Вырак жыхару Янава за данаты
Берасьцейскі абласны суд пакараў 44-гадовага жыхара Янава 5,5 года калёніі са штрафам у памеры 50 тысяч базавых велічынь (2,1 млн. рублёў), паведамілі ў Генпракуратуры.
Паводле «Вясны» Берасьцейскі абласны суд 10 студзеня абвясьціў прысуд 44-гадоваму жыхару Янава Аляксандру Дарагакупцу.
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні і данатах, у тым ліку Палку імя Каліноўскага.
У паведамленьні пракуратуры гаворыцца, што яму «інкрымінаваны шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці, уключаючы пералічэньне на банкаўскія рахункі і віртуальныя кашалькі, якія знаходзіліся ў карыстаньні прадстаўнікоў экстрэмісцкіх фармаваньняў, у тым ліку ўзброеных, напрыклад, «Полк Каліноўскага», грашовых сродкаў і крыптавалюты ў суме ня менш за 11 тыс. рублёў».
Абвінавачаньне ўключала некалькі артыкулаў КК (ч.6 арт.16 і ч.3 арт.130, ч.3 арт.361-1, ч.1 арт.ст.361-2, ч.2 арт.361-2, ч.3.2 арт.361-3, ч.1 арт.361-4, ч.2 арт.361-4):
Таксама паведамляецца, што падчас расьсьледаваньня справы абвінавачаны «добраахвотна пералічыў на карысьць ДУ «Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця», ДУ «Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі фізычнага разьвіцьця» і ДУ «Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня» 600 тысяч даляраў ЗША».
Экс-кіраўніка службы авіяцыйнай бясьпекі нацыянальнага аэрапорта абвінавачваюць у распальваньні варожасьці
Былога кіраўніка службы авіяцыйнай бясьпекі і рэжыму нацыянальнага аэрапорта Анатоля Крупіна абвінавачваюць у распальваньні варожасьці (частка 1 артыкула 130 КК), піша выданьне «Наша Ніва».
Судзіць 65-гадовага мужчыну пачнуць 28 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе.
Выданьне адзначае, што Крупін у 1993-2015 гадах працаваў інспэктарам бясьпекі ў аэрапорце «Мінск-2». У 2016 ён згадваўся як кіраўнік службы авіяцыйнай бясьпекі і рэжыма ў нацыянальным аэрапорце «Мінск».
У сацсетках мужчына быў апошні раз у чэрвені 2024 года.
Крупіну пагражае да 5 год калёніі.
Форум