Фота стэнду апублікаваў у сваім Інстаграме комік Слава Камісаранка. 30 сьнежня яго завочна асудзілі да 6 гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў у «паклёпе на Лукашэнку», «абразе Лукашэнкі» і «распальваньні варожасьці». Варта адзначыць, што на стэндзе не ўказаны апошні артыкул адвінавачаньня.
Акрамя Камісаранкі, на стэндзе відаць фота
- сьпевака Сяргея Міхалка, якога абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК),
- беларускіх фатографаў Яўгена Канаплёва і Юліі Лейдзік, якіх абвінавачваюць у «грубым парушэньні грамадзкага парадку» (арт. 342 КК),
- навуковай супрацоўніцы Гарадзкога ўнівэрсытэту Манчэстэра і Віленскага ўнівэрсытэту паліталягіні Тацяны Чуліцкай, якую завочна асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня ў справе «аналітыкаў Ціханоўскай», абвінаваціўшы ў закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і змове з мэтай захопу ўлады (арт. 361 і 357 КК).
Таксама на стэндзе можна ўбачыць і фота іншых беларусаў, якіх абвінавачваюць паводле палітычных артыкулаў. Сярод іх — Дзьмітры Скрыпка, у 2021 годзе асуджаны на 2 гады «хіміі» паводле артыкулу «абраза Лукашэнкі» (паводле апошніх зьвестак праваабаронцаў, знаходзіўся на волі да пачатку адбыцьця пакараньня). Таксама ў вышуку — Максім Пражэнік (былы-баец палка Каліноўскага), Дзьмітры Задораў, Ільля Камкоў, Алег Гаўрылаў і яшчэ адна беларуска (прозьвішча неразборліва), якіх абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («грубае парушэньне грамадзкага парадку»).
10 студзеня праваабаронцы апублікавалі фатаздымкі стэндаў «Іх шукае міліцыя» зь Віцебска. Як вынікае са стэндаў, у горадзе шукаюць праваабаронцаў, журналістаў, былых палітвязьняў. Сярод іншых, на стэндах можна пабачыць:
- былых палітвязьняў Міхаіла Жамчужнага і Ціхана Клюкача,
- галоўнага рэдактара выданьня «Віцебскі кур'ер NEWS» Аляксандра Корнышава,
- кіраўніка ініцыятывы «Хайсы — Віцебскія Курапа» Яна Дзяржаўцава,
- праваабаронцаў Паўла Левінава і Ірыну Трацьцякову,
- журналістку Алену Шабуню,
- актывістку Крысьціну Мірсалімаву.
Таксама на стэндзе фота іншых беларусаў, якіх абвінавачваюць паводле «народнага» палітычнага артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадхкі парадак), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Форум