прадуктамі з крамаў. Да таго ж на радзіме жыцьцё рабіў лягчэйшым аўтамабіль, а за мяжой яна езьдзіць аўтобусам.

Каб эканоміць грошы, Тацяна стараецца купляць харч на зьніжках. Купляе тавары на акцыях, калі дзьве або тры рэчы разам каштуюць таньней, чым па адной.

Пры пераезьдзе яна адмовілася ад платных паслуг догляду, кшталту, манікюру. Кажа, што ў Беларусі на такія працэдуры прыгажосьці аддавала каля 150 рублёў на месяц. У Польшчы ж усё гэта, зь ейных назіраньняў, прыкладна ўдвая даражэйшае.

«На чым можаш эканоміць, на тым эканоміш», — кажа вымушаная эмігрантка.

Жыць за мяжой разам зь дзіцем для Тацяны, з аднаго боку складана ў некаторых побытавых момантах, а з другога нават лягчэй. Тое, што дачка жыве разам зь ёй, яе падтрымлівае.

«Ня ведаю, як бы я маральна сябе адчувала, калі б мая дзяўчынка, яшчэ ня вельмі вялікая, была б не са мной у такі час. Гэта было б цяжка і для мяне, і для яе», — зазначае маці.

Цяжкім і нязвыклым для Тацяны было тое, што яны сустракалі калядныя і навагоднія сьвяты за мяжой, што яна не магла ў гэтыя дні наведаць бацькоў. Каб больш адчуць еднасьць зь сям’ёй, яна вырашыла прыгатаваць тую ж беларускую традыцыйную страву, што і маці гатавала на сьвяты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG