Графік спажываньня электраэнэргіі ў Прыднястроўі зьмянілі, бо ўтварыўся дысбалянс паміж аб’ёмам спажытай і выпрацаванай энэргіі. Новы рэжым электразабесьпячэньня дазволіць давесьці энэргаспажываньне да ўзроўню, які могуць забясьпечыць генэратары, і зьнізіць рызыку пашкоджаньня сетак праз частае выкарыстаньне электраабсталяваньня.
Без электрычнасьці застануцца жыхары гарадоў Тыраспаль, Тыгіна, Рыбніца, Каменка, Дубасары, Грыгарыёпаль і Слабадзея.
Улады Тыраспалю заклікаюць людзей выкарыстоўваць печы, катлы на цьвёрдым і вадкім паліве або купляць электрагенэратары, каб зьнізіць перагрузку сетак.
Левы бераг забясьпечваецца электраэнэргіяй ад МГРЭС, якая працуе на вугальнай аснове, і Дубасарскай ГЭС. Завод у Кучургане мае запасы максымум на 50 дзён.
Пасьля таго, як 1 студзеня «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Прыднястроўе, насельніцтва і прадпрыемствы рэгіёну засталіся без прыроднага газу і цеплаагента, а электрычнасьць падаецца толькі ў пэўны час. Тысячы людзей адправілі ў прымусовы водпуск, а студэнты атрымаюць падоўжаныя вакацыі.
Пастаўкі спыніліся пасьля рашэньня Ўкраіны спыніць транзыт расейскага газу. Украіна вядзе вайну за незалежнасьць ад Расеі, якая пачала вайну праз сваіх баевікоў-сэпаратыстаў на Данбасе ў 2014-м, а ў 2022-м поўнамаштабна напала на ўкраінскую тэрыторыю.
Прэм’ер-міністар Малдовы Дарын Рэчан заявіў, што на пасяджэньні Камісіі ў надзвычайных сытуацыях урад прыняў шэраг захадаў, з дапамогай якіх дзяржава падтрымае жыхароў 14 вёсак у раёнах Дубасары, Анэній-Ной і Каўшэнь. Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца ў зоне бясьпекі і застаюцца зьвязанымі з энэргетычнай інфраструктурай на левым беразе Днястра. Гэта азначае, што яны залежаць ад рашэньняў Тыраспалю, ёсьць у іх энэргія ці не.
«Цяпер мы зробім тое, што трэба было зрабіць яшчэ 30 гадоў таму», — сказаў Рэчан.
У прыватнасьці, у некалькіх вёсках адбудуцца работы для іх падключэньня да прыроднага газу, у шэраг вёсак даставяць электрагенэратары, галоўным чынам каб забясьпечыць працу дзіцячых садкоў, сярэдніх школаў і грамадзкіх цэнтраў.
Прыднястроўе — сэпаратысцкі рэгіён Малдовы, які не кантралюецца Кішынёвам з 1992 году. Расея трымае ў Прыднястроўі каля 1700 вайскоўцаў.
Форум