Сьцісла:
- Дадзеныя абедзьвюх крыніц фіксуюць аднолькавыя тэндэнцыі, датычныя зьмены колькасьці палітзьняволеных.
- Вызваленыя летась у выніку памілаваньня палітвязьні — прыкладна пятая частка ўсіх палітзьняволеных, якія летась выйшлі на волю (пераважна пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня).
- Амаль палова палітвязьняў, якія заставаліся за кратамі ў канцы мінулага году, летась за краты і трапілі.
Праваабарончая супольнасьць, у якую ўваходзяць «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт і шэраг іншых арганізацыяў, даюць на гэтае пытаньне адны адказы, праваабарончая арганізацыя Dissidentby, якая не ўваходзіць у супольнасьць, — іншыя.
Паміж імі ўзьнікалі і працягваюць узьнікаць вострыя дыскусіі наконт крытэраў аднясеньня таго ці іншага вязьня да палітычных зьняволеных. У цэлым крытэры праваабарончай супольнасьці больш жорсткія. У прыватнасьці, яна ня лічыць палітвязьнямі тых, хто ўжываў гвалт, нават калі іхныя крымінальныя справы мелі палітычную подбіўку.
Мяркуючы па ўсім, менавіта на дадзеныя праваабарончай супольнасьці спасылаюцца часьцей за ўсё беларускія і замежныя палітыкі і экспэрты. Супольнасьць штомесяц публікуе на сайце «Вясны» падрабязную статыстыку рэпрэсіяў, у тым ліку і колькасьці палітвязьняў.
Тым ня менш варта параўнаць гэтую статыстыку з альтэрнатыўнымі дадзенымі, якія Dissidentby перадаў аўтару гэтых радкоў.
Праваабарончая супольнасьць штомесяц публікуе інфармацыю пра колькасьць палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі на канец адпаведнага месяца. Дадзеныя супольнасьці па кварталах, якія прыводзяцца на графіку, пададзеным ніжэй, — гэта колькасьць палітвязьняў на канец апошняга месяца адпаведнага кварталу.
Дадзеныя Dissidentby зьмяшчаюць паквартальную інфармацыю пра тых палітвязьняў, якія знаходзіліся ў зьняволеньні ў бягучым квартале, плюс тых, хто ў адпаведным квартале вызваліўся. Да іх дададзеныя зьвесткі пра зьняволеных, якіх складана аднесьці да канкрэтнага кварталу з прычыны браку інфармацыі.
Графік 1. Колькасьць палітвязьняў у Беларусі. Праваабарончая супольнасьць і Dissidentby, 2020–2024, па кварталах
Як бачым, колькасьць палітвязьняў паводле Dissidentby за ўвесь пэрыяд назіраньня заўсёды была вышэйшая, чым у праваабарончай супольнасьці, — у некаторыя моманты розьніца складала каля 500 чалавек (увесь 2022 год і першая палова 2023 году). Аднак яна была меншая на пачатку пэрыяду назіраньня, у канцы 2023 году і на працягу мінулага году.
Варта адзначыць, што, нягледзячы на адрозьненьні ў абсалютных лічбах, дынаміка ў абодвух шэрагах практычна ідэнтычная: рэзкі рост з другога кварталу 2020-га па другі квартал 2021-га; яшчэ больш імклівы рост з трэцяга кварталу 2021 году да чацьвёртага кварталу 2022 году; з другога кварталу 2023 году да канца мінулага году — манатоннае зьніжэньне, якое крыху паскорылася з другога кварталу 2024 году.
Абедзьве групы назіральнікаў, нягледзячы на адрозьненьні ў падыходах, фіксуюць ідэнтычныя тэндэнцыі.
Праваабарончая супольнасьць на сайце «Вясны» публікуе штомесячную дынаміку яшчэ двух паказьнікаў: колькасьць новых асобаў, прызнаных палітвязьнямі на працягу месяца, а таксама колькасьць палітвязьняў, вызваленых да адпаведнага месяца з пачатку рэпрэсіяў у 2020 годзе. Апошні паказьнік праваабарончая супольнасьць пачала рэгулярна публікаваць са жніўня 2023 году.
Нескладаныя падлікі дазваляюць вызначыць, колькі палітвязьняў было вызвалена ў кожны месяц. Пры гэтым у дадзеных праваабарончай супольнасьці прыводзяцца зьвесткі пра вызваленьні палітвязьняў на ўсіх падставах — «вызваленыя ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьменай меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі або ў сувязі з памілаваньнем».
Графік 2. Новыя палітвязьні і вызваленыя палітвязьні. Праваабарончая супольнасьць, верасень 2023 – сьнежань 2024, па месяцах
У мінулым годзе адбылося 8 хваляў памілаваньняў палітвязьняў агульнай колькасьцю каля 200 чалавек. Аднак усяго за мінулы год з-за кратаў выйшлі на волю 1037 палітвязьняў, пераважная частка — пасьля адбыцьця прызначанага пакараньня ў выглядзе зьняволеньня.
Паводле праваабарончай супольнасьці, на канец сьнежня 2024 году налічваліся 2432 былыя палітвязьні, якія выйшлі з-за кратаў з пачатку палітычных рэпрэсіяў у 2020 годзе.
Пры гэтым на працягу году праваабарончая супольнасьць прызнала новымі палітвязьнямі 594 чалавекі. Гэта 46% да ліку тых палітычных зьняволеных, якія заставаліся за кратамі ў канцы 2024 году.
Як адзначаюць праваабаронцы, колькасьць палітвязьняў — далёка не адзіны і, можа, нават ня самы адэкватны паказьнік ступені жорсткасьці палітычных рэпрэсіяў. Напрыклад, мінулы год быў адзначаны вялікімі маштабамі адміністрацыйнага перасьледу, рэкордным ростам прызнаньняў інфармацыйных крыніц «экстрэмісцкімі матэрыяламі», распаўсюдам перасьледу на родных палітвязьняў – атрымальнікаў гуманітарнай дапамогі і г. д.
Але колькасьць палітвязьняў — найбольш папулярны і відавочны паказьнік ступені рэпрэсіўнасьці, ён і найбольш зручны для міжкраінавых параўнаньняў.
Летась некаторыя назіральнікі адзначалі, што апошнім часам многія сваякі людзей, асуджаных у крымінальных справах з палітычнай подбіўкай, баяцца паведамляць праваабаронцам аб справах сваіх асуджаных родных. І таму статыстыка колькасьці палітвязьняў можа быць істотна заніжаная.
Аднак дасьледчык рэпрэсіяў, сацыёляг Генадзь Коршунаў адзначае, што такія зьявы былі і раней. Паводле ягонай ацэнкі, гэты фактар (прынамсі пакуль) не скажае кардынальна статыстыку колькасьці палітвязьняў.
Форум