«Пакінула гэты сьвет мая мама, Сьвятлана Яўсеева. Велізарны талент, бескампрамісны характар, складаны лёс... Апошнім часам была вельмі слабая. Стэлефаноўваліся, пакуль гэта было магчыма. Да апошняга верыла, што мы вернемся і сустрэнемся зь ёй. Не атрымалася...» — напісаў у Фэйсбуку Лявон Вольскі.
Вядома, што пахаваньне Сьвятланы Яўсеевай адбудзецца 10 студзеня.
Сьвятлана Георгіеўна Яўсеева — паэтэса, перакладчыца, празаік. Жонка беларускага пісьменьніка Артура Вольскага і маці музыкі Лявона Вольскага.
Нарадзілася 4 верасьня 1932 году ў Ташкенце ў сям’і вайскоўца. Скончыла Ташкенцкі пэдагагічны інстытут (1956) і Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага (1962). У 1962 годзе выйшла замуж за беларускага пісьменьніка Артура Вольскага і пераехала ў Менск.
Была сябрам Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1962 году, а таксама сябрам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і Саюзу пісьменьнікаў Расеі. Пісала па-расейску.
Першая яе кніга «Женщина под яблоней» выйшла ў 1962 годзе. Таксама яна аўтарка зборнікаў лірычных вершаў «Месяц» (1965), «Зову!» (1974), «Евроазия» (1979), «Последнее прощание» (1983), «Ищу человека» (1988).
Перакладала на расейскую мову вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага і іншых.
Уладзімер Някляеў казаў пра яе: «Сьвятлана Яўсеева, якая прыехала з Масквы ў Менск, даволі хутка стала ня столькі расейскім, колькі беларускім паэтам, які піша на расейскай мове».
«Некалі яна стаяла ў адным шэрагу зь Яўгеніем Еўтушэнкам, Робэртам Раждзественскім, Андрэем Вазьнясенскім, ёй прысьвячалі вершы Міхаіл Сьвятлоў і Давід Самойлаў... На яе зьнізу ўверх з захапленьнем пазіралі Бэла Ахмадуліна і Навела Матвеева, якія звалі яе срэбрагалосай...» — гаворыцца у паведамленьні пра сыход Сьвятланы Яўсеевай на сайце Саюзу пісьменьнікаў Расеі.
Форум